Вы тут

Галоўныя парады па ваджэнні ў галалёдзіцу і снегапад


Мінулая серада стала для аўтааматараў сапраўдным кашмарам: за адзін дзень толькі ў сталіцы адбылося 196 дарожна-транспартных здарэнняў, а гэта амаль у два разы больш, чым у сярэднім за суткі ў гэтую пару года, тады як усяго па краіне зафіксавана больш за 500 ДТЗ. Складаныя ўмовы надвор'я — галалёд і снегапад — сталі прычынай аварый як для недасведчаных кіроўцаў, так і для спрактыкаваных. Напрыклад, у аварыю недалёка ад станцыі метро «Маскоўская» трапіў мужчына з 25-гадовым аўтастажам, таму ў такой сітуацыі досвед не заўсёды ратуе. Як паводзіць сябе ў падобных умовах за рулём і не стаць ахвярай надвор'я — на гэтыя пытанні адказаў старшы інспектар па асаблівых даручэннях УДАІ МУС Аляксандр БРУЙ.


Дык якім чынам лепш кіраваць аўто на слізкай і заснежанай дарозе? «Калі адбываюцца рэзкія змены надвор'я, многія кіроўцы не могуць адаптавацца, таму што элементарна адвыкаюць ад заснежаных трас, — адзначае старшы інспектар. — Людзі прывыклі да чыстага асфальту і ўстойлівай язды, таму ў такой сітуацыі рэкамендуецца банальна знізіць хуткасць руху. Так, гэта варта зрабіць нават у тым выпадку, калі транспартны паток здольны рухацца з дазволенай хуткасцю. Дарога можа быць слізкай — а што, калі дарожныя службы не паспелі апрацаваць палатно адпаведнымі рэчывамі? Трэба быць максімальна сабраным і ўважлівым, захоўваць дыстанцыю, бо на такой дарозе тармазны шлях павялічваецца ў разы».

Таксама Аляксандр Бруй рэкамендуе цалкам чысціць аўтамабіль ад снегу перад паездкай, а асаблівую ўвагу ўдзяліць шклу. Нават калі вы спазняецеся на работу, лепш патраціць лішнюю хвіліну і прайсціся па ўсёй паверхні шклення, — на жаль, менавіта недастатковая бачнасць становіцца частай прычынай аварый. Акрамя таго, ДАІ рэкамендуе неспрактыкаваным кіроўцам па магчымасці адмовіцца ад кіравання аўто ў такія дні — гэта абыдзецца танней і спакайней.

Калі ваш аўтамабіль на дарозе ўсё ж занесла, магчымасць пазбегнуць ДТЗ існуе, упэўнены старшы інспектар. «Калі ў вас пярэдні прывад, то трэба круціць руль у бок заносу і паступова націскаць на педаль газу — тады машына будзе выраўноўвацца. Калі ў аўто задні прывад, то трэба плаўна тармазіць рухавіком і круціць руль у бок, процілеглы заносу. Што датычыцца машын з поўным прывадам, то ніколі не варта спадзявацца толькі на аўтамабіль, таму што гэта сітуацыя можа здарыцца з кожным», — дадае Аляксандр Бруй.

На жаль, нярэдка з'яўляюцца навіны пра тое, як аўтамабілі глухнуць на аддаленых трасах і не заводзяцца, на вуліцы — моцны мароз і снег, а дапамогі чакаць няма адкуль. Што рабіць у такой сітуацыі? На думку Аляксандра Бруя, падобныя здарэнні трэба папярэджваць загадзя і рабіць усё, каб аўтамабіль не заглух. «Перад любой далёкай паездкай трэба праверыць сваю машыну, каб быць упэўненым у яе спраўнасці, — падкрэслівае Аляксандр. — Калі ўжо такое адбылося, то трэба мець з сабой зараджаны мабільны тэлефон, каб у любы момант выклікаць падмогу — МНС ці міліцыю. Ніхто не пакіне званок без увагі, а супрацоўнікі абавязкова акажуць любую пасільную дапамогу». Ён таксама адзначыў, што па дапамогу прафесійных ведамстваў лепш звяртацца толькі ў сапраўды сур'ёзных сітуацыях, паколькі калі кожны стане выклікаць нарад, то супрацоўнікаў папросту на ўсіх не хопіць.

Што датычыцца тэхнічнай часткі, то кіроўцам варта праверыць стан акумулятара і сістэмы астуджэння, у якой, дарэчы, трэба выкарыстоўваць спецыяльныя вадкасці, а не ваду. Калі ў вас дызельны аўтамабіль, то рэкамендуецца запраўляць спецыяльнае паліва, разлічанае на мінусавыя тэмпературы. Можна таксама ўцяпліць рухавік, каб уздзеянне маразоў адчувалася не ў поўнай меры.

Кожны кіроўца, які зімой адпраўляецца ў далёкую паездку, павінен мець у машыне набор неабходных рэчаў — у першую чаргу буксіровачны трос. Акрамя таго, пажадана мець запас антыфрызу, каб быць гатовым да магчымых праблем у выпадку разгерметызацыі сістэм астуджэння. Кіроўцам варта сачыць за ўзроўнем шклоачышчальнай вадкасці, паколькі пры моцным снезе бачнасць можа стаць крытычнай — асабліва гэта датычыцца загарадных трас з высокім хуткасным абмежаваннем. У дарогу можна прыхапіць прыбор для награвання вады — напрыклад, кіпяцільнік, які працуе ад прыпальвальніка, а можна проста ўзяць тэрмас з гарачай гарбатай.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Не ўпэўнены — не сядай!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».