Вы тут

Моцарт і Бетховен


Моцарт і Бетховен

Размова пойдзе пра музыку. І пра класіцызм, і пра стэрэатыпы. Яны крыху стамляюць мяне на ўзроўні душы маёй чалавечай, шчыра кажучы. Можам пачаць ад першага: дарагія чытачы, падыміце руку, калі, прачытаўшы словы «Моцарт і...», аўтаматычна запоўнілі шматкроп’е прозвішчам «Сальеры». А ці падумалі вы пра недахоп таленту, зайздрасць, атруту? Нічога страшнага, не трэба саромецца. Але, магчыма, хопіць так гнабіць беднага Сальеры? Ён быў на шэсць гадоў старэйшы за Вольфганга Амадэя, а малодшы музыка быў яму насамрэч сімпатычны. Можна сказаць, сябравалі. Сам Сальеры быў дужа таленавіты, і яго высока цанілі як кампазітара, музыку і настаўніка (паслухайце яго, калі захочаце: опера L'Europa riconosciuta вельмі нават неблагая). Адзін з сыноў Моцарта вучыўся ў Антонія Сальеры, вы пра гэта ведалі? У яго ж вучыліся, дарэчы, і такія майстры, як Франц Шуберт, Ферэнц Ліст і той самы Людвіг ван Бетховен, пра якаго я маю намер напісаць сёння, калі мяне не будуць больш адцягваць ад працы.

Вольфганг Амадэй Моцарт — музычны геній. Безумоўна. Паслухайце апошнія яго сімфоніі — мяркую, пераканаецеся. Моцарт быў добрай, маладой душой да канца (трагічна кароткага, але не з-за Сальеры) жыцця. Быў чалавекам меладычнага, легкакрылага сэрца. Гэта ўсё праўда. Казалі пра Вольфганга, ды нават у фільме паказвалі, што ён быў інфантыльны, эмацыйна недаразвіты і не меў глыбокіх думак і пачуццяў, калі адыходзіў ад піяніна. Натуральна, я вам скажу, што гэта зусім няпраўда. Не буду пісаць трыста старонак пра характар вечнага вундэркінда, толькі папрашу, каб пасля сімфоній паслухалі і санату (ля мінор), напісаную ім па страце сваёй маці. Калі ёсць магчымасць, можаце адшукаць лісты, якія ён пісаў любімай сястры Марыі Ганне, што таксама была адоранай піяністкай і таксама сачыняла музыку. Брат і сястра былі вельмі блізкія: у дзяцінстве яны прыдумалі таямнічую мову, зразумелую толькі ім дваім. Скажу нават болей: Вольфганг пачаў вывучаць музыку, бо хацеў стаць падобным да старэйшай сястры.

Добра, што Моцарт такі файны чалавек, і яго немагчыма не любіць, праўда? Вы таксама такім яго бачыце? Цешуся. А якія думкі прыходзяць вам у галаву, калі вы чуеце імя «Людвіг ван Бетховен»? Паспрабуйма разам: стары, суровы дзядзька, складаны характар, непрыемныя паводзіны, крыху вар’ят. І глухі, анягож. А Моцарт такі вясёлы скача па палацы, пакуль Бетховен раздражняецца. Нешта такое? Для пачатку: Бетховен быў нашмат маладзейшы за Моцарта! Клянуся, на цэлыя 14 гадоў. Яны неяк пазнаёміліся. І ўжо агульнавядомы Моцарт адразу заўважыў талент юнага Людвіга: «Памятайце яго імя, пра гэтага хлопца будзе гаварыць увесь свет». Талент Бетховена, трэба сказаць, развіваўся да максімуму, нягледзячы на тое, што ўмовы былі менш чым спрыяльныя. Нарадзіўся ён у праблемнай сям’і, другім з дзевяці дзяцей. Яго бацька быў алкаголікам і часта біў сына ў імкненні зрабіць з яго «другога Моцарта». У яго, на шчасце, гэта не атрымалася, і таму мы маем прыўкраснага, самастойнага, цудоўнага кампазітара. Маці памерла ад сухот, калі Людвіг быў падлеткам. Алкагалізм бацькі паглыбіўся — і той апынуўся ў турме. Малады музыка быў вымушаны прыпыніць сваю адукацыю, каб займацца малодшымі братамі і сёстрамі. Ён, дарэчы, не нарадзіўся глухім. Хварэў і ў свядомым узросце праходзіў праз доўгі, балючы працэс страты слыху. З-за свайго складанага жыцця Бетховен не навучыўся наладжваць блізкі кантакт з іншымі. Ён не быў злым монстрам, не, а проста інтравертам без навыкаў да камунікацыі. Затое якія былі музычныя ўменні! Дарэчы, гісторыя пра тое, як Бетховен, закаханы, напісаў Für Elise гэтай дзяўчыне проста на яе вееры, экспромптам, на вуліцы... Ну, не магу сказаць на сто адсоткаў, але гэта, хутчэй за ўсё, няпраўда. Па-першае, кампазітар не быў прыхільнікам вялікіх рамантычных жэстаў, і я ўжо казала, чаму. Па-другое, экспромпт ён таксама не дужа любіў. Бетховен пакутаваў сваёй музыкай: пісаў яе так, як жыў. Калі зазірнуць у яго рукапісы, можна ўбачыць, як часта ён перапісваў кожны маленькі фрагмент, як старанна выбіраў ноты; можна амаль адчуць і перфекцыянізм, і адчай. Калі для Моцарта музыка была фантастычнай забавай, Бетховен жыў і граў у пастаянным адчаі.

Людвіг ван Бетховен — таксама музычны геній. Але з іншых прычын, чым Вольфганг Амадэй Моцарт. Зараз паспрабую патлумачыць, чаму. Моцарт быў геніем, бо да яго музыка была квадратам, а ён ператварыў яе ў ідэальную акружнасць. У кампазіцыях Моцарта ноты плылі, як чыстая вада. Ён дакладна ведаў форму, разумеў правілы і ў рамках гэтых правіл рабіў нечаканае, немагчымае, дасканалае. Бетховен, з іншага боку, упершыню ў свеце пачаў маляваць па-за гэтай акружнасцю. Меланхалічны, замкнуты ў сабе Людвіг ван Бетховен быў апошнім класікам, першым рамантыкам і адным з самых дзіўных наватараў у гісторыі музыкі.

Затое (альбо, дакладней, таму) венская арыстакратыя не любіла творы Бетховена. Гаварылі, напрыклад, што ён не мае таленту да пісання мелодый. І  што яго музычныя фразы недасканалыя, а гармоніі дзіўнаватыя, «не па-нашаму». Пагаджуся, што публіку гэтую можна было зразумець. Падумаў арыстакрат, маўляў, зайду на канцэрт гэтага Бетховена, паслухаю прыгожыя творыкі, падпяю, забудуся на праблемы. А тут такія цяжкія, вялікія акорды рвуць яму душу! Ну не, так не пойдзе, гэта не норма. Людвік ван Бетховен памёр бедным, забытым, непатрэбным. Ніколі не быў жанатым, дзяцей не меў. Затое яго музыка вечная, бо ў ёй хаваецца ўвесь боль і ўся прыгажосць, якія месцяцца ў чалавечым сэрцы.

А ведаеце, талент быў неверагодны! Бетховен мог выбраць тры ці чатыры (!) ноты, любыя, і пабудаваць на аснове іх вялікую сімфонію (пятую паслухайце!). Бетховен аддаўся той жарсці, якой яму не хапала ў жыцці, перасягнуў класіцызм і нават прыдумаў... джаз. Я сур’ёзна, і раю вам санату № 32, калі не верыце мне на слова. Ён не баяўся сваіх пачуццяў, як і не баяўся «распранаць» душу перад публікай, якая далёка не заўсёды яго падтрымлівала, нават прытым, што сам ужо не чуў сваю музыку. Адчуваў вібрацыі ў паветры і на падлозе, і спадзяваўся, і верыў, што ўсё будзе добра.

Я хачу і вам сказаць: не бойцеся. Тварыце, як сэрца прагне, грайце, пішыце, танцуйце, як быццам вы ў самоце і робіце гэта для сябе, і ніколі (ні-ко-лі!) не здавайцеся. Закончу свой сённяшні тэкст на гэтай аптымістычнай (так-так, будзе гульня слоў, прабачаюся загадзя перад вамі) ноце.

Анхела Эспіноса Руіз

 

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.