Вы тут

Конкурс «Урокі сучаснасці». Час падводзіць вынікі!


На конкурс «Урокі сучаснасці» было даслана 75 работ, большасць з іх — па творах аўтараў, якія ствараюць па сёння.


Супрацоўнікі газеты былі надзвычай усцешаны, што цёплымі ліпеньскімі і спякотнымі жнівеньскімі днямі знайшліся настаўнікі, якія даведаліся пра конкурс і даслалі свае метадычныя распрацоўкі. Першыя работы неадкладна друкаваліся на старонках газеты. Найбольшая колькасць работ паступіла ў рэдакцыю ў лістападзе і снежні, з іх амаль палова — у другой палове снежня. Аб’ектыўна, многія цікавыя распрацоўкі, дасланыя ў апошнія дні 2017 года, засталіся не апублікаванымі. З гэтай прычыны рэдакцыя прыняла рашэнне працягваць друкаваць лепшыя конкурсныя работы яшчэ на пачатку 2018 года.

Першае месца займае метадычная распрацоўка настаўніц з гарадскога пасёлка Мір Алы Бакач і Алены Смольскай «Няўрымслівыя падарожнікі» (па творы Анатоля Бутэвіча «У гасцях у вечнасці», раздзел «Мір — цыганская сталіца»). Камісія конкурсу высока ацаніла складаную форму ўрока, выдатныя творчыя здольнасці канкурсантак, устаноўку на выхаванне талерантнасці, зварот да нацыянальных традыцый розных этнічных супольнасцей шматнацыянальнай Беларусі.

Другое месца прысуджаецца Вользе Шведавай-Юніцкай, настаўніцы з вёскі Навасёлкі (Ашмянскі раён Гродзенскай вобласці). Урок пазакласнага чытання ў 6 класе па аповесці Андрэя Федарэнкі «Шчарбаты талер» прывабіў крэатыўнасцю і інтэрактыўнасцю, разнастайнасцю форм і педагагічных прыёмаў. Вялікае значэнне мае выбар твора, які падкрэслівае адметнасць роднага кутка, спрыяе выхаванню любові да малой Радзімы.

Трэцюю прэмію атрымае Святлана Кампанеец, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Радуньскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці. Прапанаваныя ёю заняткі для вучняў 11 класа па тэме «Сучасная беларуская паэзія: творчасць Віктара Шніпа і Алеся Разанава» знаёмяць школьнікаў са складанай сучаснай паэзіяй, дапамагаюць выхоўваць адчуванне паэтычнага слова. Рацыянальны, удумлівы падыход да планавання ўрока — перадумова для лагічнага, паслядоўнага і шматаспектнага вывучэння мастацкіх твораў.

Больш за ўсё работ прыйшло на скрыню «ЛіМа» з Гродзенскай вобласці: 22 работы, альбо 30% ад агульнай колькасці. Па 15 работ даслалі настаўнікі з Віцебшчыны і Міншчыны (у тым ліку з горада Мінска). Наступная ў рэйтынгу Гомельшчына — 13 работ. 6 работ — з Берасцейшчыны, і 4 — з Магілёўшчыны. Настаўнікі з вёсак і райцэнтраў зацікавіліся конкурсам больш за сваіх калег, якія працуюць у абласных гарадах. 

Каментары

чаму ў пераможцаў не захаваны ўмовы конкурсу? (да 7000 знакаў).
Умовы па колькасці знакаў не вытрымала насамрэч большасць удзельнікаў. Наперш мы адзначалі тэму і крэатыўнасць. І таксама колькасць працы з тэкстам, укладзеную супрацоўнікам рэдакцыі, які рыхтаваў іх да друку. Урок, што адзначаны першым месцам, пададзены ў выглядзе сцэнарыю -- гэта асаблівая форма, якую складана ўпісаць у звычайныя параметры. Калі хочаце, то ў такіх выпадках, у музычных конкурсах, напрыклад, даюць Гран-пры -- каб адзначыць тое, што па-за рамкамі. Да таго ж яго аўтары -- адразу два настаўнікі (два удзельнікі конкурсу). Справа не ў аб'еме тэксту ў дадзеным выпадку -- гэтая норма ўсяго толькі спрашчае задачу рэдакцыі змяшчаць матэрыялы на газетнай паласе. Усё ж мы конкурс ладзім зусім для іншых мэтаў -- імі і кіраваліся, вызначыўшы пераможцаў.
Шчырыя віншаванні пераможцам! Плёну і натхнення!

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.