Вы тут

Тэма для рознагалосся


Найбольшае гучанне ў 2017 годзе набылі праекты Саюза пісьменнікаў Беларусі, прысвечаныя 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. Сведчанне іх вартасці — спецыяльны дыплом, атрыманы СПБ падчас падвядзення вынікаў скарынаўскага года ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Так рэспубліканскі аргкамітэт адзначыў творчы ўнёсак беларускіх літаратараў у скарынаўскую тэму, прадстаўленую яскравай палітрай новых твораў.


Падчас узнагароджання

Мінчанка Наталля Голубева стала аўтарам сцэнарыя фільма «Скарына», створанага па заказе Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Зінаідзе Дудзюк з Брэста належыць аўтарства драмы «Скарына з Полацка». Мікалай Барысенка з Магілёва прапанаваў гістарычна-паэтычную вандроўку «Слаўны сын Беларусі». Дзіцячы праект мінчанкі Алены Стэльмах «У гасцях у Францыска Скарыны» займеў міжнароднае гучанне.

Постаць Францыска Скарыны, цярністы шлях першадрукара, значнасць для нас, сучаснікаў, яго кніжнай спадчыны яскрава ўвасоблены і ў паэтычных радках. Асаблівай адзнакі варты цыкл вершаў Уладзіміра Цануніна з Вілейкі, верш «Скарынавы вытокі» Георгія Тамашэвіча з Брэста, скарынінскія вершы сталічных аўтараў Анатоля Зэкава і Аліны Легастаевай. Важны і той факт, што ўпершыню песня мінчука Івана Юркіна пра запаветы Скарыны прагучала на святочнай сцэне падчас святкавання Дня беларускага пісьменства ў Полацку.

Увесь мінулы год у розных кутках краіны праходзілі мерапрыемствы ў гонар нашага слыннага земляка, ініцыятарамі якіх былі члены Саюза пісьменнікаў Беларусі: Тамара Гусачэнка, Галіна Загурская, Мікалай Балдоўскі, Валерый Вятошкін, Іна Спасібіна, Аліна Сабуць і інш.

Паводле літаратараў, год 500-годдзя беларускага кнігадрукавання даў магутны штуршок для творчасці, для больш глыбокага асэнсавання беларускай пісьменнасці, ролі і значнасці роднай мовы.

Мінская міжнародная выстаўка-кірмаш, да якой цяпер актыўна рыхтуюцца ва ўсіх аддзяленнях СПБ, стане выдатнай пляцоўкай, дзе беларускія літаратары праявяць еднасць памкненняў і прадставяць лепшыя творчыя здабыткі.

Марыя ЛІПЕНЬ

Фота Яўгена Пясецкага

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.