Вы тут

Як рухавік ад старога грузавіка ператварыўся ў сучасны столік


Кожнаму аўтааматару хочацца быць бліжэй да сваёй тэхнікі. Сяргей Руды падышоў да вырашэння гэтага пытання па-мужчынску. Мясцовы Кулібін выкарыстоўвае запчасткі аўто для стварэння ўнікальных і адзіных у сваім родзе прадметаў інтэр'еру.


Сяргей Руды жыве разам з жонкай і двума сыночкамі ў вёсцы Навасёлкі Шчучынскага раёна. У свой час у яго тады была свая майстэрня па рамонце тэлерадыёапаратуры. Пасля заканчэння школы Сяргей вырашыў пайсці па бацькавых слядах і стаць радыёмеханікам. Але неўзабаве гэтая прафесія зусім зжыла сябе, і прыйшлося заняцца пошукам новай працы. Прадпрымальны хлопец адкрыў сваю справу і пачаў прадаваць абутак і скургалантарэю. Сапраўдная любоў да тэхнікі «прачнулася» пасля арміі. Як і ўсе хлопцы, Сяргей любіў падоўгу корпацца пад капотам свайго аўто, рамантаваць яго, мяняць дэталі. Аднойчы ўбачыў тэлеперадачу, дзе паказвалі стол з аўтамабільных дэталяў. Незвычайная задумка так спадабалася Сяргею, што ён неадкладна прыступіў да пошуку матэрыялу для свайго будучага шэдэўра.

— Успомніў, што ў знаёмага валяўся без справы рухавік ад старога савецкага грузавіка, — расказвае мужчына. — Неўзабаве я ўжо працаваў над ачысткай зашмальцаванай дэталі. Як аказалася, ачысціць да бляску стары рухавік — справа няпростая. У ход пайшлі сродкі для чысткі пліт, акісляльнікі... Толькі праз тыдзень руплівай працы з'явіўся той самы доўгачаканы хромавы бляск. Пасля таго, як прывёў у парадак рухавік, Сяргей адшукаў шкло, іншыя неабходныя дэталі і змайстраваў аўтастол. Жонка Люба была першая, хто належным чынам ацаніў самаробны прадмет мэблі. Цяпер аўташэдэўр заняў ганаровае месца ў доме.
У століка празрыстае верхняе шкло, таму госці лёгка могуць разгледзець яго з усіх бакоў. Прызнацца, нічога падобнага яшчэ не бачыла. Дарэчы, ніякага паху алівы, бензіну няма. Наогул з першага погляду здаецца, што рухавік абсалютна новы. І толькі майстар ведае, колькі сіл затрачана на такі вынік.

Стол — далёка не адзіны эксклюзіўны прадмет мэблі ў доме Рудых. Старая каробка перадач ад Аўдзі-100 ва ўмелых руках Сяргея ператварылася ў прыгожы таршэр, поршань — у модны настольны свяцільнік для сына. А якія прыгожыя гадзіннікі атрымліваюцца з дэталяў ад колаў! Гледзячы на мэблю, мусіш прызнаць, што ў стваральніка падобных шэдэўраў з густам усё ў парадку.

Свае работы Сяргей Руды не толькі пакідае сабе, але і дорыць сябрам і знаёмым, якія ўжо паспелі ацаніць вырабы маладога майстра. А яшчэ ў майго суразмоўніка ёсць група ў сацыяльных сетках, куды ён выкладвае фота новых работ. Сяргей родам са Шчучына — горада авіятараў, можа, таму яго мара — зрабіць незвычайны стол з рухавіка... самалёта! Упэўнена, усё задуманае ў майстра атрымаецца!

Ганна КАСПЕР                                     

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як вучыліся партызанскія дзеці?

Як вучыліся партызанскія дзеці?

Дзеці народных мсціўцаў падчас Вялікай Айчыннай наведвалі навучальныя заняткі ў многіх сямейных партызанскіх лагерах. 

Культура

Звыш 100 прадметаў рамеснай спадчыны Амана прадстаўленыя ў Мінску

Звыш 100 прадметаў рамеснай спадчыны Амана прадстаўленыя ў Мінску

З 19 верасня да 19 студзеня 2020-га адна з выставачных залаў Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі — нібыта філіял усходняй казкі.

Культура

Што паглядзець на экспазіцыі «Нематэрыяльная культурная спадчына Міншчыны»

Што паглядзець на экспазіцыі «Нематэрыяльная культурная спадчына Міншчыны»

Упершыню тут сабралі і паказалі дванаццаць элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны з розных куткоў Мінскай вобласці.