19 Верасень, серада

Вы тут

Дзевяцігадовая Вера Шпакоўская: Мару стаць славутай балерынай


Юная танцоўшчыца — пра чатырохгадзінныя трэніроўкі, любімыя ролі ды квіток у бізнес-клас.

Балерыне Веры Шпакоўскай дзевяць гадоў. Яна любіць есці белы шакалад, заплятаць «гульку» самастойна і прыязджаць на трэніроўкі за паўгадзіны да іх пачатку. Ведае ўсіх прым — а калі не, значыць яны недастаткова славутыя. Сама дзяўчынка ўваходзіць у пяцёрку найлепшых юных танцоўшчыц свету. У лістападзе ў паўфінале аўтарытэтнага міжнароднага конкурсу Yоuth Аmеrіса Grаnd Рrіх мінчанка заняла першае месца. А ў снежні стала адной з пераможцаў расійскага тэлевізійнага конкурсу юных талентаў «Сіняя птушка».

Расклад у Веры вельмі шчыльны, таму ў яе была ўсяго гадзіна, каб адказаць на нашы пытанні, паабедаць тварожнай запяканкай і пераадзецца са школьнай формы ў спартыўны купальнік. Вось яны, будні будучай прымы.


На кон­кур­се та­лен­таў «Сі­няя птуш­ка».

«На пуанты ўстала ў сем гадоў»

— Калі ты ўлюбілася ў балет?

— У тры з паловай гады. Да нас у дзіцячы садок прыйшла Марына Вежнавец (заслужаная артыстка і кіраўнік прыватнай балетнай школы. — Аўт.) і набрала ў студыю пяць чалавек. А я ў той дзень была дома, бо хварэла на вятранку. Пашанцавала, што мая бабуля працавала выхавацелем у тым дзіцячым садку. Яна папрасіла, каб ёй дазволілі потым прывесці ўнучку на прагляд.

—Табе лёгка ўсё давалася?

— Было крыху складана на першых занятках, а потым прывыкла. У мяне аказаўся жудасны пад'ём, але я яго неяк выправіла. Правільны пад'ём для балерыны — гэта важна. Расцяжка ў мяне ад прыроды добрая, таму вучыцца сядаць на шпагат было амаль не балюча. На пуанты я ўстала ў сем гадоў — звычайна дзяўчаты танцуюць на іх з дзесяці.

— Бабуля ў дзяцінстве марыла стаць балерынай, — далучаецца да размовы тата Кірыл. — А ў мяне і жонкі задаткаў не было. Я і педагогам кажу: не разумею, у каго пайшла Вера.

— Тата цяпер танцуе ў балеце, — выдае па сакрэце дачка.

— На некаторых спектаклях для пэўных роляў патрэбны дарослыя. Вось мяне і падключылі, — тлумачыць Кірыл.

— Шмат часу адымаюць трэніроўкі?

— Працую 5—6 дзён на тыдзень, — расказвае пра свой графік Вера. — Калі гэта звычайная трэніроўка, то яна цягнецца паўтары гадзіны, а калі рыхтуюся да спектакля ці конкурсу, бывае і па пяць гадзін. Крыху стамляюся, але мне гэта падабаецца.

— Няўжо ніколі не хацелася прагуляць трэніроўку? Пабегаць з аднакласнікамі, пасядзець у тэлефоне, паглядзець мульцікі?..

— Не хацелася. Не люблю тэлефонныя гульні. Толькі калі на кемлівасць — напрыклад, слова сабраць, пабудаваць сказ.

— Ніколі не было такога, каб Вера папрасіла: «Можа, давай адпачнём сёння?». Усе думкі ў яе толькі пра балет, — пацвярджае Кірыл.

— Вучыцца паспяваеш?

— Так. Калі ёсць вольны час, раблю дамашняе заданне на некалькі дзён наперад. Я добра вучуся. У мяне ў першай чвэрці ўсе дзясяткі былі — толькі адна дзявятка па нямецкай мове. Любімыя прадметы — матэматыка і фізкультура.

— Ты выступаеш у спектаклях. Якія ролі твае любімыя?

— Я танцавала Мэры, Аўрору (галоўныя персанажы спектакляў «Шчаўкунчык» і «Спячая прыгажуня». — Аўт.), Дзюймовачку, а яшчэ фею Дражэ, Арлекіна, кветкі, жукоў, камяні... Мне падабаюцца ўсе ролі. Больш за ўсё, вядома, галоўныя (усміхаецца).

— Пра што думаеш, калі стаіш за кулісамі?

— Успамінаю заўвагі, каб станцаваць яшчэ лепш. Перад выхадам на сцэну паўтараю рухі два-тры разы.

— Пасля спектакляў Вера выціснутая, як лімон. Іншыя дзяўчаты збіраюцца пагуляць, схадзіць у кавярню адзначыць, а яна хоча пабыць адна. Дачка аддае ўсе эмоцыі на сцэне.

За ку­лі­са­мі.

«Увесь клас за мяне «хварэе»

— Ты паспела зняцца ў некалькіх тэлепраектах — «Танцуюць усе», «Сіняя птушка», «Лепш за ўсіх». Удзел у тэлешоу — чыя гэта была ідэя?

— Не бацькоў, — адразу заўважае Кірыл. — Мы ніколі нікуды не тэлефанавалі і не пісалі. Арганізатары праектаў знайшлі нас праз сацыяльныя сеткі: самі звязаліся з намі і прапанавалі прыехаць. Да Максіма Галкіна паўтара года клікалі, усё не атрымлівалася. Хоць чуў, што на гэтыя праграмы шалёныя кастынгі. Складаней за ўсё было на праекце «Танцуюць усе» ў Кіеве.

— Трэба было ўставаць а чацвёртай гадзіне раніцы і развучваць танец, — успамінае Вера. — Заданні даваліся кожны дзень. Прыходзілася ставіць нумар самой, без педагога. А музыку можна было браць толькі тую, якую здаў перад конкурсам на флэшцы.

— Вера трапіла ў трыццатку найлепшых. Ёй тады толькі сем гадоў споўнілася, зусім маленькая. Але з-за вялікіх нагрузак мы самі адмовіліся ўдзельнічаць далей і з'ехалі.

— Камеры не бянтэжылі?

— Я на іх не звяртала ўвагі. Спецыяльна да здымак не рыхтавалася. Бабуля толькі перыядычна раіла, што сказаць. Яна заўсёды ездзіць са мной на конкурсы і стажыроўкі.

— Зорная хвароба ў цябе не пачалася?

— А што гэта такое? Калі зоркі ў галаве?

— Шчыра прызнаюся, не было такога, — усміхаецца Кірыл. — Калі Вера прыходзіць у балетную школу, усе дзяўчаты радуюцца за яе, віншуюць, а яна паводзіць сябе вельмі сціпла. Магчыма, часам наадварот трэба быць больш баявой, а дачка можа некага прапусціць наперад.

— Шмат у цябе паклоннікаў?

— Сярод хлопчыкаў іх, напэўна, няма. А з дзяўчат — увесь клас. Усе за мяне «хварэюць». Калі я была ў Парыжы, наша класная кіраўніца нават запісала для мяне відэа, дзе дзеці перадавалі мне прывітанне.

— Дзякуючы балету ты, пэўна, аб'ездзіла шмат гарадоў?

— Я была ў Санкт-Пецярбургу, Кіеве, Маскве, Мюнхене, Берліне, Вільнюсе... Хутка зноў у Нью-Ёрк палячу, у бізнес-класе. (Да Кірыла) Ну калі ласка, тата, у мяне шмат грошай.

— Вера, вось гэта зорная хвароба (смяецца). Яна ж атрымала грашовы прыз у «Сіняй птушцы» і папрасіла купіць ёй квіток у бізнес-клас. Калі мы першы раз ляцелі ў Амерыку, дачка праходзіла міма гэтых месцаў і пыталася: «Чаму мы тут не сядзім?»

— Там нават Малышава ляцела! Мы з ёй зрабілі сэлфі.

— Удзел у конкурсах дорага абыходзіцца? — пытанне тату.

— Дорага. Каб выканаць адзін танец, трэба заплаціць 100 долараў. Пачка (балетная спадніца) каштуе ад 200 долараў, калі яна расшытая камянямі Swаrоvskі, — 400. А іх, як правіла, трэба некалькі. Даводзіцца зарабляць (у 2013 годзе Верыны бацькі адкрылі ў Мінску краму адзення і абутку для балета. — Аўт.). Але без удзелу ў конкурсах прагрэсу не будзе. Гэта вопыт. Нашмат прасцей танцаваць, калі ты ведаеш, да чаго ідзеш: перамога — зразумелая мэта.

— Вы памятаеце ролі дачкі, ведаеце ўсё пра спаборніцтвы... Тата, які настолькі ў тэме танцаў, — гэта рэдкасць.

— Я проста рэгіструю Веру на конкурсы, квіткі набываю. Запрашэнні таксама на мяне высылаюць, — усміхаецца Кірыл.

Баць­кі Ве­ры  тры­ма­юць кра­му  адзен­ня і абут­ку  для ба­ле­та.

«Гуляю з лялькамі ў балетную школу»

— Вера, ёсць у цябе куміры ў балеце?

— Вельмі шмат. Наталля Дудзінская, Марына Сямёнава, Ала Шэлест, Наталля Осіпава... Я пазнаёмілася з Іванам Васільевым (вядомым артыстам пецярбургскага Міхайлаўскага тэатра. — Аўт.). Нават рэпетавала з ім на «Сіняй птушцы».

— Дачка вельмі шмат ведае пра балет. Яна любіць глядзець перадачу «Абсалютны слых» Генадзя Яніна, дзе расказваюць пра гісторыю гэтага віду мастацтва.

— І што, раней інакш танцавалі?

— Вядома. Тады ногі так высока не падымалі — толькі 90 градусаў і ўсё, — дзеліцца дзяўчынка.

— Што самае складанае ў балеце?

(Задумваецца) Танцаваць без эмоцый. Ёсць такія ролі. Мне падабаецца іграць і злых, і добрых персанажаў. І катоў — толькі я іх ні разу не іграла.

— Танцоўшчыцам неабходна быць лёгкімі і зграбнымі. На дыеце прыходзіцца сядзець?

— Дыеты ў нас дакладна няма, — адказвае тата. — Проста правільнае харчаванне: мама — фанатка гэтай справы. Вера есць усё, толькі ў нармальнай колькасці. Адзінае, у чым, магчыма, абмяжоўваем, — гэта салодкае.

— Вельмі люблю белы шакалад. Мне дазваляюць яго есці раніцай.

— Чым займаешся ў вольны час?

— Люблю гуляць з лялькамі ў балетную школу. Расстаўляю іх у лінію, і яны трэніруюцца. Добра ўсё робяць, стараюцца. Часам лялькі хварэюць, і я займаюся сама з сабой. Яшчэ іграю на фартэпіяна і спяваю — да мяне дадому прыходзіць па суботах педагог па музыцы. Мне гэта таксама падабаецца.

— Настаўніца кажа, што ў яе абсалютны слых. Яна найграе мелодыю — Вера тут жа паўтарае. Ёй усё даецца лёгка.

Ра­зам з та­там Кі­ры­лам,  які ця­пер так­са­ма ўдзель­ні­чае  ў спек­так­лях,  ды сва­і­мі  цац­ка­мі-та­ліс­ма­на­мі.

— Як стаць найлепшай балерынай?

— Трэба працаваць. Пасля школы я дома сама займаюся: расцягваюся, раблю практыкаванні.

— У балеце самае галоўнае — працаздольнасць. Задаткі можна развіць, — згаджаецца тата. — Для мяне таленавітае дзіця — тое, якое любіць працаваць. Бывае вельмі шкада дачку пасля чатырох гадзін рэпетыцыі. Але калі бачу, як гараць у яе вочы, адразу ўсё забываю. Мне здаецца, Вера знайшла сваё.

— У цябе патрабавальныя бацькі?

— Сярэдне. А бабуля патрабавальная.

— Я дачцэ заўсёды кажу, каб атрымлівала ад любой справы задавальненне. Не трэба перажываць, што не выйграеш. Бо калі табе падабаецца тое, чым займаешся, гэта ацэняць і гледачы, і суддзі.

— Якая гадзіна? — хвалюецца Вера.

— Дзве гадзіны.

— А дакладна?

— Дзве гадзіны дзесяць хвілін. (Да нас) Дачка вельмі пунктуальная. Прымушае мяне за паўгадзіны прывозіць яе на трэніроўкі. Калі прыязджаем за пяць хвілін, у Веры слёзы.

— Куды збіраешся паступаць далей?

— Пакуль яшчэ не ведаю. Ці ў мінскі каледж мастацтваў, ці ў Санкт-Пецярбург.

— Прапаноў насамрэч нават цяпер вельмі шмат: Масква, Мюнхен, Берлін... Таму пытанне адкрытае. Вера яшчэ маленькая — у каледж балерыны ідуць з пятага класа, а яна зараз вучыцца ў трэцім. Хоць некаторыя ўжо завуць: дачка высокая для свайго ўзросту і прафесійна гатовая. Але тут шмат нюансаў. Цяперашні педагог Марына Вежнавец ведае магчымасці Веры, а ў любой замежнай акадэміі дачка будзе рабіць усё з самага пачатку. Хоць ужо сёння яна выконвае праграму дзяўчат 13—14 гадоў і ні ў чым ім не саступае. Вядома, з табой могуць займацца індывідуальна, але будзе гэта ці не, ніхто загадзя не скажа.

— Пра што марыш?

— Сустрэць усіх сваіх куміраў. І стаць славутай балерынай. Хачу танцаваць у Англійскім Каралеўскім тэатры «Ковент-Гардэн», бо там выступае Наталля Осіпава. А можа, буду, як Ірына Калеснікава, танцаваць адразу ў трох тэатрах.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ і з сямейнага архіва гераіні

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Адзінота і асабліва адзінота ў сям'і — рэальная прыкмета нашага часу.

Грамадства

Усё, што трэба ведаць пра замяшчальную гарманальную тэрапію

Усё, што трэба ведаць пра замяшчальную гарманальную тэрапію

Лішняя вага, бяссонніца, прылівы, парушэнні ціску і астэапароз — далёка не ўсе праявы, якія падпільноўваюць жанчыну ў пэўным узросце. 

Спорт

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Пра знакамітае прозвішча і сучаснасць беларускага хакея.