Вы тут

Як «шакіраваць» ляснога жыхара ў мэтах самаабароны?


На «гарачую лінію» нашай газеты звярнуўся чытач з пытаннем, якое датычылася магчымасці набыцця або электрашокера, або пнеўматычнай зброі. Падставы для такога кроку ў заяўніка былі наступныя.

— Мы жывём пад Ракавам, фактычна ў лесе. Неяк, прагульваючыся, бачылі лісу. Летам неаднойчы натыкаліся на сляды дзіка. У нас маленькая дачушка, да таго ж жонка любіць збіраць грыбы. А як сустрэнецца з якім лясным зверам? Вось я і падумаў, што няблага б было ў якасці сродку самаабароны набыць або электрашокер, або пнеўматычную зброю, напрыклад, пісталет. Але зрабіць гэта хацелася б на цалкам законных падставах, каб не было ніякіх праблем. Падкажыце, як гэта можна зрабіць, куды звяртацца па дазвол? — пытаўся наш чытач.


Каб адказаць на гэтыя пытанні, мы мусілі звярнуцца ў аддзел ліцэнзійна-дазвольнай работы ўпраўлення прафілактыкі Міністэрства ўнутраных спраў. Вось які адказ атрымала неўзабаве рэдакцыя.

Артыкул 7 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб зброі» рэгламентуе тыя віды зброі, якія грамадзяне могуць мець і прымяняць для самаабароны. Гэта газавая зброя — газавыя пісталеты, газавыя рэвальверы і патроны да іх, механічныя распыляльнікі, аэразольныя і іншыя прылады (так званыя газавыя балончыкі) з рэчывамі слёзатачывага або раздражняльнага дзеяння, дазволенымі да выкарыстання Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

Гаворка таксама ідзе пра электрашокавыя прылады і іскравыя разраднікі, выхадныя параметры якіх адпавядаюць нормам, што таксама ўстанаўліваюцца Міністэрствам аховы здароўя.

Газавыя пісталеты і рэвальверы маюць права набываць грамадзяне, якія дасягнулі 18-гадовага ўзросту і якія пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, на падставе дазволу з наступнай рэгістрацыяй іх у 10-дзённы тэрмін у органах унутраных спраў. Для атрымання гэтага дазволу неабходна звярнуцца ў тэрытарыяльны орган па месцы жыхарства, прадставіць медыцынскую даведку аб стане здароўя (адсутнасці медыцынскіх проціпаказанняў да валодання зброяй, напрыклад, дрэннага зроку ці дэфектаў канечнасцяў, псіхічных захворванняў, алкагалізму, наркаманіі ці таксікаманіі), азнаёміцца з мерамі бяспечнага абыходжання з такой зброяй. Паралельна з гэтым праваахоўныя органы высветляць, наколькі грамадзянін законапаслухмяны (адсутнасць адміністрацыйных правапарушэнняў па шэрагу артыкулаў Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях і крымінальна каральных дзеянняў).

Заява разглядаецца на працягу месяца і ў выпадку станоўчага рашэння пытання выдаецца дазвол на набыццё. Папярэдне за яго выдачу неабходна аплаціць збор (адна базавая велічыня). За рэгістрацыю зброі неабходна будзе ўнесці дзве базавыя велічыні. Дазвол на захаванне і нашэнне зброі выдаецца тэрмінам на тры гады.

Механічныя распыляльнікі, аэразольныя і іншыя прылады з рэчывамі слёзатачывага або раздражняльнага дзеяння, электрашокавыя прылады і іскравыя разраднікі, якія адпавядаюць нормам, што ўстанаўліваюцца Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, рэгістрацыі не падлягаюць і набываюцца без атрымання дазволу.

У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб зброі», усю пнеўматыку можна падзяліць на дзве катэгорыі ў залежнасці ад дульнай энергіі, якая вымяраецца ў джоўлях. З дульнай энергіяй да трох джоўляў пнеўматычныя вырабы зброяй не з'яўляюцца і адносяцца да канструкцыйна падобных да зброі вырабаў. Іх можна свабодна купіць у крамах або на рынках. Пры гэтым абавязкова наяўнасць сертыфіката адпаведнасці.

Пнеўматыка з дульнай энергіяй звыш трох джоўляў ужо з'яўляецца пнеўматычнай зброяй, набываецца для ўдасканалення навыкаў спартыўнай стральбы. Згодна з заканадаўствам, пнеўматычная зброя з дульнай энергіяй ад трох да 7,5 джоўля рэгістрацыі не падлягае і набываецца без атрымання дазволу. Але для яе набыцця маецца шэраг абмежаванняў, у тым ліку ўзроставае — з 18 гадоў. Калі ж дульная энергія перавышае 7,5 джоўля, такую зброю можна купіць толькі па дазволах, і рэгіструецца яна ў органах унутраных спраў. Трэба, у прыватнасці, мець пацвярджальныя дакументы аб занятках спортам, медыцынскую даведку аб стане здароўя, прыйдзецца вывучыць меры бяспечнага абыходжання са зброяй і набыць металічную скрыню для яе захоўвання. Любая пнеўматычная зброя павінна мець сертыфікат адпаведнасці і прадавацца толькі ў спецыялізаваных крамах, якія маюць ліцэнзію МУС.

Каб закрыць тэму, некалькі слоў і пра траўматычную зброю. Згодна з артыкулам 1 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб зброі», агнястрэльная зброя траўматычнага дзеяння — агнястрэльная кароткаствольная ці бясствольная зброя, прызначаная для паражэння жывой цэлі на адлегласці кідальным элементам траўматычнага патрона і не прызначаная для прычынення смерці чалавеку. Дык вось, у адпаведнасці з артыкулам 8 Закона, на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь забаронены абарот у якасці службовай і грамадзянскай зброі агнястрэльнай зброі траўматычнага дзеяння і траўматычных патронаў. За парушэнне прадугледжана крымінальная адказнасць.

Напрыканцы мы звярнуліся да работнікаў Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь з пытаннем: што б яны як прыродаахоўнікі (а многія з іх колішнія вайскоўцы і дзейныя паляўнічыя) параілі ў сітуацыі, апісанай чытачом.

— Калі ёсць такое жаданне, лепш за ўсё набыць у паляўнічай краме газавы пярцовы балончык «Шок». Ім можна будзе адпудзіць звера, ды і дазволу на куплю не трэба, — сказалі нам. — Але самае галоўнае, што трэба памятаць: нармальныя паводзіны дзікай жывёлы — баяцца чалавека. Калі звер адкрыта выходзіць на яго, значыць, ёсць праблемы...

Сяргей РАСОЛЬКА

Загаловак у газеце: Джоўлі супраць звера

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.