Вы тут

Выданне новага збору твораў Янкі Брыля пачнецца сёлета


Пра гэта паведаміў дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесь Бадак, падкрэсліўшы: «Зборы твораў — золатавалютны рэзерв нашай літаратуры». І сапраўды, для найбуйнейшага айчыннага выдавецтва падрыхтоўка збораў твораў пісьменнікаў-класікаў ХХ стагоддзя — адзін з галоўных і адметных кірункаў у працы: цяпер ажыццяўляюцца выданні Уладзіміра Караткевіча, Івана Навуменкі, Янкі Брыля.


Гэты кірунак падмацаваны і чытацкай цікавасцю: людзі, якія сочаць за выданнямі збораў, яшчэ да выхаду чарговага тома пісьменніка цікавяцца, калі чакаць выхаду чарговага.

— Лепшага помніка пісьменніку, чым збор твораў, няма, — адзначыў галоўны навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Сцяпан Лаўшук, які рупіўся аб захаванні памяці пра свайго земляка Івана Навуменку.

Выданне збору твораў народнага пісьменніка Беларусі Івана Навуменкі пачалі летам 2008 года. Звярнуліся да сям'і пісьменніка, дзе захоўваўся архіў.

— Увесь свой архіў мой бацька неабачліва звёз у гараж Акадэміі навук, дзе ён захоўваўся ў не лепшых умовах і адсырэў. Архіў аператыўна за свой кошт адрэстаўраваў мой брат Павел, — растлумачыла старэйшая дачка пісьменніка Валерыя. — Бацька быў сціплы чалавек, хоць і вельмі відны, таму што высокі. Але найлепшы помнік чалавеку, на мой погляд, — яго дзеці. Мы ў спадчыну ад бацькі ўзялі беларускую мову, іншай мовы ў нашай сям'і доўга не было.

Нядаўна завершана праца над выданнем апошняга, 10-га, тома збору твораў Івана Навуменкі, у які ўвайшлі вершы, драматургічныя творы, пісьмы, інтэрв'ю, выступленні, літаратуразнаўчыя артыкулы.

Вялікай чытацкай увагай адзначаны і выхад кожнай новай кнігі з 25-томнага выдання Уладзіміра Караткевіча: ужо ўбачыў свет 16-ы том збору аднаго з самых папулярных пісьменнікаў Беларусі.

— У гэты том увайшлі сцэнарыі дакументальных і мастацкіх фільмаў, лібрэта, створаныя Караткевічам, — распавёў кандыдат філалагічных навук дацэнт кафедры гісторыі беларускай літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Анатоль Верабей. — Збор твораў у 25 тамах асаблівае выданне: акадэмічнага тыпу, але разлічанае на масавага чытача. У аснову выдання пакладзены жанрава-храналагічны прынцып. У яго ўключаны творы, якія пры жыцці пісьменніка не друкаваліся, пераклады. Твору, які вядомы як раман «Нельга забыць», вярнулі першасную назву «Леаніды не вернуцца да зямлі». Для публікацыі рамана «Каласы пад сярпом тваім» за аснову ўзялі тэкст машынапісу з аўтарскімі праўкамі. У зборы твораў выкарыстоўваюцца матэрыялы з прыватных архіваў, якія захоўваюць сябры Караткевіча з розных краін. Адзін з тамоў будзе прысвечаны малюнкам Уладзіміра Караткевіча. Адметнае выданне і тым, што ў дадатак да кніг рыхтуюцца два кампакт-дыскі: вершы і песні ў выкананні самога Караткевіча (у яго былі цудоўныя слых і голас) і яго выступленні па радыё.

Сёлета выдавецтва распачынае яшчэ адзін вялікі праект — збор твораў Янкі Брыля. Пры жыцці народнага пісьменніка Беларусі выйшлі тры зборы твораў, у падрыхтоўцы якіх ён удзельнічаў сам. Але яны не былі навукова каментаванымі выданнямі ў адрозненне ад таго, што пачнецца цяпер згодна з апошняй воляй творцы.

— Янка Брыль пакінуў літаратурнае завяшчанне, што наогул унікальная з'ява ў сусветнай літаратуры, — адзначыла загадчыца аддзела выданняў і тэксталогіі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Алена Васілевіч. — Яно будзе змешчана ў першым томе і пакажа, што ўсю канцэпцыю свайго збору твораў Янка Брыль прадумаў сам, што прасіў друкаваць ці не друкаваць некаторыя творы.

Першыя дзве кнігі з 10-томнага выдання пабачаць свет ужо ў 2018 годзе.

Усе гэтыя выданні максімальна поўна змяшчаюць творчую спадчыну пісьменнікаў. Але на думку кіраўніцтва выдавецтва «Мастацкая літаратура», яны яшчэ фіксуюць багацце беларускай мовы, уводзяць у яе свет і з'яўляюцца выдатнай моўнай крыніцай для нашых сучаснікаў. Ці зразумеем, якая цудоўная мова Навуменкі, Караткевіча і Брыля?

Ларыса ЦІМОШЫК

Загаловак у газеце: Тры з'явы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».