Вы тут

Грошы: захаваць і прымножыць


Рана ці позна кожны з нас разумее, што неабходна мець нейкі запас фінансавых сродкаў. Як толькі  чалавек збярэ прыкметную для сябе суму, ён думае пра тое, каб яе захаваць і па магчымасці прымножыць. Разбіраемся разам з фінансавым кансультантам TeleTrade (ТАА «ТелетрейдБел») Жаннай Кулаковай.


Выбіраем дэпазіт

Усім зразумелы, бо перадаецца з пакалення ў пакаленне спосаб захавання грошай - банкаўскі ўклад. Нашы бацькі хадзілі ў ашчадкасу, каб аформіць уклад. Зараз усё значна спрасцілася. Атрымліваючы заробак на картку, карыстаючыся інтэрнэт-банкінгам, можна адкрыць дэпазітны рахунак і кіраваць ім, не адыходзячы ад камп'ютара. Але перш, чым яго адкрыць, варта ўсвядоміць некалькі важных момантаў.

Першы: з лістапада 2015 года ўклады дзеляцца на дзве асноўныя групы: адзыўныя і безадзыўныя. Адзыўны дэпазіт ці яго частку можна атрымаць па першым патрабаванні ўкладчыка, а вось безадзыўны – толькі па заканчэнні тэрміну дэпазіту. Праўда, ёсць агаворка, што ўкладчык можа і гэтыя грошы атрымаць у сілу нейкіх цяжкіх жыццёвых абставінаў, якія ён зможа пацвердзіць дакументальна.

Другі момант: на працэнты ад укладаў на тэрмін меншы за год у нацыянальнай валюце і меншы за два гады ў замежнай з 1 красавіка 2016 года налічваецца падаходны падатак у памеры 13%. Але гэта не значыць, што ўкладчыку прыйдзецца дэклараваць даход па дэпазіце і пералічваць падатак – усе гэтыя клопаты бярэ на сябе банк.

 Якая даходнасць па розных дэпазітах, прапануем паглядзець на прыкладзе прапаноў “Беларусбанка”:

 Назва дэпазіту

 Сума

 %

 Даход

 Падатак

 Класік  безадзыўны (звыш года) на 24 мес.

 200 BYN

 10,2%

45,04 BYN

 -

 Класік паштовы адзыўны на 12 мес.

 200 BYN

 5,5%

11,00 BYN

 -

 Класік  безадзыўны (звыш года) на 36 мес.

 100 €

 2,3%

7,17€

 -

 Класік адзыўны (звыш года) на 18 мес.

 100 €

 1,6%

2,07€

 0,31€

 Інтэрнэт-дэпазіт Трэнд адзыўны на 9 мес.

 200 BYN

 6%

7,96 BYN

 1,19 BYN

Любая валюта схільная да інфляцыі, у тым ліку і замежная, таму для таго, каб зберажэнні не абясцэніліся, іх неабходна інвеставаць. Дэпазіт самы просты і пры гэтым вельмі эфектыўны варыянт захаваць грошы. Нягледзячы на ​​значнае зніжэнне ставак па ўкладах у 2017 годзе, даходнасць па іх па-ранейшаму перавышае ўзровень інфляцыі і абараняе грошы ад абясцэньвання, кажа Жана Кулакова. Пры гэтым банкаўскія дэпазіты адрозніваюцца нізкім узроўнем рызыкі, паколькі вяртанне сродкаў гарантавана дзяржавай. Аднак разлічваць на атрыманне значнага дадатковага даходу тут не выпадае, дэпазіт варта разглядаць у першую чаргу як інструмент захавання сродкаў, а не іх прымнажэння.

Захоўваць грошы ў валюце або рублях залежыць ад таго, якія на іх планы. Калі грошы назапашваюцца для дарагой пакупкі на тэрыторыі нашай краіны, то дэпазіт можна аформіць у рублях. А калі для ўкладчыка важна захаваць грошы менавіта ў валюце, то трэба выбіраць адпаведны дэпазіт. “Пры гэтым уклад у еўра можа апынуцца больш выгадным, чым уклад у доларах за кошт таго, што еўра ў агляднай перспектыве мае добрыя шанцы ўмацавацца да долара”, – прагназуе Жана Кулакова.

Каштоўныя паперы становяцца віртуальнымі

Аблігацыі – гэта каштоўная папера, якая выдаецца свайму ўладальніку і замацоўвае за ім права на атрыманне ў далейшым кошту аблігацыі і дадатковага даходу па ёй. Дзяржава, банкаўскія ўстановы, а таксама прыватныя кампаніі могуць выпускаць аблігацыі з мэтай прыцягнення пазыковага капіталу. Прасцей кажучы, банк або кампанія выпускаюць аблігацыі, каб прыцягнуць грошы насельніцтва, гэта значыць атрымаць свайго роду крэдыт. А людзі купляюць аблігацыі, каб захаваць і прымножыць свае зберажэнні, то бок, гэта свайго роду дэпазіт. Між тым, гэты від інвеставання ў нас не надта папулярны. Аднак цяпер атрымліваюць распаўсюджванне інтэрнэт-аблігацыі, якія даступны карыстальнікам сістэмы інтэрнэт-банкінг. Яны надзвычай зручныя, бо для афармлення не трэба наведваць банк і ў адрозненне ад папяровай аблігацыі іх немагчыма страціць.

Аблігацыі можна набыць як валютныя, так намінаваныя ў беларускіх рублях. Што тычыцца даходнасці, то яна залежыць ад шэрагу фактараў. Напрыклад, у дзяржаўных аблігацыях стаўка ніжэйшая, але і рызыкі менш. У цэлым жа па аблігацыях можна атрымаць большы даход, чым па дэпазітах.

Купляючы аблігацыю, трэба ўдакладніць тэрмін размяшчэння, парадак выплаты працэнтаў і магчымасць датэрміновага пагашэння. Таксама варта памятаць, што на аблігацыі не распаўсюджваецца закон аб гарантаванай кампенсацыі ўкладаў. Для набыцця адной інтэрнэт-аблігацыі ў “Беларусбанку” дастаткова мець свабодных 100 долараў ці еўра.

 “Аблігацыі – значна менш гнуткі інструмент, чым дэпазіт, – адзначае Жанна Кулакова. – Нярэдка тэрміны абароту такіх папер пачынаюцца ад некалькіх гадоў, дадатковы даход выплачваецца раз у квартал або радзей, а магчымасць датэрміновага пагашэння папер нярэдка адсутнічае. За гэтыя “нязручнасці” інвестар і атрымлівае больш высокую прыбытковасць, чым па дэпазітах”.

Не ўсякае золата – інвестыцыя

Нашы бабулі меркавалі, што жменька ювелірных упрыгожванняў – таксама спосаб прымнажэння грошай. Калісьці так і было, але цяпер, калі ювелірныя вырабы прапануюць купіць у растэрміноўку, у іх засталася толькі функцыя упрыгожванняў. Між тым банкі прадаюць залатыя і сярэбраныя мерныя зліткі. Адзін час быў нават бум на куплю зліткаў. Аднак эксперт лічыць, што зліткі каштоўных металаў - больш рызыкоўнае ўкладанне, паколькі атрыманне даходу тут не гарантавана. Золата і срэбра могуць не толькі даражэць, але і таннець. Акрамя таго, банкі, як правіла, прадаюць зліткі значна даражэй, чым выкупляюць назад. Гэтая розніца ў кошце называецца спрэд, і па аперацыях са зліткамі ён можа складаць 10-20%. Гэта азначае, што для таго, каб інвестыцыя не апынулася стратнай, метал павінен падаражэць як мінімум на тыя ж 10-20%, – тлумачыць Жанна Кулакова. – Калі мы гаворым пра кароткатэрміновыя ўкладанніі, то злітак з вельмі высокай доляй верагоднасці прынясе страту, а не прыбытак. Зліткі больш падыходзяць для доўгатэрміновых інвестыцый, на 5-10 і больш гадоў. Прыбытак у гэтым выпадку таксама не гарантаваны, але нейкую частку капіталу дакладна атрымаецца захаваць, паколькі злітак – гэта матэрыяльны актыў, які не можа цалкам абясцэніцца ні пры якіх умовах. З-за гэтай асаблівасці золата карыстаецца павышаным попытам і расце ў кошце ў перыяды крызісаў”.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

уаnоvskауа@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».