Вы тут

Таемны каханак Канстанцыі Буйло


Яе паэтычныя зборнікі мелі падкрэслена банальныя назвы: «Світанне» (1950), «Май» (1965), «Роднаму краю» (1973), «Вясной» (1984). Многія вершы прысвечаны правадырам, радзіме, працоўнаму люду, шчасцю будаўніцтва. Свой багаты архіў яна нішчыла, паліла. Вельмі злавалася, калі даследчыкі задавалі пытанні пра асабістае.

Іншымі словамі, Канстанцыя Буйло, з дня нараджэння якой 14 студзеня споўнілася 125 гадоў, хавалася. Відаць, хацела здавацца тыповай савецкай паэткай, не лепшай і не горшай, скажам, за тую ж Эдзі Агняцвет.


Партрэт Канстанцыі Буйло работы Л. Чурко (са зборніка «Выбранае», Мн., 1976).

Да рэвалюцыі яна здзіўляла чытачоў адкрытай пачуццёвасцю. Яе дэбютны зборнік «Курганная кветка» (1914) літаральна напоўнены прыхаваным і яўным эратызмам. Тут вельмі мала пра цяжкую сялянскую долю, пакрыўджанага панам мужыка, амаль няма тагачасных «нашаніўскіх» штампаў. Любоўныя перажыванні непаўнагадовай дзяўчыны, якой «у пасьцелі душна, ня сьпіцца», бо «ў краіне мар паднебнай далі» «шукала цябе мілы мой ужо даўно» — вось асноўны змест кнігі. І самы яркі верш тут акурат не класічна-песенны «Люблю...», а «Помніш вечар?... », дзе мілы адшукаўся: «с табою мы ў чоўні былі, / І па возеры сонным плылі», пасля чаго наляцела вялікая бура, захацела перакуліць човен, але «Ты-ж весла ухапіўся і сьмела ўстаў; / Лодку кідала, гнала — ты сьмела стаяў! / Ты не дрогнуў — стаяў — веславаў.../ І здавалася мне, што ты бог над вадой; / Не баялась я буры, бо ты быў са мной. / Ты прыгнуўся, спакойна руку маю ўзяў / І, заглянуўшы ў вочы, мне з моцай сказаў: / — “Будзь спакойна: я — тут, я — с табой”...» Па сутнасці, гэта нагадвае тонкае метафарычнае выказванне пра... першы сексуальны дзявочы вопыт. Пачатак (прэлюдыя) — ідылічны: Ён і Яна адпраўляюцца ў сваё эратычнае падарожжа. Лодка, як падаецца, — гэта любоўнае ложа. Затым Ён «маю руку лёгка сьціснуў... », а неўзабаве і... наляцела непазбежная бура, герой праз усю гэту дзею працягваў «сьмела стаяць... не дрогнуў», каб па-майстэрску правесці юную гераіню праз яе жаданае падарожжа.

Можна зрабіць выснову, што НІХТО да Канстанцыі Буйло сярод жанчын-паэтак ў беларускай паэзіі пачатку ХХ-га стагоддзя не закранаў так адкрыта і яўна пачуццёвага боку, ніхто не складаў вершаў, дзе галоўнымі былі «не прыгнёт панскі», а ўласныя любоўныя перажыванні.

2.

А што пасля? Куды дзеліся жарсць і эротыка? Чаму пачалі выходзіць такія вонкава-безаблічныя зборнікі кшталту «Роднаму краю»?

У 1933-м забіраюць яе мужа, які гіне ў сталінскіх лагерах, а яна, хоць і не арыштаваная, але вымушана забыцца на дваццаць год пра паэзію, займаецца зусім не творчымі работамі. Выходзіць другі раз замуж, і яе чалавек раіць увогуле кінуць думаць пра паэзію.

Дык што, Канстанцыя Буйло як паэтка больш нічым не здзіўляла?

Наадварот. Памятаеце малюнак Язэпа Драздовіча, якім ён аздобіў вокладку «Курганнай кветкі»? Там выяўлена загадкавая містычная дзяўчына, поўная нявыказанага хараства, але яе сапраўднае аблічча трэба разгледзець, тайну неабходна разгадаць, бо яе вобраз хавае вуаль.

Мастак намаляваў не абстрактна-мадэрновы вобраз, а кіраваўся радкамі паэткі: «Я каханьне маё пахаваю ў душы, / спакой сфінкса на твар палажу».

У гэтых словах — уся далейшая Канстанцыя Буйло. Яна схавалася пад маскай. Стала здавацца для многіх звычайнай савецкай пісьменніцай. Але калі ўважліва прачытаць усе яе пасляваенныя зборнікі, калі не прапусціць ніводага радка, дык адкрыеш для сябе яшчэ больш цудоўных нечаканак, чым у «Курганнай кветцы». Бо сапраўды: што такога ўжо адметнага ў любоўных рыфмарствах юнай дзяўчыны? А вось калі жанчына пажылога веку, адкінуўшы ўмоўнасці, піша: «Ты думаў пра мяне я ведаю — / бо ўночы / я не магла стуліць не на хвіліну вочы. / І думка горача мне душу хвалявала. / Ты думаў пра мяне, і я таму не спала»; альбо «Пішу табе. А ты чытай / Не толькі, што сказалі словы, / А тых таемных гукаў мову, / то льюцца цераз слова край», становіцца зразумела, што сапраўдная жарсць нікуды не знікла. Яна проста надзейна прыхавана за патрыятычным пафасам, каб чужое вока не ўбачыла. Бо прысвячалася таму самаму адзінаму і таямніча-нераскрытаму для нас, чытачоў, каханаму, які яшчэ напачатку яе жыццёвага і жаночага шляху правёў паэтку праз першыя жадана-эратычныя буры на метафарычным чоўне кахання. Менавіта пра яго Канстанцыя Буйло, гэтак па-тыцыянаўску свабодна адпачываючы на пляжы, фантазіравала: «Хвалі зыблюцца пяшчотна, / Навяваюць шчасця мары, / Навяваюць лёгкі сон... / Дрэў насады цытрусовых / Кадзяць пах густы, дрымотны, / Каля кветкі крылляў пару / Развінае махаон. / Дышуць кветкі, дышуць парна / Пахам кволае пяшчоты, / І салодкаю атрутай / Ў сэрца льецца мне яна. / Мой любімы недалёка, / Мне пяюць аб гэтым хвалі, / Трапяткое сэрца б’ецца / І зганяе лёгкі сон... / Мне здаецца, скрогат кроку / На пяску я чую здалі... / Ён падыдзе, усміхнецца, / І — абніме моцна ён!».

Хто гэты загадкавы каханы? Першы муж, а можа... Янка Купала, якому па начах у рэдакцыі «Нашай Нівы» яна чытала ўголас напісанае, і яны па ролях разыгрывалі сцэнкі з «Паўлінкі»? Якому чароўнаму прынцу яна прысвячала творы? Каго з такім палкім нецярпеннем чакала кожнай ноччу, каб ён прыйшоў у яе сны дзеля чарговага падарожжа на чоўне?

Пакуль гэта загадка, бо, як мы ведаем, Канстанцыя Буйло свой багаты архіў нішчыла, паліла і вельмі злавалася, калі даследчыкі задавалі пытанні пра асабістае.

Васіль ДРАНЬКО-МАЙСЮК

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.