21 Верасень, пятніца

Вы тут

Эмілія Каламіец стала вучоным года НАН Беларусі - 2017


Званне "Вучоны года НАН Беларусі - 2017" прысвоена генеральнаму дырэктару ДНВА "Хімічны сінтэз і біятэхналогіі" - дырэктару Інстытута мікрабіялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Эміліі Каламіец. Такое рашэнне прыняло бюро Прэзідыума НАН, паведамілі ў прэс-службе Нацыянальнай акадэміі навук.


Фота: nasb.gov.by

Эмілія Іванаўна Каламіец - вядомы вучоны ў галіне мікрабіялогіі і біятэхналогіі, член-карэспандэнт НАН, доктар біялагічных навук, заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь. Менавіта яна сфарміравала і актыўна развівае айчынную навуковую школу па вывучэнні бягенезу біялагічна актыўных злучэнняў з антымікробным дзеяннем і стварэнні біялагічных сродкаў абароны раслін і жывёл. Важнымі вынікамі навуковай дзейнасці Эміліі Каламіец з'явіліся стварэнне калекцыі прамыслова каштоўных мікраарганізмаў, перспектыўных для распрацоўкі біяпестыцыдаў, біядэзінфектантаў, прабіётыкаў, кармавых дабавак, распрацоўка арыгінальных тэхналогій стварэння біяпрэпаратаў з фітаабароннай, дэзінфікуючай, рост- і імунастымулюючай актыўнасцей.

Эмілія Каламіец выступіла ініцыятарам і распрацоўшчыкам шэрагу праграм рэспубліканскага і міждзяржаўнага значэння ў сферы біятэхналогіі, з'яўляецца членам Савета заснавальнікаў Еўразійскай тэхналагічнай платформы "ЕўразіяБія", Савета Федэрацыі еўрапейскіх мікрабіялагічных таварыстваў, віцэ-прэзідэнтам Усходнепалеарктычнай рэгіянальнай секцыі Міжнароднай арганізацыі па біялагічным кантролі. Яна ажыццяўляе навуковае кіраўніцтва падпраграмы "Мікробныя біятэхналогіі" дзяржпраграмы навуковых даследаванняў "Біятэхналогіі", дзяржаўнай навукова-тэхнічнай праграмы "Прамысловыя бія- і нанатэхналогіі - 2020", падпраграмы 1 "Інавацыйныя біятэхналогіі - 2020" дзяржпраграмы "Навукаёмістыя тэхналогіі і тэхніка". Пры яе непасрэдным удзеле распрацаваны канцэпцыя развіцця фармацэўтычнай і біятэхналагічнай прамысловасці Беларусі на 2011-2015 гады і на перыяд да 2020 года і план развіцця біятэхналагічнай галіны на 2012-2015 гады і на перыяд да 2020 года, ажыццяўляецца маніторынг іх рэалізацыі.

Па ініцыятыве Эміліі Каламіец на базе Інстытута мікрабіялогіі НАН створаны цэнтр аналітычных і генна-інжынерных даследаванняў, доследна-прамысловая вытворчасць мікробных прэпаратаў, лабараторна-эксперыментальны ўчастак па вылучэнні і ачыстцы лактаферыну, тэхналагічная лінія па вытворчасці ферментаў для біясінтэзу лекавых субстанцый і атрымання дыягностыкумаў, завяршаецца будаўніцтва навукова-вытворчага цэнтра біятэхналогій па выпуску сухіх формаў біяпрэпаратаў з высокім экспартным патэнцыялам. Гэта забяспечыла комплекснасць дзеючых даследаванняў і распрацовак, дзякуючы чаму інстытут занесены на Рэспубліканскую дошку Гонару за дасягненне найлепшых паказчыкаў у сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця сярод навуковых арганізацый у 2006, 2015, 2016 гадах, на Дошку гонару НАН Беларусі - па выніках дзейнасці ў 2012, 2015, 2016 гадах.

Эмілія Каламіец - аўтар больш за 460 навуковых прац, у тым ліку чатырох манаграфій, 357 артыкулаў, 22 патэнтаў на вынаходніцтвы. Усе выкананыя пад яе кіраўніцтвам і пры непасрэдным удзеле навукова-тэхнічныя распрацоўкі паспяхова ўкаранёны ў вытворчасць і запатрабаваныя не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі.

З 2018 года званне "Вучоны года Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі" будзе прысуджацца штогод напярэдадні Дня беларускай навукі. Мэта конкурсу на прысуджэнне гэтага звання - выяўленне і заахвочванне найбольш эфектыўна працуючых вучоных Акадэміі навук, азнаямленне навуковай грамадскасці з найбольш значнымі дасягненнямі вучоных, умацаванне іміджу НАН. Мяркуецца, што гэты конкурс будзе стымуляваць творчую актыўнасць, спрыяць павышэнню прэстыжу навукова-даследчай і інавацыйнай дзейнасці, выніковасці навуковай працы і інавацыйнай дзейнасці, развіццю навуковых школ, якія дзейнічаюць у НАН.

БЕЛТА

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чаму ў Беларусі варта аптымізаваць колькасць сельсаветаў

Чаму ў Беларусі варта аптымізаваць колькасць сельсаветаў

І павышаць эфектыўнасць работы мясцовых органаў улады.

Грамадства

Якіх педагогаў  хочуць бачыць дзеці ў аб'яднаннях па інтарэсах?

Якіх педагогаў хочуць бачыць дзеці ў аб'яднаннях па інтарэсах?

​Для сістэмы дадатковай адукацыі ўласцівы адкладзены ў часе эфект.

Грамадства

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Толькі Ньютан і толькі хардкор!