Вы тут

Беларускія маркі — у 60 краінах свету


Сёлета калектыў выдавецкага цэнтра «Марка» Белпошты атрымаў спецыяльную прэмію Прэзідэнта за значны ўклад у захаванне духоўнай спадчыны краіны. Асобна былі адзначаны праекты, прысвечаныя 500-годдзю беларускага кнігадрукавання і 135-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа. З начальнікам цэнтра Ірынай ШЫПІЛАВАЙ гутарым пра мастакоў, што працуюць над мініяцюрамі, цікавасць замежных калекцыянераў да нашай паштовай прадукцыі і планы на бягучы год.


— Першая беларуская паштовая марка ўбачыла свет у 1992 годзе. Як спалучаеце традыцыі і інавацыі ў сваёй справе?

— За чвэрць века ў абарачэнне ўведзена нямала беларускіх марак. Калі казаць пра мастацкія, то іх больш за 1200. Гэта не проста знакі паштовай аплаты, а мастацкія мініяцюры з рознымі складанымі паслядрукаванымі дапрацоўкамі.

Традыцыйныя падыходы, якія мы захоўваем, — гэта багатая тэматыка, якасны выраб, аптымальныя тыражы, своечасовае інфармаванне. А калі казаць пра інавацыі ў філатэліі, то галоўны дэвіз у нашай рабоце павінен гучаць так: «Не нашкодзь!» Бо і сёння марка выконвае тры функцыі: служыць для аплаты паштовых збораў, уяўляе сабой прадмет калекцыянавання, з'яўляецца выразным сродкам адлюстравання знамянальных падзей у гісторыі дзяржавы і прапаганды яе культурнай спадчыны.

— Як даўно вы кіруеце цэнтрам? Ці збіраеце маркі самі?

— У кастрычніку будзе 10 гадоў, як я была прызначана начальнікам выдавецкага цэнтра. За гэты час было шмат прыгожых праектаў, дынамічнай працы, цудоўных людзей! У калектыве нямногія калекцыяніруюць маркі — мы іх не збіраем, мы імі жывём.

— Раскажыце пра работу над маркамі, якія былі адзначаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта.

— Праект, прысвечаны 135-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа, распрацавала наш вядучы дызайнер Алена Мядзведзь. Мастацкай асновай марак сталі партрэты майстроў пяра, напісаныя народным мастаком СССР Міхаілам Савіцкім (з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея). Для афармлення канвертаў Першага дня і палёў марачных лістоў вывучаліся архівы Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы і Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа.

Паштовы блок «500-годдзе беларускага кнігадрукавання» падрыхтаваны па матэрыялах з Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. У аснове маркі — старонка з Псалтыра. Вобраз Францыска Скарыны ўвасобіла мастак Таццяна Дольская. А вядучы дызайнер цэнтра Марына Віткоўская сабрала ўсё ў адзіную кампазіцыю.

— Ці вялікі калектыў «Маркі»? Як вы знаходзіце мастакоў?

— У нас працуюць 39 чалавек. Над стварэннем арыгінал-макетаў паштовых мініяцюр шчыруюць чатыры дызайнеры, якія з трымценнем ставяцца да любімай справы. Сюжэты пільна вывяраюцца на гістарычную адпаведнасць спецыялістамі ў галіне культуры, гісторыі і архітэктуры.

Пры неабходнасці да работы прыцягваюцца таленавітыя мастакі. Асабліва хацелася б адзначыць прафесійны падыход Аляксандра Міцяніна і Таццяны Дольскай — аўтараў вельмі многіх паштовых выпускаў. Напрыклад, Аляксандр Міцянін — біёлаг па адукацыі — спецыялізуецца на тэматыцы флоры і фаўны і распрацоўвае ўнікальны матэрыял на працягу 15 гадоў. Яркімі і душэўнымі атрымаліся леташнія праекты «Шчаняты» і «Кацяняты» з серыі «Дзіцячая філатэлія». У студзені гэтага года ўведзена ў абарачэнне серыя марак «Птушаняты». Цяпер зацверджаны і знаходзяцца на стадыі тыражавання мастацкія мініяцюры «Выпуск па тэматыцы РСС. Запаведнікі» і «Птушка года. Чорнагаловы шчыгол».

Разам з тым мы шукаем новыя формы падачы марак, новыя імёны. Сёлета да стварэння паштовай прадукцыі далучыліся два мастакі — Віктар Чайчук і Вольга Капачова.

— Наколькі беларускія маркі запатрабаваны ў філатэлістаў?

— У свеце назіраецца агульная тэндэнцыя зніжэння цікавасці да калекцыянавання паштовых мініяцюр. Гэта выклікана развіццём інфарматызацыі грамадства, у першую чаргу пасродкам інтэрнэту. Але магу з упэўненасцю сказаць, што інтарэс да беларускіх марак ёсць.

У красавіку 2017-га адбылася ІХ Нацыянальная філатэлістычная выстава «Белфіла-2017», прысвечаная 25-годдзю першай беларускай маркі і 950-годдзю Мінска. Яна праводзілася ў рамках ХХІV Міжнароднага спецыялізаванага форуму па тэлекамунікацыях, інфармацыйных і банкаўскіх тэхналогіях «ТІБО-2017». На выставе было прадстаўлена 115 калекцый з Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Германіі, Казахстана, Малдовы, Польшчы, Расіі, Украіны. Цешыў актыўны ўдзел дзяцей і моладзі: у юнацкім класе экспанавалася 21 калекцыя. Хочацца акцэнтаваць увагу на тым, што паштовая марка цікавая і падрастаючаму пакаленню.

Беларускі філатэлістычны матэрыял адгружаецца на экспарт у 60 краін свету па міжнародных кантрактах і прыватным абанеменце (876 калекцыянераў). Гэта работа патрабуе асаблівай уважлівасці і акуратнасці, таму на згаданым кірунку працуюць вопытныя і кваліфікаваныя спецыялісты.

— Якія знакавыя культурныя і гістарычныя падзеі адлюструюцца на мастацкіх мініяцюрах у бягучым годзе?

— План выдання дзяржаўных знакаў паштовай аплаты на 2018 год прадстаўлены разнапланавымі значнымі тэмамі. У творчага калектыву цэнтра ёсць цікавыя ідэі, пацверджаныя паліграфічнымі магчымасцямі друкарняў. Спадзяёмся, што вынік нашай працы будзе яшчэ больш цікавы і калекцыянерам, і тым, хто проста вывучае гісторыю і шукае новых ведаў.

Вось некаторыя праекты, тэматыка якіх прадстаўлена ўпершыню: «400 гадоў з дня друкавання першага ў свеце «Буквара», «Адміралы ваенна-марскога флоту, ураджэнцы Беларусі», маркі серыі «Шэдэўры жывапісу з музеяў Беларусі» з рэпрадукцыямі карцін Айвазоўскага, Шышкіна, Куінджы, Саўрасава.

— На вашу думку, чаму маркі маюць важнае значэнне ў захаванні духоўнай спадчыны краіны?

— Як мы ведаем, сучаснасць і будучыня немагчымыя без мінулага. Наша краіна мае багатую культурную спадчыну, якая фарміравалася на працягу стагоддзяў і перадавалася з пакалення ў пакаленне. Важна захаваць памяць пра мінулае.
І ў гэтым дапамагаюць маркі. Адлюстроўваючы падзеі знамянальныя гістарычныя і сучасныя, паштовыя мініяцюры разлятаюцца па ўсім свеце, трапляюць у альбомы айчынных і замежных філатэлістаў, расказваюць пра нашу краіну ўласцівай ім выразнай мовай.

Выпуск кожнай маркі — гэта адначасова карпатлівая праца, даследчая работа і, вядома, творчасць. Можна з упэўненасцю сказаць, што паштовыя выпускі складваюцца ў яркі, дынамічны летапіс дзяржавы. Нездарма даўно стаў крылатым трапны выраз «Паштовая марка — гэта візітная картка краіны».

Дарэчы

З 29 студзеня да 28 лютага ўсе ахвотныя могуць паўдзельнічаць у конкурсе-апытанні на найлепшую паштовую марку Беларусі 2017 года.

Для гэтага неабходна зайсці на сайт Белпошты ў раздзел «Філатэлія», спампаваць бланк анкеты, запоўніць яго, пазначыўшы нумар маркі ці блока, якія спадабаліся найбольш, і выслаць на электронны адрас vіnch@belpost.by. Азнаёміцца з умовамі конкурсу і паўдзельнічаць у ім можна таксама ў любым аддзяленні сувязі краіны. У гэтым выпадку анкету з паметкай «Конкурс» трэба накіраваць на адрас: выдавецкі цэнтр «Марка» РУП «Белпошта», пр. Незалежнасці, 10, 220050, г. Мінск.

Сярод усіх удзельнікаў апытання, якія дашлюць лісты ў тэрмін і назавуць марку-пераможцу, будуць разыграны прызы — наборы філатэлістычнай прадукцыі.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Яркі летапіс дзяржавы

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Ён быў аўтарам Маніфеста аб абвяшчэнні Савецкай Беларусі, першым прэм'ер-міністрам рэспублікі, яго двойчы выключалі з партыі, ён мог стаць першым народным паэтам...

Грамадства

Трансфармацыя адукацыі: поўнае паглыбленне... у лічбу

Трансфармацыя адукацыі: поўнае паглыбленне... у лічбу

Ці спросціць «Электронная школа» жыццё педагогам і як гэта адаб'ецца на якасці ведаў?

Грамадства

Прэзідэнт зрабіў кадравыя прызначэнні

Прэзідэнт зрабіў кадравыя прызначэнні

Аляксандр Лукашэнка даў згоду на прызначэнне рэктараў і кіраўнікоў раёнаў і прадпрыемстваў.

Калейдаскоп

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Пазнаёміцца з навінкамі ад беларускіх дызайнераў можна было на тыдні моды, які праходзіў у Мінску з 7 да 11 лістапада.