Вы тут

Міншчына: мастакі і магчымасці


З пачуццём уласнай годнасці адзначае Лагойск 80-годдзе Мінскай вобласці. Па ініцыятыве Лагойскага гісторыка-краязнаўчага музея да юбілею распачынаецца серыя выставак пад агульнаю назваю «Мастакі Міншчыны». Штуршком было выданне цудоўнага альбома «Рукою майстра», які прэзентаваны год таму ў Абласной бібліятэцы імя Пушкіна. У альбоме змешчаны не толькі рэпрадукцыі твораў, але і кароткія звесткі пра мастакоў Міншчыны.


На вернісажы ў Лагойску

Першая экспазіцыя, што размясцілася ў Лагойскім раённым цэнтры культуры і адпачынку (яе можна будзе ўбачыць на працягу месяца), складаецца з твораў лепшых мастакоў. У будучыні лагайчане змогуць убачыць іх персанальныя выстаўкі. Гэта народны мастак Беларусі Васіль Шаранговіч, выдатныя скульптары Анатоль Арцімовіч і Уладзімір Слабодчыкаў, вядомыя беларускія мастакі Міхась і Уладзімір Басалыгі, Уладзімір Клімушка, Алесь і Ігар Марачкіны, Віталь Герасімаў, Алена Бараноўская, Вераніка Герасімава, Алесь Ксяндзоў, Павел Лявонаў, Віктар Каралёў і многія іншыя. Усяго 26 мастакоў з розных рэгіёнаў Міншчыны, якія або нарадзіліся, або працавалі, пераехалі жыць у раённыя гарадкі і вёскі.

Дапамагалі супрацоўнікам музея выкладчыкі Гімназіі-каледжа мастацтваў імя І. В. Ахрэмчыка, многія з якіх самым непасрэдным чынам звязаныя з Лагойшчынай. Як, напрыклад, загадчык кафедры скульптуры БДАМ Уладзімір Слабодчыкаў, аўтар усталяванай у 2016 годзе скульптуры «Маці Божая Лагойская». Ужо некалькі гадоў запар ён разам са студэнтамі праводзіць у Лагойску пленэры. У выніку на вуліцах Лагойска, ля музея, ля цудадзейнай крыніцы з’явіліся выдатныя скульптуры з каменю.

Сярод удзельнікаў выстаўкі — лаўрэаты Нацыянальнай прэміі ў галіне выяўленчага мастацтва маладыя скульптары Паліна Пірагова (адно з любімых месцаў маладых лагайчан — ля яе скульптуры «Двое») і Васіль Цімашоў. А з якім гонарам называлі на вернісажы выступоўцы імёны сваіх землякоў — жывапісцаў Пётры Багданава, які тут нарадзіўся, а цяпер працуе намеснікам дырэктара Гімназіі-каледжа мастацтваў імя І. В. Ахрэмчыка, ва ўсім падтрымлівае работнікаў культуры, дапамагае ладзіць выстаўкі, і Ігара Лыскаўца, які пасля БДАМ пераехаў у Лагойск на сталае жыхарства, зрабіў роспісы ў касцёле, збудаваў дом і цяпер працягвае пісаць карціны на гістарычную тэму.

Экспазіцыя аганізаваная такім чынам, што творы маладых мастакоў вельмі гарманічна ўспрымаюцца побач з творамі прызнаных майстроў. Адна з самых кранальных — дыпломная карціна «Зіма. Дровы» Лізаветы Савіч, нядаўняй выпускніцы Гімназіі-каледжа мастацтваў імя І. В. Ахрэмчыка, якая цяпер працуе ў сярэдняй і мастацкай школах у Плешчаніцах. Мастачка сказала: «Для мяне Плешчаніцы — гэта Бацькаўшчына, цяпло, утульнасць і родны чалавек — мой бацька…». На карціне — дрэва, што сягае галінамі ў неба, і гаспадар, які сячэ дровы дзеля цяпла і ўтульнасці…

На выстаўку прыходзіць шмат моладзі, школьнікаў, якія ведаюць мастакоў, што прыехалі да іх на сустрэчу, па ілюстрацыях у падручніках і кнігах, па творах на вуліцах роднага гарадка. І тое, што начальнік аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Яўгенія Паляшчук выказала цёплыя словы ўдзячнасці арганізатарам, — добры знак: ёсць надзея, што Лагойск — горад братоў Тышкевічаў, выдатнага народнага майстра Сямёна Саўрыцкага, — стане не толькі спартыўным, але і культурным, духоўным асяродкам. Наступнаю плануецца адкрыць персанальную выстаўку Міхася Басалыгі.

Хораша, што ў гэтыя дні, на Хрышчэнне, калі людзі едуць у Лагойск да цудадзейнае крыніцы, ёсць магчымасць завітаць і на выстаўку, дзе пануе столькі святла і гармоніі.

Галіна БАГДАНАВА

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.