Вы тут

Волас сівее — галава шалее


Гэта не толькі пра мужчын, пра жанчын таксама. Ва ўсякім разе Марына ў свае сорак — з невялічкім хвастом — закахалася, бы ў 16: звольнілася з працы, кінула дом, сям'ю, «забіла», як той казаў, нават на дзяцей. Сказала: «Хопіць з мяне!... Жывіце як знаеце — не маленькія...» А далей — у багажнік сваёй старэнькай машыны пакідала рэчы і з'ехала, каб пачаць зусім новае і гэтым разам — сапраўднае жыццё: з каханым чалавекам, з пачынаючым, можна сказаць, фермерам, на хутары.


Амаль паўгода яна лётала там як на крылах: ну яшчэ б — гектары зямлі, восем кароў, статак авечак, а ўжо птушку дык ніхто і не лічыў...

Уся гэта вялікая гаспадарка чакала руплівай гаспадыні, і яна з'явілася — шчыравала, што тая пчолка, — з ранку да позняга вечара, стомы — не чула, ні аб кім і ні аб чым не думала і думаць не хацела. Яна — жыла!

Толькі потым сама ў сябе і неяк міжволі стала нясмела пытацца, а хто яна тут? Гаспадыня? Як быццам, не. Жонка гаспадара? Не, гэта адназначна, бо адносіны ніяк не аформлены: Косця кажа, што людзей звязвае не штамп, не запісы ў пашпартах... Тады, можа, каханка — ад слова «кахаць»? Марыне хацелася б...

Але ж ёй за гэтыя паўгода аніводнай абновачкі, ніводнага падарунка.

Выходзіць, што яна — свайго роду наймічка?

І гэта не, бо грошы, як Косця кажа, ідуць на «развіццё бізнесу». Марыне ва ўсякім разе ніхто і нічога не дае, нават не паказвае што, зрэшты, яшчэ не найгоршае: на хутар, хоць і не хутка, дапаўзаць сталі чуткі, што яна, Марына, вось тут не першая і нават не другая, што ў Косці хапала іншых, што ён нібыта падбіраў вось такіх, не вельмі маладых, яшчэ дужых і працавітых дурніц, якія б на яго батрачылі ды ўзамен нічога не прасілі. А як толькі пачыналі, — казаў, што нікога трымаць не будзе...

Верыць у гэта Марына не хацела, у Косці ні пра што не пытала, збягаць ад яго не збіралася, бо мела (ва ўсякім разе пакуль) надзею, што ўсё ўсталюецца, прычым як найлепей...

У той дзень яна проста «адпрасілася» ў горад, дамоў — нібыта рэчаў яшчэ ўзяць, у цырульню схадзіць, пастрыгчыся... А калі папраўдзе, то на новай машыне (яны яе з Косцем купілі) праехацца па даўно знаёмых, любімых вуліцах горада, пабачыць сваіх — найперш дзяцей, унучак, былога мужа...

А ўбачыла і жахнулася.

Ну, па-першае, у яе — юрыдычна — кватэры ва ўсю гаспадарыла сяброўка сына, без пяці хвілін жонка (на шостым месяцы цяжарнасці).

Па-другое, муж, які, здаецца, зусім нядаўна стаяў перад ёй на каленях — прасіў, каб яна не сыходзіла — шчасліва... прыжаніўся, пайшоў у прымы да знаёмай удавы.

Па-трэцяе, малыя ўнучкі (двайняткі дачкі) бабулю сваю не пазналі і вельмі спужаліся, а сама дачка...

Неяк, яшчэ на пачатку таго новага сапраўднага жыцця, яна званіла маці, казала, што ёй вельмі цяжка, бо столькі ўсяго звалілася: дзеці, праца, недагледжаны бацька, а галоўнае — хворы муж...

«Гэта яна, каб вярнуць мяне, — разгадала «манеўры» маці. — Бач, нават мужа свайго прыпляла... Захварэў... Ды не смяшыце! Яго ж хоць у плуг запрагай: малады, цягавіты»...

— І што яму за халера? — спытала тады, бо не любіла зяця.

Дачка не адказала.

А ў мужа, як высветлілася, выявілі пухліну. І гэта шчасце яшчэ, што выявілі на самым пачатку, што аперацыя прайшла паспяхова! Але ж колькі страху было (ды і засталося!), колькі гора ў сям'і...

Таму дзверы ёй дачка яшчэ адчыніла, унучак паказала, сціплыя вясковыя гасцінцы (зарэзаць хоць нешта з жыўнасці Косця не згадзіўся) без ахвоты, але ж прыняла, чаю прапанавала...

Марына сама ад яго адмовілася — у горла не палез бы...

І ў цырульню не пайшла: уражаная ўсім, што пачула і ўбачыла, яна села ў «сваю» новую прыгожую машыну і паехала...

Куды? — пытала ў сябе. — Чаго? І дарогу перад сабой амаль што не бачыла...

Не дзіва, што ў чарговай лужыне села — на «пуза», як апошні «чайнік».

Газаваць, выбірацца з гэтай калюжыны нават не спрабавала, бо добра ведала, што зямля тут, непаводдаль ад хутара, мяккая — «засмокча» яшчэ больш. Значыць, трэба званіць, клікаць на дапамогу...

Ну вядома ж, сына! — узрадавалася Марына. — Ён добры, ён усё зразумее, ён даруе і тут жа прыедзе, ён яе выцягне! І тады...

Яны разам вернуцца дамоў! Яе, Марыну (вунь як не хацелі звальняць!), возьмуць назад на працу. Яна будзе зарабляць — хай невялікія, але ж свае грошы, гадаваць унукаў, жыць сярод сваіх...

Доўга корпалася ў сумачцы — шукала мабільнік. А калі знайшла, пачула, што ззаду — і ўсё бліжэй і бліжэй — лапоча знаёмы трактар.

— Чаго цябе пагнала ў гэтую лужыну? — з «берага» пытаўся Косця. — Аб'ехаць не магла? Дарогі мала? Праўду кажуць, курыца не птушка, а баба не кіроўца! Так што — до, даездзілася: больш машыны не ўбачыш! Першы і апошні раз пакаталася...

Марына моўчкі слухала яго папрокі, вінавата ўсміхалася, потым тупа глядзела, як спрытна ён чапляе трос, як акуратна выцягвае машыну, як прапускае яе наперад і далей «вядзе пад канвоем» — адразаючы дарогу назад.

Валянціна ДОЎНАР

Загаловак у газеце: Між мінулым і будучым

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.