Вы тут

Заснаваны літаратурны конкурс у памяць пра Чынгіза Айтматава


Пісьменніку, чыё імя вядомае шырока ў свеце, сёлета споўнілася б 90 гадоў. Ён адлюстроўваў сваю радзіму Кыргызстан, у аснове яго выдатных твораў — нацыянальны характар кыргызаў — людзей стэпу. Майстар мастацкага слова здолеў зрабіць надзвычай прыцягальнымі старонкі сваіх шматлікіх аповесцей і раманаў, якія з захапленнем чытаюць і цяпер, у тым ліку ў нашай краіне.


Па звестках Нацыянальнай кніжнай палаты Рэспублікі Беларусь, у нашай краіне пабачыла свет 10 выданняў твораў гэтага пісьменніка. Іх агульны наклад склаў 334,8 тысячы экзэмпляраў, у тым ліку выйшлі 4 выданні ў перакладзе на беларускую мову накладам 35,8 тысячы экзэмпляраў. Самым папулярным аказаўся раман «Плаха», ён быў надрукаваны ў тым ліку і шрыфтом Брайля.

Чынгіз Айтматаў меў цесную сувязь з Беларуссю. Сябраваў і ліставаўся з народным пісьменнікам Беларусі Васілём Быкавым. Глыбіню яго творчасці Айтматаў адчуваў вельмі тонка: «Ваенная проза Васіля Быкава — адзін з лепшых празаічных набыткаў беларускай літаратуры. Лёс збярог нам Васіля Быкава, каб ён пісаў ад імя цэлага пакалення тых, хто ў юнацтве зведаў вайну і ўзмацніўся духам са зброяй у руках».

Цёплае стаўленне Айтматава да Беларусі можна адчуць нават па такой маленькай дэталі ў рамане «І больш за стагоддзе доўжыцца дзень»: «Яго Каранар усё гэтак жа ішоў у галаве размашыстым нястомным ходам, следам паспявалі па цаліне трактар з прычэпам, у якім поруч з нябожчыкам Казангапам самотна і цярпліва сядзеў яго зяць, муж Айзады, і за імі — экскаватар “Беларусь”...»

Саюз пісьменнікаў Беларусі сумесна з Пасольствам Кыргызскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь з 1 студзеня 2018 года аб’вясцілі літаратурны конкурс «З марай пра белы параход». Ідэю правядзення конкурсу падтрымалі ў Літаратурным інстытуце імя М. Горкага ў Маскве, дзе вучыўся Чынгіз Айтматаў. Літаратурная спадчына Чынгіза Айтматава вартая таго, каб да яе звяртацца зноў і зноў. Айтматаў і сёння вучыць нас сябраваць, дапамагае народам больш глыбока разумець адзін аднаго.

Алена СТЭЛЬМАХ, першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі


Фармат — сяброўства

Узяць удзел у літаратурным конкурсе «З марай пра белы параход» могуць усе, хто захоплены творчасцю Чынгіза Айтматава, незалежна ад узросту і геаграфіі. Жанравая палітра твораў таксама неабмежаваная: да разгляду прымаюцца аповеды, эсэ, нарысы, лірычныя замалёўкі, звязаныя з творчасцю Чынгіза Айтматава, яго навацыямі ў літаратуры, датычна паэтычнага стылю, рамантызму, філасофскага асэнсавання рэчаіснасці, цікавасці да фальклорных сюжэтаў.

Творы прымаюцца на конкурс да 30 чэрвеня: рукапісы, якія не былі надрукаваныя дагэтуль, аб’ёмам не больш за 5 друкаваных старонак (фармат А4, 14 памер шрыфту Times New Roman). Дасылаць работы можна ў Саюз пісьменнікаў Беларусі (г. Мінск, вул. Фрунзэ, 5) з пазнакай «На конкурс «З марай пра белы параход» або на электронны адрас: oo-spb@tut.by.

 У лісце павінны быць і звесткі пра аўтара (прозвішча і імя, дата нараджэння, месца працы ці навучання, адрас, кантактны тэлефон ці пошта). Творы, дасланыя на конкурс, будзе ацэньваць журы, у складзе якога — прадстаўнікі Пасольства Кыргызстана і вядомыя пісьменнікі. Па выніках конкурсу, якія абвесцяць ў ліпені — жніўні, пераможцам уручаць узнагароды, лепшыя творы размесцяць на сайце Саюза пісьменнікаў Беларусі, у літаратурных выданнях Беларусі і Кыргызстана, а таксама ўключаць у зборнік.

«З марай пра белы параход» — гэта конкурс, які не толькі прапагандуе творчасць Чынгіза Айтматава, але і спрыяе захаванню і развіццю культурных каштоўнасцяў сяброўскіх народаў, паразуменню нацый і адкрыццю новых талентаў.

Загаловак у газеце: "З марай пра белы параход"

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.