Вы тут

Пажылыя і адзінокія вяскоўцы па-ранейшаму з'яўляюцца групай рызыкі


Галоўны спецыяліст інспекцыі нагляду і прафілактыкі Баранавіцкага гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксандр КАВАЛЬЧУК ужо добрае дзесяцігоддзе інспектуе Гарадзішчанскі сельсавет. Многіх насельнікаў вёсак ведае асабіста, асабліва тых грамадзян, якія складаюць так званую групу рызыкі. І першыя сярод іх — адзінокія састарэлыя людзі. Ім цяжэй за ўсё даглядаць хай сабе няхітрую хатнюю гаспадарку і падтрымліваць жыллё ў бяспечным стане.


Апошнім часам, пасля рэарганізацыі адміністрацыйных адзінак, у склад сельсавета ўвайшло 50 населеных пунктаў. Многія з іх даволі аддаленыя ад цэнтра, у некаторых засталося літаральна па некалькі жыхароў. Усіх даводзіцца наведваць, правяраць стан пажарнай бяспекі, гутарыць, пераконваць, а здараецца, прымаць неадкладныя меры рэагавання.

Жыхарка вёскі Несцяры Надзея Хвалько сустрэла Аляксандра Леанідавіча як свайго добрага знаёмага. Інспектар бываў у яе не раз. Менавіта па яго прапанове ў хаце бабулі ў мінулыя гады за кошт раённага бюджэту замянілі электраправодку, адрамантавалі дымаход.

У прынцыпе жыллё зараз у бяспечным стане, апавяшчальнік спраўны, пры распальванні печы гаспадыня захоўвае правілы, канстатуе супрацоўнік МНС. Застаецца спадзявацца на тое, што пенсіянерка не забудзецца, напрыклад, своечасова закрыць печ, а таксама бабулю не падвядзе стан здароўя ў цэлым.

Яшчэ летась супрацоўнік МНС разам са старшынёй сельскага Савета заводзілі размову пра тое, што пажылой жанчыне нядрэнна было б перабрацца на зіму ў адпаведную ўстанову, напрыклад, у бальніцу сястрынскага догляду. "Скажам, выйшлі вы па дровы, паслізнуліся, упалі, — агучвалі службовыя асобы найгоршы з магчымых сцэнарыяў, — і каго чакаць: пакуль паштовы работнік прыйдзе, які раз у месяц прыносіць пенсію?" Жыхарка Несцяроў гаварыла ў адказ: маўляў, усе пад Богам ходзім, але ж чалавеку ўласціва спадзявацца на лепшае. А найлепей пажылому ўсё роўна ў сваёй хаце. Гэта значыць, што праз нейкі час Несцяры зноў стануць адрасам наведвання інспектара нагляду і прафілактыкі.

А вось Ніна Бортнік з хутара, які адносіўся да вёскі Кісялі, перабралася ў Вольнаўскую бальніцу сястрынскага догляду. У яе сітуацыя была зусім складаная. Бабулька пражывала на хутары, да якога дабрацца можна было толькі летам ды зімой, калі стаяць маразы. У дажджлівае надвор'е, разводдзе дарогу фактычна падтоплівала. Хата гаспадыні, даволі старая і недагледжаная, зусім не трымала цяпло. Печку бабуля паліла ўзімку цэлымі днямі, што супярэчыла пажарнай бяспецы, а старыя ватоўкі, якімі яна ўцяпляла дзверы, мала дапамагалі. Таму пераезд пенсіянеркі ў сацыяльную ўстанову з'явіўся адзіна правільным выйсцем.

Аляксандр Кавальчук адзначае, што многія пажылыя людзі вельмі добразычліва ставяцца да падобных праверак, дзякуюць, што да іх зайшлі і праведалі. Іншыя, энергічныя яшчэ пенсіянеры альбо бацькі шматдзетных сямействаў, могуць выказацца скептычна: маўляў, якая карысць з апавяшчальніка, ён жа пажар не патушыць, нават у службу "101" не патэлефануе. Тады інспектар доўга і падрабязна даводзіць грамадзянам, што ў ХХІ стагоддзі магчыма паставіць і такія прыборы. Напрыклад, абсталяваць дом пажарнай сігналізацыяй, тады сігнал пра ўзгаранне паступіць адразу на пульт МНС. Можна і аўтаномную сістэму пажаратушэння замовіць, калі цана пытання для домаўладальніка не з'яўляецца праблемай. А калі няма лішніх тысяч долараў, то не варта ігнараваць маленькі прыбор — апавяшчальнік, функцыяй якога заўсёды было разбудзіць чалавека, які спіць. І на рахунку менавіта гэтага немудрагелістага апарата ўжо дзясяткі выратаваных жыццяў у нашай краіне.

Паводле слоў Аляксандра Кавальчука, сёлетняе наведванне дамоў шматдзетных сем'яў парадавала. Фактычна ніякіх парушэнняў правілаў пажарнай бяспекі не было выяўлена. Бацькі такіх сем'яў людзі адказныя, падтрымліваюць неабходны парадак.

На сённяшні дзень ніводная з сем'яў, якія пражываюць на тэрыторыі сельсавета, не прызнаная сацыяльна-небяспечнай. Раней такія былі, успомніў Аляксандр Леанідавіч і адзначыў, што гэтая мера аказалася даволі дзейснай. Інспектар у складзе адпаведных камісій правяраў менавіта свае пытанні і назіраў, як выпраўляюцца праблемныя бацькі. Яны рабілі рамонты, рамантавалі печы і дымаходы, выконвалі прадпісанні сацыяльных і педагагічных работнікаў. І ў выніку былі знятыя з уліку. Такім чынам, дзеці засталіся ў сем'ях, да якіх апошнім часам не ўзнікае асаблівых пытанняў.

Старшыня Гарадзішчанскага сельскага Савета дэпутатаў Аляксандр АНІКЕВІЧ адзначае, што па пытаннях супрацьпажарнай бяспекі яны працуюць у цеснай звязцы з супрацоўнікамі МНС, а таксама з трыма ўчастковымі. Міліцыянеры пры наведванні грамадзян таксама звяртаюць увагу на праводку ды печы.

— Паколькі ў склад сельсавета ўваходзіць 50 населеных пунктаў, дзе пражывае больш за пяць тысяч чалавек, а параметры тэрытарыяльнай адзінкі складаюць 32 на 18 кіламетраў, то не заўсёды выпадае наведваць домаўладанні цэлай камісіяй, — гаворыць старшыня сельвыканкама. — Каб даехаць да кожнага домаўладання, даводзіцца ажыццяўляць так званыя рэйды па адным. Ды затое, напрыклад, летась пабывалі ва ўсіх без выключэння 2300 домаўладаннях. Асаблівая ўвага ўдзяляецца адзінокім і тым, якія адзінока пражываюць, іх адпаведна 64 і 194. Скажам, у вёсцы Багушы жыве пенсіянер, які не лічыцца адзінокім. Але дзеці яго абсталяваліся ў Расіі, на малой радзіме бываюць рэдка. Сам пажылы чалавек не можа адрамантаваць печ. Таму сельвыканкам шукае магчымасці дапамагчы. Ужо дасягнутая дамоўленасць з адной арганізацыяй, каб яе спецыялісты зрабілі ўказаную работу на ўмовах спонсарскай дапамогі.

Яшчэ Аляксандр Мікалаевіч падзяліўся думкай наконт таго, якое вялікае значэнне маюць індывідуальныя гутаркі на тэму бяспекі. Здаецца, усе ведаюць, што курыць у пасцелі небяспечна. Ды, аказваецца, нагадваць курцам аб гэтым трэба, нібы малодшым школьнікам пра табліцу множання, штодня.

Ужо сёлета прычынай пажару ў адным доме стала бяспечнасць гаспадара. Менавіта незатушаная своечасова цыгарэта каштавала жылля вясковаму жыхару. Закурыў і задрамаў. Прачнуўся ад таго, што гарыць пасцель. Паклікаў на дапамогу суседа, разам з ім затушылі ачаг. Так, прынамсі, яны палічылі. Але паколькі пакой быў задымлены, дыхалася цяжка, сусед запрасіў гаспадара пераначаваць у яго: маўляў, за ноч хата праветрыцца... Разбудзілі гаспадара ратавальнікі, якія тушылі яго дом. А каб папярэдзіць бяду, усяго толькі і трэба было не курыць у ложку...

Святлана ЯСКЕВІЧ

Баранавіцкі раён

Загаловак у газеце: Гутарка, вартая апавяшчальніка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».