Вы тут

«Мастацкая літаратура» завяршыла выданне Збору твораў Івана Навуменкі


Дзясяты том, які толькі што прыйшоў з друкарні — паліграфічнага камбіната імя Якуба Коласа, увабраў пад сваю вокладку п'есу «Птушкі між маланак», вершы (так! Іван Навуменка пачынаў у маладосці з паэтычных спробаў), інтэрв, анкеты, выступленні, водзывы на дысертацыі, некралогі, аўтабіяграфію, успаміны, дзённікавыя запісы, лісты літаратара 1944—2003 гадоў. Шкада, што па-за ўвагай засталіся публіцыстычныя выступленні пісьменніка ў друку. Дарэчы, у 1951—1952 гадах Іван Навуменка працаваў карэспандэнтам «Звязды». А раней — у мазырскай абласной газеце «Бальшавік Палесся». Назвы некаторых «звяздоўскіх» публікацый пісьменніка: «Новы хлеб», «На Нарачы», «Сельскія камуністы»... У «Звяздзе», «Чырвонай змене» ён рэцэнзаваў кнігі Анатоля Вялюгіна, Івана Мележа.


Вось што яшчэ ў 1968 годзе Іван Якаўлевіч пісаў пра «Звязду»: «Жыццё пасля вайны было нялёгкім — разбураныя гарады, спаленыя вёскі, зямлянкі, неўраджайны, засушлівы сорак шосты год, жонкі-ўдовы, дзеці-сіроты. І ўсё ж кожны новы дзень нёс новыя падзеі і спадзяванні. Варта было цаніць тое, што ёсць — здабытае крывёю, нечалавечымі пакутамі.

Гэты настрой журналісты «Звязды», мне здаецца, добра адчувалі. Газета ў той час друкавала многа карэспандэнцый, замалёвак, нарысаў, якія як бы дыхалі радасцю заваяванага мірнага жыцця, паэтызавалі калгасныя і саўгасныя будні. Куды толькі не завітвалі звяздоўцы! Тэмай карэспандэнцыі, замалёўкі рабілася гутарка вяскоўцаў на прызбе, зімовы дзень ці вечар у калгасе, новы дом, у які сям'я перасялілася з зямлянкі, малюнак таго, як красуе на полі жыта, як цвіце лён, як абмалочваецца першы сноп.

Мне тады здавалася, што «Звязда» спявае. Вельмі многія яе матэрыялы вызначыліся шчырасцю, цеплынёй, чалавечнасцю, яны як бы мелі на мэце паказаць чытачу шырыню жыццёвых даляглядаў, абудзіць у ім радасць, веру ў лепшую будучыню». І яшчэ: «Пасляваенная «Звязда» хораша адчувала і паказвала звычайнага чалавека — трактарыста, каваля, хлебароба, даярку. Яны былі асноўнымі героямі яе матэрыялаў. Іх вачыма газета ўмела глядзець на свет, на жыццё». Шчырыя, цёплыя словы-перакананні народнага пісьменніка Беларусі — як напамін пра сапраўдныя каштоўнасці жыцця.

Збор твораў Івана Навуменкі — плён працы калектыву Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Рэдактар дзясятага тома — доктар філалагічных навук Сцяпан Лаўшук. Падрыхтоўка тэкстаў, каментарыі, пасляслоўе належаць Наталлі Пыско. Тыраж выдання — 1500 экзэмпляраў.

Сяргей ШЫЧКО

Загаловак у газеце: Каб чалавек заставаўся Чалавекам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».