Вы тут

Беларусы скарылі «Дакар-2018»


Каманда «МАЗ-СПОРТаўта» паспяхова прайшла скрозь прастору і бездарожжа Паўднёвай Амерыкі. Беларусы сваёй стараннасцю зрабілі юбілейны «Дакар-2018» па-сапраўднаму святочным. Экіпаж 512-й машыны заняў другое месца і вязе дахаты «срэбнага бедуіна». Як адзначаюць гоншчыкі, барацьба была жорсткая, а 40-градусная спякота, якая падагравала атмасферу гонкі на выжыванне, і зусім рабіла яе падобнай на пекла. Нагадаем, як гэта было.


Больш за 4500 кіламетраў хуткасных участкаў і больш за 9000 кіламетраў дарог за спінай удзельнікаў юбілейнай 40-й гонкі. З 44 грузавікоў, якія стартавалі ў Ліме, да фінішу дабраліся толькі 24 экіпажы. Па словах пілота «МАЗ-СПОРТаўта» экіпажа № 503 Аляксандра Васілеўскага, гэта быў сапраўды суровы «Дакар». Цяжкі, але прыцягальны — якім ён і павінен быць. «Сёлета «Дакар» паказаў, што ён няпросты для ўсіх. З 2012 года не было такіх сур'ёзных пяскоў, каньёнаў, небяспечных, камяністых трас», — дадаў Аляксандр Васілеўскі.

Заключныя кіламетры ўдзельнікі праходзілі ў Аргенціне. Спецучастак пад нумарам 12 стаў самым працяглым і склаў 522 км. Сёлета спецучасткі тут не давалі магчымасці разагнаць машыны. Добрыя дарогі, якімі былі рэчышчы рэк, вельмі хутка змяніліся зонамі з дробным пяском, падобным на мучны пыл, які называюць «фэш-фэш». Экіпажы каманды «МАЗ-СПОРТаўта» прытрымліваліся сваёй тактыкі і метадычна ішлі да вызначанай мэты. Пілот 512-га экіпажа Сяргей Вязовіч скончыў дзень на сёмай пазіцыі, а пілот 518-га Аляксей Вішнеўскі і 503-га Аляксандр Васілеўскі на дзясятай і адзінаццатай адпаведна.

Па словах Сяргея Вязовіча, члены экіпажа ехалі ў сваім тэмпе, нікуды не гналі. Гоншчыкі дазволілі сабе гэта, бо ведалі, што іх пазіцыі ў спісе нічога не пагражала. «За кіламетраў 80 да фінішу мы сустрэлі Федэрыка Вілагру, які рамантаваўся. Нас абагнаў Марцін Каломы, і ў звязцы з ім мы даехалі да фінішу першай часткі спецучастка», — расказаў Сяргей Вязовіч. Аднак другі адрэзак спецучастка негатыўна паўплываў на падвеску «МАЗа». Апошнія 100 кіламетраў беларусаў мучыла звілістая дарога. Хуткасць прыйшлося скінуць значна. Пасля 12 этапаў Сяргей Вязовіч умацаваў сваю пазіцыю на трэцім месцы генеральнай класіфікацыі заліку грузавікоў.

Матывацыю да перамогі на трынаццатым спецучастку ралі-марафону ў Кордаве ўзмацняла выбыванне з барацьбы Федэрыка Вілагры з яго экіпажам «Іvесо». Дзякуючы гэтаму экіпаж «КАМАЗ-майстар» Эдуарда Нікалаева перамясціўся на першую пазіцыю, а Сяргея Вязовіча — на другую. Замыкаў тройку лідараў Айрат Мардзееў на «КАМАЗе». Як вынік, каманда «МАЗ-СПОРТаўта» змагла прайсці гонку ў поўным складзе і заняць другое месца. Гэта першая вялікая перамога беларусаў. «На заключным спецучастку мы вельмі перажывалі. Ведалі выпадкі, калі і на апошніх кіламетрах дыстанцыі сходзяць аўтамабілі, таму пакуль лінію фінішу не перасеклі, не маглі расслабіцца. Напружанне проста перапаўняла. Але цяпер мы бязмерна шчаслівыя! Гэта самы складаны «Дакар» з тых, якія я памятаю. Больш за 10 наймацнейшых экіпажаў свету біліся толькі за подыум. Дабрацца да фінішу ўдалося не ўсім. Мы змаглі выстаяць у гэтай бітве і трапіць на п'едэстал», — падвёў вынік Сяргей Вязовіч.

У планах каманды «МАЗ-СПОРТаўта» ўжо адзначаны марафон «Шаўковы шлях — 2018», а ў ліпені — зборка новага аўтамабіля для новых спаборніцтваў.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Адным з першых у вобласцi пачалi рэстаўрыраваць велiчны палац Сапег у Ружанах.

Грамадства

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Наша краiна займае трэцяе месца ў сваiм рэгiёне па колькасцi бескантактавых транзакцый.

Грамадства

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Неспадзяваныя падарожжы. Як не згубiцца ў лесе?

Цёплае i вiльготнае надвор'е, якое вось ужо чацвёрты тыдзень з невялiкiмi перапынкамi пануе ў Беларусi, штурхае да таго, каб пайсцi ў лес.