Вы тут

Выспы біяграфіі + мастацтва ў новай кнізе Франца Сіўко


У зборніку эсэ Франца Сіўко «Штрыхкоды» («Галіяфы», 2017), нягледзячы на разнастайнасць згаданых тэм і праблем, усё-ткі можна вызначыць, так бы мовіць, трох чарапах: радзіма (ва ўсіх сэнсавых нюансах), беларуская рэчаіснасць і літаратура. Радзіма для пісьменніка не абстрактнае паняцце, якому можна ўсё жыццё прызнавацца ў любові, але так і не сказаць нічога канкрэтнага. Гэта і віцебскае мястэчка, дзе пабачыў свет, і маці, якая заўчасна пайшла з жыцця, і асаблівасці мясцовай гаворкі, і Віцебск, і беларуская літаратурная спадчына, і нашыя культурныя традыцыі (якія не заўсёды асэнсоўваюцца выключна ў замілавана-ружовым святле). Сучаснасць у розных праявах — сацыяльна-палітычнай, акадэмічна-ўніверсітэцкай, светапогляднай, літаратурнай, сталіцацэнтрычнай — на кожнай старонцы. Яна і ёсць натхняльніцай зборніка. Ну, а беларуская літаратура для сучаснага беларускага пісьменніка ўжо сама па сабе — тэма для рэфлексіі. Але апошнімі гадамі такіх рэфлексій становіцца ўсё болей і болей з абсалютна відавочных прычын: літаратура ходзіць вузкімі кругамі не такой ужо шырокай аўдыторыі, якая ў пераважнай большасці акурат і складаецца з людзей, так ці іначай датычных да прыгожага пісьменства. Гэта невясёлая тэндэнцыя, але прадказальная.


У кнізе багата цікавых фактаў, згадак, цытат. Аднак, безумоўна, самая каштоўная частка — гэта пяць «выспаў»: Міжрэчча, Мова, Літаратура, Дараванне, Смерць. Аб’яднаныя фактычна ў тэму біяграфіі — жыццёвы шлях самотнага чалавека ў сучасным вялікім, як інфармацыйная прорва, свеце, — гэтыя пяць раздзелаў выглядаюць арганічна і вылучаюцца найперш тым, што праз усю гэтую шматколерную размаістасць мы бачым асобу аўтара, а не толькі чытаем яго адстароненыя меркаванні.

Менавіта гэтага — катэгарычнай шчырасці насуперак абстрактным філасафізмам — у зборніку Франца Сіўко найбольш. Калі ў іншых творцаў старэйшага пакалення часта сустракаем «плач аб вёсцы», якая сыходзіць не тое што «з яснай явы», але і з беларускай геаграфіі, то ў аўтара «Штрыхкодаў» чытаем: «Толькі зараз да адчування няёмкасці прымешваецца яшчэ і адчуванне, што сама вёска мяне адпрэчвае. “Дзеля чаго гэты флірт з мінулым?” — быццам пытаецца вачніцамі асірацелых хат, не пакідаючы ані шанца на ўваскрашэнне той вялікай, як мне заўсёды здавалася, узаемнай любові, што так доўга сілкавала мяне ў пошуках больш-менш прыдатнага зямнога прыстанку». Калі дзяўчыне кажуць, што яна вельмі прыгожая, разумная і добрая, а таму абавязкова знойдзе сваё шчасце з некім іншым, то ў перакладзе на мову сэнсаў гэта азначае толькі адно: не кахаю цябе, не буду з табой у горы і радасці да скону жыцця. Мабыць, прыкладна так выглядаюць і «вясковыя сантыменты» гарадскіх жыхароў. Ці не перакладам на мову сэнсаў выглядае агучаны пісьменнікам «флірт з мінулым»?

Як многа пісьменніцкіх біяграфій ці, прынамсі, бібліяграфій пачынаецца з «ЛіМа»! Дзе толькі ні сустрэнеш згадак! Вось і ў кнізе Франца Сіўко на пачатку раздзела «Выспа Мова»: «Да моўнае тэмы я ўпершыню прычыніўся ў верасні 1986 года, калі ў штотыднёвіку “ЛіМ” быў надрукаваны мой настаўніцкі допіс “Прашу вызваліць...” Апроч прыкрай апіскі датычна колькасці лыжак заціркі ў Бядулевым апавяданні, допіс той утрымліваў прыкрыя звесткі пра тагачасную сістэму вызвалення вучняў школ ад вывучэння беларускай мовы і займеў пэўны рэзананс як у асяродку настаўнікаў, так і сярод творчай інтэлігенцыі».

У гэтым раздзеле закранаецца шмат актуальных пытанняў бытавання беларускай мовы ў сучасным грамадстве, у пошуках адказаў аўтар звяртаецца і да падзей 1990-х гадоў, і да сённяшніх допісаў у Фэйсбуку. Сцяжынкамі асацыяцый завітвае ў родную вёску, выцягвае, як з куфра, дыялектныя словы-перліны. Але па-над усім гэтым нязменна чытаецца не адно патрыятычны клопат, але і педантызм універсітэцкага выкладчыка. Франц Сіўко канстатуе колькасць граматычных памылак у выступах пісьменнікаў па тэлебачанні альбо на літаратурных вечарынах, каментарыях у сацыяльных сетках і г.д. Добра знаёмая прафесійная звычка. І ў развагах аўтара знаходжу пацверджанне ўласным назіранням: у моўнай праблемы з’явілася «літаратурная дачка», што з кожным годам становіцца ўсё больш дарослай, а дарослы чалавек ужо наўрад ці зможа памяняць сваю сутнасць. «Ці можа быць краўцом чалавек, які не ўмее трымаць у руках іголку? А цеслем той, што не ведае, як карыстацца гэблікам ці фуганкам?.. А літаратарам той, хто піша з памылкамі, — то бок паўграматны чалавек?»

Раней беларускі чытач меў магчымасць спасцігаць аўтэнтычнасць роднай мовы па мастацкіх творах — гэта была надзейная крыніца, больш аўтарытэтная за слоўнік. Сёння з гэтым, на вялікі жаль, бяда. Наша сучасная літаратура вельмі багатая на таленты, але немагчыма адмаўляць таго факта, што ў літаратуру ўсё часцей прыходзяць людзі, якія ведаюць беларускую мову толькі на агульным побытавым узроўні. Лексічны калейдаскоп, складзены з вычытанага ў Караткевіча і часам — у калег-пісьменнікаў, пачутага ў музычных кампазіцыях, у жывой гутарцы падчас прэзентацый кніг, рассыпаецца па старонках дэбютных (і не толькі) кніг з такой колькасцю стылёвых памылак і перакручаных сэнсаў, што аніводзін карэктар не дасць рады. Вядома, мова — жывы арганізм, яна развіваецца і змяняецца разам з грамадствам. Гаворка не пра кансерватызм, але пра адэкватнасць. Бо найгоршае ў гэтай сітуацыі, што многія аўтары адмаўляюцца прызнаваць праблему, нібыта ў непісьменнасці ёсць нешта ганаровае.

Так вось моўная праблема з «Выспы Мова» паспяхова перабіраецца на «Выспу Літаратура»: «Часам так груба і неахайна падаецца ў моўным плане неблагі сюжэт, што і адной старонкі тэксту, а то і аднаго абзаца дастаткова, каб адбіць ахвоту чытаць далей».

Абсалютна заканамерна ў кнізе пісьменніка, які жыве ў Віцебску, паўстане тэма сталіцацэнтрычнасці беларускай літаратуры. Так яно сапраўды павялося, нічога з гэтым не зробіш. З непрыхаванай іроніяй даецца характарыстыка падзеі: «…сталічныя мысляры едуць у правінцыю з намерам далучыць абарыгенаў да каштоўнасцей вольнага свету. Прышчапіць ім, так бы мовіць, цывілізаваны погляд на жыццё...». Не забываймася пры гэтым, што абарыгены — творчая інтэлігенцыя Віцебска, жыхары абласнога цэнтра. «Зрэшты, дзесьці і нас, творцаў абласнога маштабу, гэтак жа недаверліва-перасцярожліва жыхары яшчэ большай глыбінкі-правінцыі ўспрымаюць. Натуральная з’ява горадацэнтрычнае эпохі», — дзеля справядлівасці дадае абарыген Франц Сіўко.

У «Штрыхкодах» многа сучаснага кантэксту, аднак аўтар не толькі звяртаецца да канкрэтных імёнаў, твораў, падзей. Бадай, самыя важныя радкі ў кнізе тыя, якімі заканчваецца раздзел «Выспа Літаратура», дзе бачым спробу асэнсавання пісьменніцкага таленту, паклікання альбо, прынамсі, жадання «калі не грунтоўна ўхапіць Бога за бараду, дык хаця б выдзерці з яе шматок шчэці ў якасці доказу ўласнае самасці». «Адзін з самых сумнеўных родаў чалавечай дзейнасці», «прэтэнзія на валоданне ісцінай», «занятак самы д’ябальскі і Боскі адначасова» — азначэнні літаратурнай дзейнасці ад Франца Сіўко, які ўсё адно, з якой выспы ні паглядзі, застаецца ў полі яе прыцягнення.

Жана КАПУСТА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.