Вы тут

Уладзімір Высоцкі: беларускія карані


Сёння спаўняецца 80 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Высоцкага — паэта, акцёра, барда савецкай эпохі. Эпохі, якая больш за чвэрць стагоддзя таму канула ў Лету. А імя Высоцкага засталося на небасхіле нашай культуры, нібы яркая зорка, чыё святло ніколі не згасне.


Паводле вынікаў апытання Усерасійскага цэнтра грамадскай думкі, якое праводзілася некалькі гадоў таму, у спісе куміраў ХХ стагоддзя Уладзімір Высоцкі заняў 2-е месца пасля Юрыя Гагарына. Аўтар больш чым 700 песень на ўласныя вершы, акцёр тэатра і кіно, Высоцкі ў сваіх творах закранаў тэмы, забароненыя тагачаснай цэнзурай, спяваў пра паўсядзённае жыццё вельмі пранікнёна, шчыра, з вялікім душэўным надрывам. Асабліва гэта праявілася ў песнях Высоцкага пра Вялікую Айчынную вайну, якую ён ведаў па аповедах бацькі Сямёна Уладзіміравіча (1915—1997), палкоўніка, ваеннага сувязіста, кавалера больш чым 20 ордэнаў і медалёў, і па расказах свайго роднага дзядзькі Аляксея Уладзіміравіча (1919—1977), таксама палкоўніка, артылерыста, кавалера трох ордэнаў Чырвонага Сцяга.

Даследчыкі сцвярджаюць, што род Высоцкіх паходзіць з мястэчка Сялец Пружанскага павета Гродзенскай губерні (цяпер гэта Брэсцкая вобласць). А прозвішча Высоцкі можа быць звязана з назвай горада Высокае Камянецкага раёна той жа вобласці. Тым больш што дзед Высоцкага (дарэчы, таксама Уладзімір Сямёнавіч) нарадзіўся ў 1889 годзе ў Брэсце (тады Брэст-Літоўск) у сям'і выкладчыка рускай мовы. Пазней ён пераехаў у Кіеў. Меў тры вышэйшыя адукацыі — эканамічную, юрыдычную і хімічную. Бабуля Высоцкага Дар'я Аляксееўна (1891—1970) была медсястрой. Яна вельмі любіла свайго ўнука Валодзю і з'яўлялася шчырай прыхільніцай яго таленту.

Нягледзячы на тое, што У. Высоцкі нарадзіўся ў Маскве, ён ведаў пра свае беларускія карані і часта бываў у Беларусі. Напрыклад, у жніўні 1969 года падчас здымак фільма «Сыны ідуць у бой» (рэжысёр Віктар Тураў) Уладзімір Высоцкі і яго жонка Марына Владзі нейкі час жылі ў вёсцы Літоўка пад Навагрудкам. Дарэчы, у гэтым горадзе ўсталяваны помнік Уладзіміру Сямёнавічу.

Песня «Брацкія магілы» стала вядомай пасля выхаду на экраны фільма Віктара Турава «Я родам з дзяцінства» (1966). Песня «Ён не прыйшоў з поля бою» была напісана ў 1969 годзе для фільма Віктара Турава «Сыны ідуць у бой».

ЁН НЕ ПРЫЙШОЎ З ПОЛЯ БОЮ

Дык чаму ўсё не так?

Не забрала ж бяда?

Бачыш неба — блакітна-жывое,

Той жа лес, і паветра, і нават вада...

Толькі ён не прыйшоў з поля бою.

Не ўцяміць цяпер, хто меў рацыю з нас

У размовах без сну і спакою.

«Не хапае цябе», — зразумеў я ураз,

Калі ён не прыйшоў з поля бою.

Неўпапад ён маўчаў і не ў такт падпяваў

І заўжды гаварыў не пра тое,

Ён мне спаць не даваў

і да сонца ўставаў,—

А пасля не прыйшоў з поля бою.

Пуста ў сэрцы, хоць бачу я неба шацёр.

Зразумеў раптам: нас было двое...

Для мяне — быццам ветрам

задзьмула касцёр,

Калі ён не прыйшоў з поля бою.

Зноў вясна. Капяжы, як калісьці, звіняць.

Выпадкова паклікаў яго я:

«Дружа, дай закурыць!» —

а ў адказ цішыня...

Не вярнуўся учора ён з бою.

Не пакінуць ніколі яны у бядзе,

Нашы паўшыя — як вартавыя.

Неба ў лесе люструецца, нібы ў вадзе, —

Ды і дрэвы — блакітна-жывыя.

Нам з ім месца ў зямлянцы

хапала ўпаўне,

Сябравалі часінай любою...

Ўсё цяпер — аднаму,—

толькі мроіцца мне —

Гэта я не прыйшоў з поля бою.

15.09.2016 г.

БРАЦКІЯ МАГІЛЫ

На брацкіх магілах

не ставяць крыжоў,

І ўдовы на іх не галосяць.

Сюды ўсе прыходзяць

з адкрытай душой

І кветак букеты прыносяць.

Калісь тут ад болю крычала зямля.

А зараз – гранітныя пліты.

Хто скажа: «У кожнага —

доля свая...»?

Ўсе долі ў адзіную зліты.

А ў Вечным агні бачу ўспыхнуўшы танк,

У полымі рускія хаты,

Палаюць Смаленск, і нямецкі рэйхстаг,

І сэрца героя-салдата.

Ля брацкіх магіл не пабачыш удоў –

Мацнейшыя ходзяць тут людзі…

На брацкіх магілах не ставяць крыжоў.

Ды з гэтага лепей ці будзе?!

Пераклад з рускай мовы Дзмітрыя ПЯТРОВІЧА

02.01.2018 г.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.