Вы тут

Змены ў працэсе фарміравання складу выбарчых камісій не плануюцца


У рэдакцыю нашай газеты паступіў ліст ад члена Саюза журналістаў Рэспублікі Беларусь Леаніда АНЦІПЕНКІ, у якім ён прапанаваў уласныя дапаўненні да працэдуры выбараў дэпутатаў мясцовых Саветаў.


«Выбары акажуцца больш празрыстымі і справядлівымі, калі ў выбарчыя камісіі — ад участковых і вышэй рангамі — будуць уключаны ў роўнай прапорцыі прадстаўнікі ад усіх кандыдатаў, — піша неабыякавы грамадзянін. — Гэтыя камісіі павінны ўзначальваць сустаршыні — таксама вылучэнцы ад кандыдатаў».

На думку Леаніда Анціпенкі, такім чынам падлік галасоў будзе адбывацца пад кантролем усіх зацікаўленых бакоў. Як прымяніць такую прапанову на практыцы? Напрыклад, калі па акрузе балатуюцца прадстаўнікі камуністычнай партыі, БНФ і лібералы, то ва ўчастковую выбарчую камісію ўключаецца па тры чалавекі ад кожнага кандыдата, а ўзначальваюць яе тры сустаршыні. Камісіі наш чытач прапануе фарміраваць пасля таго, як будуць зарэгістраваныя кандыдаты ў дэпутаты. Што адкажа на гэтую прапанову Цэнтральная камісія Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў?

Па словах сакратара ЦВК Алены ДМУХАЙЛЫ, працэдура фарміравання выбарчых камісій — у тым ліку ўчастковых — прапісана ў заканадаўстве, дзе выразна паказана, хто мае права вылучаць удзельнікаў у склад такіх утварэнняў. «Прадстаўнікі палітычных партый, грамадскіх аб'яднанняў, прафсаюзаў, працоўных калектываў, а таксама самі грамадзяне-выбаршчыкі ў колькасці дзесяці чалавек могуць накіраваць прадстаўніка ў склад камісіі, — адзначыла яна. — На сённяшні дзень гэта ўрэгулявана заканадаўствам, таму так і будзе. Калі б зварот паступіў да нас, то мы б адказалі, што заканадаўствам прадугледжана іншая працэдура і ўсе ўдзельнікі выбарчага працэсу абавязаныя яе прытрымлівацца».

Што датычыцца ўключэння ў камісіі прадстаўнікоў ад кожнага кандыдата, то такія прапановы паступалі, расказала Алена Дмухайла. «Але ёсць некаторыя цяжкасці. Шмат пярэчанняў па гэтай прапанове, ёсць пытанні і па яе рэалізацыі», — дадала яна.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Загаловак у газеце: Закон ёсць закон

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.