Вы тут

Алег Лукашэвіч зняў тэлевізійныя партрэты сучасных беларускіх мастакоў


Вядомыя журналісты Алег Лукашэвіч і Аляксандр Аляксееў падрыхтавалі аўтарскі тэлевізійны цыкл  «Сучаснае мастацтва Беларусі», прысвечаны адметным беларускім мастакам ХХІ стагоддзя. Прэм'ерны паказ праекта пачаўся на тэлеканале «Беларусь 3», а аўтарская прэзентацыя — у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.


Падчас прэзентацыі праекта.

10 фільмаў цыкла — гэта 10 творчых партрэтаў нашых сучаснікаў. Сярод іх — лаўрэат дзяржаўнай прэміі Беларусі Валерый Шкаруба, лаўрэаты спецыяльнай прэміі Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва Канстанцін Касцючэнка і Ігар Бархаткоў, а таксама народны мастак Беларусі Леанід Шчамялёў, які ў лютым гэтага года адзначыць сваё 95-годдзе. Дарэчы, адным з першых фільм пра Леаніда Дзмітрыевіча паглядзеў заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Барыс Крэпак. Ён высока ацаніў як падбор палотнаў жывапісца, так і аператарскую работу, якая прадэманстравала не толькі яркія фрагменты карцін Шчамялёва, але і з цеплынёй паказала майстэрню самога аўтара.

Таксама праект пазнаёміць гледача з унікальным стылем віцябляніна Алега Крошкіна, гродзенкі Валянціны Шобы і мінчаніна Сяргея Рымашэўскага. Аўтарам фільма ўдалося зняць унікальныя кадры з народным мастаком Беларусі Анатолем Бараноўскім і заслужаным дзеячам мастацтваў Уладзімірам Кожухам, якія летась пайшлі з жыцця. Зараз гэтыя відэахронікі набываюць новую каштоўнасць — як дакументальнае сведчанне, якое ўвайшло ў гісторыю.

З чаго ўсё пачалося

Партнёрам праекта «Сучаснае мастацтва Беларусі» выступіў «Пріорбанк». І такое супрацоўніцтва склалася не без падстаў. Банк на працягу дзесяцігоддзяў фарміруе адну з найбуйнейшых у краіне карпаратыўных калекцый твораў сучаснага мастацтва Беларусі. Старшыня праўлення «Пріорбанка» Сяргей Касцючэнка расказаў, з чаго пачынаўся тэлепраект:

— У 2016 годзе да нас звярнуліся аўтары фільма і прапанавалі паўдзельнічаць у яго падрыхтоўцы. Мы далі прынцыповую згоду, паколькі цікавімся жывапісам, — кажа Сяргей Касцючэнка. — У нашай калекцыі больш за тысячу работ сучасных майстроў, якія мы набывалі з моманту заснавання — на працягу трыццаці гадоў. Яе канцэпцыя — сучасныя беларускія мастакі, якія пішуць алеем. На жаль, некаторых аўтараў ужо няма ў жывых, а карціны іх засталіся. Таму мы пагадзіліся, але прапанавалі, каб выбар дзесяці герояў праекта заставаўся за намі. Што датычыць аўтараў фільма, то гэта прафесіяналы, работы якіх камерцыйна паспяховыя, — тое, што яны робяць, высокага ўзроўню і добра прадаецца. Мне пашчасціла працаваць з людзьмі, якія валодаюць высокім мастацкім густам і майстэрствам. Таму і фільмы атрымаліся добрыя.

Асобная серыя праекта прысвечана аднаўленню храма ў гонар святых Касмы і Даміяна ў аграгарадку Вішнева Валожынскага раёна, на малой радзіме Сяргея Касцючэнкі. Фрэскавым роспісам сцен і мазаікамі для іканастаса займаўся малады калектыў з Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў — Глеб Отчык, Паліна Амельяновіч і Канстанцін Касцючэнка.

— Аднойчы айцец Аляксандр запрасіў мяне ў Вішнева, — працягвае Сяргей Касцючэнка. — Я нарадзіўся ў тых мясцінах. Мой бацька працаваў дырэктарам мясцовай школы, маці — настаўніцай. Нягледзячы на тое, што жылі мы там не доўга, усяго тры гады, гэта мая радзіма. Паглядзеўшы, у якім стане храм, я пагадзіўся дапамагчы. Але прапанаваў сваё бачанне рэстаўрацыі. Я цікавіўся дзейнасцю рускага іканапісца Дзіянісія, які жыў і працаваў у ХVІ стагоддзі. Адны з самых знакамітых яго работ — роспісы сцен і іканастаса Ферапонтава манастыра, якія ён выканаў разам з двума сынамі. За 30 дзён мастакі распісалі 600 квадратных метраў! Як узор мы разглядалі і Міражскі манастыр у Пскове.

Сёння магу прызнацца, што працэс роспісу праходзіў няпроста. Існавалі сумненні, у тым ліку і ў айца Аляксандра. На пэўным этапе прыйшлося нават спыніць работы. Але мастацтвазнаўцы высока ацанілі зробленае, і мы вырашылі працягваць. Спадзяюся, што не толькі аднавілі гісторыка-культурны аб'ект і напоўнілі яго мастацкім зместам, але стварылі цікавае і камфортнае для турыстаў месца.

У студзені аўтарскі калектыў за працу над афармленнем храма быў узнагароджаны прэміяй Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне». Грашовую прэмію, дарэчы, якую атрымаюць мастакі, паводле слоў Глеба Отчыка, вырашылі раздзяліць з прыхаджанамі храма, якія падтрымлівалі іх падчас аднаўленчых работ.

Фільмы ўхвалілі самі героі

Паказаць мастака шматгранна — як асобу, як творцу, данесці да гледача яго светапогляд і філасофію — такую няпростую задачу паставілі перад сабой аўтары праекта. Як працавалася над фільмамі, мы спыталі ў яго аўтара і рэжысёра Алега Лукашэвіча.

— Калі мы толькі пачыналі, вырашылі паглядзець, што зроблена пра мастакоў да нас. Як аказалася, творчых партрэтаў, якія паўнавартасна б прадстаўлялі асобу, амаль няма.

Нават пра Леаніда Шчамялёва, які хутка адсвяткуе 95-годдзе, знайшлі толькі 13-хвілінны фільм, дзе не было інтэрв'ю з ім. Нашай задачай было не толькі зняць фільм, але і супрацоўнічаць з мастакамі. Пасля таго як фільмы былі закончаны, мы паказалі іх самім героям.

— Якія, дарэчы, засталіся ў іх уражанні?

— Мы вельмі задаволеныя, што фільмы ўхвалілі самі мастакі і іх блізкія. Для нас гэта важна. Бо мы імкнуліся паказаць не толькі творчую біяграфію жывапісцаў, але і прадэманстравалі іх творы. І тут важна было зрабіць гэта правільна, без скажэнняў, каб глядач мог пабачыць не фрагмент, а твор цалкам.

— Ці лёгка працавалася над праектам? Усё ж ініцыятыва па выбары яго герояў сыходзіла ад «Пріорбанка».

— Для першага цыкла былі абраны разнапланавыя героі. Кожны з іх — яркая старонка сучаснага мастацтва. У іх свой почырк, і ён пазнавальны. Таму нам было проста з героямі, якія ўпусцілі нашу здымачную групу ў свой свет, даверыліся нам. У выніку пра кожнага атрымаўся творчы тэлевізійны партрэт. А нашы партнёры па праекце далі нам поўную свабоду ў стварэнні фільмаў.

— Якія зрабілі для сябе адкрыцці падчас работы над праектам? Хто з яго герояў вас уразіў?

— Кожны мастак цікавы сваёй біяграфіяй, а галоўнае — тымі работамі, якія ён стварае. Нас уразіла жыццялюбства Леаніда Шчамялёва. Нягледзячы на шаноўны ўзрост, ён памятае ўсё да самых дробных дэталяў. Яго работы захапляюць чысцінёй, ззяннем колеру. Валерый Шкаруба перадае настрой, характэрны для беларускага пейзажу, — няспешная плынь часу, якая зачароўвае сваёй бясконцасцю. Дынастыя Бархатковых — гэта чатыры мастакі, не падобныя адзін да аднаго сваёй манерай жывапісу, чым і цікавыя. Кожны з нашых герояў дастойны таго, каб пра яго ведала новае пакаленне, якое, магчыма, першы раз пойдзе ў музей.

— Ці ёсць планы працягнуць гэты праект?

— Так, нам хацелася б, каб ён і надалей быў падтрыманы. Ёсць цэлая плеяда адметных майстроў, і кожны з іх дастойны асобнага фільма. На жаль, многія з іх ужо ў сталым узросце, і сёння мы не маем пра іх нават хранікальных кадраў. Таму каштоўнасць праекта — у яго дакументальнасці. Мы не проста фіксуем, як майстар працуе каля мальберта, мы транслюем яго светапогляд, успрыняцце жыцця і філасофію. Таму гэты матэрыял з цягам часу будзе ўсё больш унікальны.

Час збіраць камяні

Адзін з герояў праекта, Валерый Шкаруба, прызнаўся, што наведвальнікі яго выставы, якая зараз праходзіць у Нацыяльнальным мастацкім музеі Беларусі, цяпер заўсёды глядзяць фільм.

— Я шчаслівы, што трапіў у дзясятку майстроў, дастойных на думку стваральнікаў, стаць героем такога тэлепраекта. Амаль месяц на маёй выставе круціцца фільм, і ні адзін наведвальнік не праходзіць міма — глядзіць ад пачатку да канца. Гэта вельмі ўдалая работа на высокім мастацкім узроўні. Размова ідзе пра складаныя рэчы ў мастацтве, але простай, зразумелай для кожнага мовай.

Старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца высока ацаніў праект, адзначыўшы, што ў выніку работа атрымалася духоўная і эмацыянальна кранальная.

— Я шчыра радуюся, што ёсць людзі, якія дбаюць пра сваю малую радзіму. Дзесяцігоддзямі мы руйнавалі храмы. І шмат нашых каштоўнасцяў, як вядома, знаходзяцца па розных музеях свету. А зараз час збіраць камяні, і мы за 25 гадоў незалежнасці здзейснілі істотныя рухі ў гэтым напрамку. І такі тэлепраект — гэта велізарны крок для замацавання нашай духоўнасці.

Тэлепраект «Сучаснае мастацтва Беларусі» можна пабачыць на тэлеканале «Беларусь 3» па буднях у 19.30.

Алена КРАВЕЦ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Беларусь і Расія зблізілі пазіцыі па праграме рэалізацыі дагавора аб Саюзнай дзяржаве

Беларусь і Расія зблізілі пазіцыі па праграме рэалізацыі дагавора аб Саюзнай дзяржаве

Аб гэтым заявіў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч на сустрэчы са старшынёй Савета Федэрацыі Валянцінай Мацвіенка.

Грамадства

Як Брэст рыхтуецца да святкавання свайго 1000-годдзя

Як Брэст рыхтуецца да святкавання свайго 1000-годдзя

Афіцыйныя святкаванні і асноўныя мерапрыемствы гарадскога Міленіума пройдуць 6—8 верасня.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ляльку з секс-шопа, галубоў на ігрушы і дзяўчынку, якая схавала пашпарты.