24 Люты, субота

Вы тут

Знайсці працу дапаможа служба занятасці насельніцтва


На адным з прыёмаў грамадзян раённага ўзроўню бачыла неяк 30-гадовага дзецюка, якога ў кабінет да чыноўніка прыцягнула за руку маці. Яна патрабавала, каб мясцовыя ўлады далі «дзіцяці», якое не мела адукацыі і кваліфікацыі, працу з дастойным заробкам. Пры гэтым выстаўляла яшчэ і пэўныя ўмовы: каб сынок прыходзіў на работу не раней за 9 гадзін, каб працаваў зусім побач з іх домам і каб «хлопчык» не нёс матэрыяльнай адказнасці. Кажуць, жанчына і дагэтуль абівае парогі высокіх кабінетаў, бо ўсе вакансіі, якія прапанавалі сыну, яе так і не задаволілі.


Кожны работадавец, безумоўна, выбірае з прэтэндэнтаў найлепшых: тых, хто мае высокую кваліфікацыю, гатовы вучыцца і перавучвацца, хто не будзе ленавацца праехаць да работы некалькі кіламетраў. Канкурэнцыя, што існуе на рынку працы, выціскае занадта пераборлівых і тых, чыя высокая самаацэнка не супадае з прапановамі. Той, хто сапраўды хоча працаваць і зарабляць грошы, заўсёды знойдзе такую магчымасць, — упэўнены намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гомельскага аблвыканкама Аляксандр Семіёнаў:

— Сёння самыя запатрабаваныя на рынку працы — медработнікі, швачкі і прадстаўнікі некаторых будаўнічых спецыяльнасцяў: муляры, бетоншчыкі. У сельскай гаспадарцы па-ранейшаму не хапае механізатараў і аператараў машыннага даення, а таксама аграномаў і ветэрынараў. А вось адкрытых вакансій вартаўнікоў, вахцёраў і прыбіральшчыц няма. На іх — чарга з прэтэндэнтаў. Разам з тым, летась больш за дзве тысячы жыхароў Гомельшчыны асвойвалі прафесіі, якія запатрабаваныя на рынку працы. Дарэчы, гэта на 6 % больш, чым у 2016 годзе. Калі чалавек рэальна хоча знайсці работу, ён пры неабходнасці набудзе новую спецыяльнасць, адаптуецца і будзе працаваць.

Хойніцкі, Брагінскі і Жлобінскі раёны на Гомельшчыне афіцыйна адносяцца да тых, дзе адзначаецца самы высокі ўзровень беспрацоўя — 0,8 %. Але ж паглядзім фактычна, колькі людзей тут шукае працу. Па гэтых раёнах адпаведна: 64, 41 і 398 чалавек.

Між тым працоўныя месцы там ёсць. У Хойніцкім раёне іх 122, Брагінскім — 88, а Жлобінскім — 720. Большасць — у сферы сельскай гаспадаркі. Дарэчы, магчыма, у той момант, калі вы чытаеце гэты артыкул, лічбы ўжо змяніліся і яшчэ нехта пагадзіўся на работу, якую прапануюць службы занятасці.

Шмат новых працоўных месцаў з'явілася летась за кошт уведзеных гандлёвых аб'ектаў. Буйныя сеткі практычна ва ўсіх райцэнтрах адкрылі свае крамы, а значыць, далі работу мясцовым жыхарам. Дарэчы, толькі адзін уведзены летась у абласным цэнтры аб'ект — гэта 900 працоўных месцаў!

Каб інфармацыя пра наяўнасць працоўных месцаў з'явілася ў адкрытым доступе, за апошнія два гады было зроблена вельмі шмат. А вось да 2015 года звычайнай лічылася сітуацыя, калі кадравыя службы прадпрыемстваў і арганізацый з розных прычын «хавалі» наяўнасць вакансій не толькі ад беспрацоўных, але і ад правяраючых.

— У 2015 годзе сітуацыя на рынку працы Гомельшчыны была іншая, — успамінае Аляксандр Мікалаевіч. — На 7,5 тысячы беспрацоўных мы мелі ўсяго 3,2—4 тысячы вакансій. Такім чынам на двух беспрацоўных была толькі адна вакансія. Мы правялі шмат сустрэч з кіраўнікамі раённых выканаўчых камітэтаў, буйных, сярэдніх і невялікіх прадпрыемстваў, у тым ліку прыватных, у якіх занята не больш за пяць чалавек. Мы прасілі, каб тыя вакансіі, якія ў іх ёсць, не выкарыстоўваліся цішком. Каб яны знаходзіліся ў адкрытым доступе, у дзяржаўнай службе занятасці. Штотыднёва маніторылі сітуацыю, і яна паступова змянілася. У пачатку 2017 года мы мелі ўжо каля 6700 вакансій. А беспрацоўных стала на той час прыкладна 7000. Сёння, на 1 студзеня 2018 года, у нас сярэдні ўзровень беспрацоўя складае 0,7 %. Напружанасць на рынку працы — 0,5. Гэта азначае, што на 8700 вакансій могуць прэтэндаваць 4300 беспрацоўных. Такім чынам, сітуацыя на рынку працы летась характарызавалася значным павелічэннем колькасці вакансій і памяншэннем колькасці беспрацоўных.

Грамадскія работы, другасная занятасць, маладзёжная практыка, субсідыі на развіццё сваёй справы... Гэта таксама меры па садзейнічанні занятасці людзей, якія сёння актыўна выкарыстоўваюцца.

— Чалавеку, які шукае работу, патрэбна нейкая крыніца існавання. Для гэтага арганізуюцца часовыя работы, на якія беспрацоўны можа быць прыцягнуты на тэрмін да двух месяцаў. Значыць, ён і яго сям'я не застануцца галодныя. У нас летась на такіх работах было задзейнічана амаль 12 тысяч чалавек. На ўмовах часовай занятасці змаглі папрацаваць амаль 5,8 тысячы маладых людзей. Яны займаліся добраўпарадкаваннем тэрыторый, вырабам і рамонтам мэблі, абнаўленнем кніг у школьных бібліятэках, вырошчваннем сельгаспрадукцыі, кветак і г. д. На працоўную адаптацыю ў арганізацыі і на прадпрыемствы рэгіёна накіраваны 60 інвалідаў.

Дапамагае і пастаянная работа па прыцягненні інвестыцый, якая праводзіцца ў вобласці. Шмат прадпрыемстваў мадэрнізуецца, а значыць, ім патрабуюцца кадры. Калі ў 2016 годзе было атрымана заданне па стварэнні 3600 працоўных месцаў, то летась неабходна было стварыць 6760. (Такая ж лічба засталася і на гэты год.) У цэлым жа на свабодныя працоўныя месцы ў Гомельскай вобласці ўладкавалася больш за 30 тысяч грамадзян — менавіта праз афіцыйную службу занятасці. Пры тым, што звярнулася туды каля 43 тысяч чалавек.

Людзям, якія хочуць заняцца арганізацыяй сваёй справы, выдзяляецца субсідыя. Служба занятасці выдзеліць сродкі ў памеры ад 11 да 15 бюджэтаў пражытачнага мінімуму (прыкладна каля $1000 таму, хто хоча заняцца дробным бізнесам). Чалавек атрымлівае мінімальны капітал, арганізоўвае сваю справу, а потым і іншым стварае працоўныя месцы. Летась такую фінансавую дапамогу атрымалі 386 чалавек. Плануецца, што прыкладна столькі ж беспрацоўных жыхароў вобласці атрымаюць бясплатную фінансавую дапамогу на адкрыццё сваёй справы і сёлета.

Папулярнасцю карыстаюцца такія віды дзейнасці, як аддзелачныя работы, груза- і пасажыраперавозкі, цырульніцкія паслугі, рамонт і пашыў адзення. Сёлета з'явіліся новыя: бухгалтарскі ўлік, кансультаванне па падаткаабкладанні, вытворчасць мэблі, драўляных будаўнічых канструкцый і сталярных вырабаў, дзённы догляд за дзецьмі. Фінансавую падтрымку таксама можна атрымаць на стварэнне сялянскай (фермерскай) гаспадаркі, прыватнага ўнітарнага прадпрыемства, арганізацыю рамесніцкай дзейнасці, развіццё аграэкатурызму.

Адна з новых формаў садзейнічання занятасці насельніцтва — правядзенне прафарыентацыйных заняткаў сумесна з інспекцыяй па падатках і зборах Гомельскай вобласці. Спецыялісты інспекцыі ў тым ліку тлумачаць нормы Указа № 337 «Пра рэгуляванне дзейнасці фізічных асоб», які пашырае пералік відаў дзейнасці, дзе не трэба рэгістравацца ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка. Акрамя таго, даюць парады па выбары аптымальнага алгарытму вядзення ўласнай справы.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Ёсць жаданне — будзе праца

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Надзея для Вары

Надзея для Вары

Калi хварэюць блiзкiя, гэта заўсёды гора, але няма гора большага, чым калi хварэюць дзецi. 

Грамадства

Андрэй Раўкоў: Я не марыў быць генералам

Андрэй Раўкоў: Я не марыў быць генералам

Мiнiстр абароны — пра складаны шлях да генеральскiх пагонаў, перспектывы развiцця беларускай армii i мiрнае неба над галавой.