Вы тут

Архімандрыт Сава прэзентаваў кнігу «Непазбежнасць Пасхі»


Архімандрыт у кедах. Насамрэч ён быў у зімовых красоўках. Ішоў сабе ў парку, дзе ў Гомелі знаходзяцца кафедральны сабор і епархія, і раптам зразумеў, што дзяўчынкі-школьніцы гучна разважаюць менавіта пра яго абутак. Відаць, ім хацелася, каб з-пад падрызніка выглядвалі лапці ці кірзавыя боты? Чаму нас больш хвалюе тое, што надзеў на ногі святар, чым стасункі з блізкімі людзьмі ці стан свайго душэўнага здароўя? Пытанні, якія баімся задаць, і пошук адказаў на іх — у разважаннях вядомага беларускага святара, які зусім нядаўна выдаў чарговую кнігу.

Пісьменніцкі дар архімандрыта Савы (Мажукі), насельніка Гомельскага Свята-Мікольскага мужчынскага манастыра для грамадства адкрыўся не вельмі даўно. У 2014 годзе ў маскоўскім выдавецтве выйшла яго першая кніга «Любоў і пустэча». У канцы 2016 года — «Апельсінавыя святыя». І вось нарэшце адбылася прэзентацыя трэцяй: «Непазбежнасць Пасхі».

Між тым творы святара, сёння знакамітага яшчэ і шматлікімі відэавыступленнямі на тэлебачанні і ў інтэрнэце, — не пропаведзі ў іх класічным выглядзе. Хутчэй гэта блогі — скажуць тыя, хто прывык карыстацца сучаснай лексікай. Дарэчы, апошняя кніга спачатку існавала ў выглядзе асобных артыкулаў — разважанняў аўтара — на кожны дзень леташняга Вялікага посту на вядомым сайце httр://www.рrаvmіr.ru.

У гомельскай цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя Герцэна, з якой архімандрыт супрацоўнічае даўно і цесна, ён, прадстаўляючы новае выданне, дзяліўся думкамі не толькі пра яго змест. Дарэчы, прыслухаемся.


Галоўнае ўжо здзейснілася

Пасха — гэта тая кропля, якая трапіла ў наша быццё, а кругі ад яе разышліся і ў мінулае, і ў будучыню. Тое, што мы чытаем у Старым Запавеце пра Хрыста — гэта не прадказанні. Яны — пасля-казанні адносна Пасхі. Усё ўжо здзейснілася. Усё ўжо ёсць. І тут могуць быць розныя цікавыя думкі пра наш асабісты лёс, лёс чалавецтва... Для мяне гэта перш за ўсё той стрыжань, той асявы час, вакол якога ўсё астатняе выбудоўваецца. Пасха ў цэнтры ўсяго і яна надае сэнс усяму астатняму.

Кожнаму свой крыж

У кнігах пра Гары Потэра быў такі персанаж — Рубеус Хагрыд. У яго была мянушка «захавальнік ключоў і традыцый». У кожным грамадстве ёсць свае захавальнікі ключоў і традыцый. У нашым Свята-Мікольскім манастыры гэта намеснік — архімандрыт Амвросій (Шаўцоў). Заўсёды павінны быць людзі, якія адказныя за асновы, за падмурак. А ёсць тыя, хто рухаецца наперад, падвяргаюць усё сумненню. Такім чынам у свеце ўсё балансуецца. Не трэба на чалавека ўскладаць задачы, якія яму не пад сілу несці. Кожны з нас нясе свой крыж і дастаткова з яго.

Адукаванасць перашкаджае благадаці?

Большасці людзей дастаткова проста хадзіць у царкву, выконваць абрады. Святара яны ўспрымаюць як чалавека, які адпраўляе гэтыя абрады. І больш ад яго нічога не хочуць. Святар, які гаворыць аб нечым большым, выклікае спалох. Я гэта ведаю па сабе. Адзін з нашых прыхаджан неяк сказаў: «Так, айцец Сава, канешне, разумны чалавек, але ж я пайду да іншага. Таму, што той не такі адукаваны, а значыць, у ім больш благадаці». Вось як лічаць некаторыя: чым менш ты ведаеш, чым горш адукаваны, тым больш благадаці. Святар — як апарат з благадаццю. І, каб не перашкаджаць благадаці ўнутры накоплівацца, трэба менш ведаў, менш культуры. Ёсць такі запыт у людзей, і з гэтым трэба нешта рабіць.

Вопыты з оптыкай

Мне здаецца, што важна асвойваць новыя жанры і размаўляць з людзьмі на сучаснай мове. Гэта тое, што я спрабую рабіць у сваіх кніжках. Часам выконваю такое практыкаванне, якое называю «змяніць оптыку». Гляджу, напрыклад, на богаслужэнне вачыма святара, а потым — вачыма чалавека, які толькі зайшоў у царкву і нічога там не разумее. Уяўляеце: выходзіць святар чытаць пропаведзь. Мы, царкоўныя людзі, чуем прывычную для нас манеру размовы, успрымаем пропаведзь як частку рытуалу: калі не важны яго змест, а сэнс часта не даходзіць. Калі я «пераключаю оптыку», — бачу проста пафаснага мужчыну з барадой, які гаворыць штампамі. Пры тым, што ён кажа вельмі правільныя рэчы. Але з-за таго, што ён карыстаецца збітымі выразамі, сутнасць пропаведзі губляецца. Менавіта таму трэба шукаць новае маўленне і новы стыль узаемаадносін.

Абутак для святара

Часам чую: «Бацюшка, а ці можна з вамі вітацца «Добрай раніцы»?» Са святаром не ведаюць, якім чынам мець стасункі. Ён — як фальклорны персанаж. Нядаўна я ішоў па парку, дзе падлеткі гулялі. Раптам чую дыялог:

— Лена, глядзі, бацюшка ў красоўках!

— Такога быць не можа!

— Паглядзі!

Для школьніц гэты факт — святар у зімніх цёплых красоўках — выклікаў шок. Усё з-за таго, што ў грамадстве ёсць пэўны стэрэатып, і нельга выходзіць за яго межы. Мы павінны перыядычна выходзіць з заезджаных формаў, таму што яны перашкаджаюць даносіць самае галоўнае. Для мяне богаслужэнне — гэта адкрыццё прыгажосці Бога. Важна разумець богаслужэнне, успрымаючы яго не як нешта рытуальнае, а адчуваючы ўнутраны рытм і прыгажосць. Дарэчы, гэта дапамагае выхаваць эстэтычны густ.

Як стаць духоўным?

Мы блытаемся пастаянна паміж дзвюма «духоўнасцямі»: у свецкім разуменні (этычным) і духоўнай анталогіяй у праваслаўным разуменні. Гэта балючыя пытанні, звязаныя з духоўным развіццём. Мяне радуе, што пытанні самаразвіцця сталі цяпер актуальныя сярод моладзі. Гэта пытанні выхавання сябе ў пэўным рэжыме, пытанні самаідэнтыфікацыі, перабудовы сябе. Калі чалавек не паставіць сябе на падмурак універсальнай духоўнасці, ён не здольны будзе ўспрымаць духоўнасць царкоўную, духоўнасць праваслаўную. Калі ты не навучыўся быць шчодрым, праўдалюбівым, рашучым, смелым (а гэта ўніверсальныя рэчы), табе вельмі складана будзе навучыцца тым дабрадзейнасцям, пра якія пішуць святыя айцы. Тым больш, што апошнія датычацца часта толькі манаскіх духоўных практыкаванняў.

Жорсткасць пад прыкрыццём Евангелля

У нас атрымліваецца не толькі блытаніна, але і крывадушнасць. З-за таго, што мы адмаўляемся ад універсальнай этыкі, арыентуемся на манаскую лексіку і часам абгрунтоўваем нашы дрэнныя ўчынкі цытатамі са святых айцоў і нават Свяшчэннага Пісання. На пытанні: чаму вы тэрарызуеце сваю жонку, чаму ў вас дзеці жывуць у страху, мне адказваюць: «Таму, што я жыву згодна з Пісаннем. Яны павінны жыць у паслухмянстве». І цытуюць: «Жонка павінна баяцца свайго мужа». Ідэя паслухмянства — адна з самых высокіх, тонкіх дабрадзейнасцяў, якія мы сустракаем у тэкстах святых айцоў. Але ж, неправільна зразумелая, яна прыводзіць насамрэч да жудасных трагедый. Не толькі ў праваслаўных сем'ях, але і ў манастырах. Таксама і ідэя пакоры. Я неаднаразова сутыкаўся з тым, што, напрыклад, чалавеку не плацяць заробак, а пры гэтым кажуць: «Ты ж праваслаўны. Як ты можаш падымаць пытанне пра грошы?» Гэта жудасная спекуляцыя і блюзнерства.

Еўхарыстыя ці хюге?

Мне падабаецца жыць. І час, у якім жыву, мне падабаецца. Зараз філасофская і багаслоўская думкі зноў вяртаюцца да ісцін простых рэчаў. Цяпер, напрыклад, папулярная філасофія «хюге». Гэта пра тое, як знаходзіць Бога ў невялікіх рэчах. Такіх, напрыклад, як кава ці кветкі. Гэта пра радасць ад прыемных стасункаў ці добрай кнігі. Гэта — пра людзей цудоўных, якія знаходзяцца побач з намі. Гэта ўжо і ёсць сэнс быцця. Не трэба далёка сыходзіць, пагружацца ў філасофію Гегеля ці падымацца ў горы. Проста сустракай Бога там, дзе ты зараз ёсць. Насамрэч гэта ідэя евангельская — ідэя ўдзячнасці, еўхарыстыі (ευχαριστία — удзячнасць), якая належыць асяродку хрысціянскага светаадчування.

Ваша гісторыя стане нашай

Я вучуся ў кожнага з вас. Для кожнага дарослага павінна быць уласціва ўстаноўка пакорлівага вучня. Большасць ідэй для пропаведзяў ці артыкулаў я чэрпаю ў размовах з людзьмі. Таму мне заўсёды прыемна, калі да мяне прыходзяць з глыбокімі пытаннямі. Падыходзьце, пытайцеся. Калі не змагу дапамагчы нейкай парадай — памалюся. Акрамя таго, ваша гісторыя, ваша пытанне, ваш пункт гледжання дапаможа мне бачыць шырэй, разважаць далей, адчуваць глыбей. Мне прыемна, калі вакол людзі, якія шукаюць адказы на складаныя пытанні. Не страчвайце адзін аднаго, не засынайце.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?