Вы тут

Ці патрэбныя ў шматпавярховіках камеры відэаназірання?


Актыўна гаварыць аб тым, што сістэма відэаназірання неабходна ва ўсіх сталічных дамах, пачалі некалькі гадоў таму. Меркавалася, што выдаткі па ўстаноўцы возьмуць на сябе жыхары, а ўтрыманне будзе забяспечвацца са сродкаў гарадскога бюджэту. Аднак мяркуемых маштабаў праект не атрымаў. Таму жыхары шматпавярховак (акрамя элітнай забудовы) пытанне, патрэбна гэта «відэа» ці не, вырашаюць самі.


Муляжы не дапамогуць

Часцей за ўсё асноўных прычын для ўстаноўкі відэакамер дзве: альбо дом толькі здадзены ў эксплуатацыю, альбо тут нядаўна зрабілі рамонт. Парадаксальна, але, калі гаворка заходзіць пра сістэму відэаназірання, у першую чаргу людзі задумваюцца не пра ўласную бяспеку, а пра маёмасць. Што ж, такую пазіцыю таксама можна зразумець: мала каму спадабаюцца нецэнзурныя надпісы на сценах, вечна раскіданыя па лесвічнай пляцоўцы бутэлькі і недакуркі ці пахі, якіх хочацца рашуча пазбягаць. Пытанне ў іншым: проста ўсталяваць камеры недастаткова — хтосьці павінен праглядаць відэазапісы. Наймаць для гэтага асобнага чалавека (што для кожнага жыхара выльецца ў кругленькую суму) уяўляецца абсурдным. Прымушаць рабіць гэта супрацоўнікаў ЖКГ — таксама, бо такія прагляды не ўваходзяць у іх абавязкі. А калі доступ да камер будзе ва ўсіх, гэта можа ператварыцца ў балаган, ды і занадта шмат сямейных таямніц стануць здабыткам грамадскасці. Застаецца адзін варыянт — чалавек, які займаецца кіраваннем домам у цэлым. У гэтым выпадку шмат што залежыць ад яго ініцыятыўнасці, зацікаўленасці і... паваротлівасці. Бо запісы з камер відэаназірання захоўваюцца не бясконца, звычайна гэты перыяд складае ад некалькі тыдняў да трох месяцаў.

Важным момантам з'яўляецца і заказ абсталявання — гэта якраз той выпадак, калі эканомія можа выйсці бокам. Самыя «хітрыя» ўсталёўваюць муляжы, але, па-першае, іх даволі цяжка прыняць за сапраўдную тэхніку. Па-другое, нават калі так адбудзецца, далёка не заўсёды наяўнасць камеры спыняе зламысніка. А «даказаць» яго віну ў далейшым пластыкавыя муляжы, на жаль, не здолеюць.

Калі прынята разумнае рашэнне ўсталяваць сапраўдныя камеры, гнацца за павабнымі зніжкамі таксама наўрад ці варта — усё ж такі гэта ўкладанне на многія гады. На не дастаткова якасным абсталяванні бывае нават праблематычна вызначыць, мужчына ці жанчына на кадры, а не тое, што разгледзець рысы твару. А калі камеры ўстаноўлены на вуліцы, дык тым больш: вытрымаць зменлівыя ўмовы надвор'я здольныя далёка не ўсе цуды тэхнікі. Каб абсталяванне праслужыла доўга, камера павінна быць забяспечана казырком, мець герметычны корпус і сістэму падагрэву або сагравальны кажух — так-так, і такі бывае.

Сцены маюць вушы і... вочы

Дарэчы, нават калі вы ўпэўнены, што камеры патрэбныя, досыць складана зразумець, дзе менавіта іх замацоўваць. Каля ўваходу ў пад'езд? Зразумела. Каля ліфта? На першым паверсе — дакладна. А вось на астатніх паверхах? У двары? Адказ на апошняе пытанне — хутчэй за ўсё, так. У поле зроку камер можа трапляць дзіцячая пляцоўка, а лішні кантроль за дзецьмі ніколі не перашкодзіць. Акрамя таго, відэаназіранне дазволіць вырашыць нямала спрэчных пытанняў сярод аўтаўладальнікаў. (Нярэдка бывае, што суседзі ў вузкіх дварах драпаюць сваёй машынай іншую, не прызнаюцца ў гэтым, працягваюць міла ўсміхацца пры сустрэчы.) Таксама можна будзе заклікаць да адказнасці тых, хто паркуецца на зялёнай зоне або пакідае машыну ў двары, куды абмежаваны ўезд. Што датычыцца камер на паверхах, то тут шмат што залежыць ад арганізацыі прасторы ўнутры пад'езда. Калі няма агульнага балкона, а ўваход у тамбур зачыняецца на замок, то пры жаданні сэканоміць камеры можна і не ўсталёўваць, асабліва ў доме, дзе менш за 20 паверхаў, — інакш будзе цяжкавата прасачыць «чалавекапаток».

Калі доступ непасрэдна да запісаў ёсць не ва ўсіх, то назіраць у рэжыме анлайн з любой кропкі свету за тым, што адбываецца вакол дома, можа кожны ахвотны жыхар — дастаткова спампаваць спецыяльную праграму сабе на тэлефон ці камп'ютар. І ўжо не трэба кожны раз падбягаць да акна на гук машыннай сігналізацыі. Можна, не ўстаючы з канапы, паглядзець, што адбываецца, на экране тэлефона. Праўда, пытанне прыватнага жыцця застаецца адкрытае...

У цэлым, сістэма відэаназірання з прадмета раскошы паступова пераходзіць у разрад штодзённасці. Успомніце, яшчэ гадоў 20 таму нават дамафонная сістэма здавалася чымсьці дзіўным, а цяпер ёй аснашчаны практычна 100 % усіх дамоў у сталіцы.

Як прадказваюць спецыялісты, тое ж будзе і з камерамі відэаназірання, толькі значна хутчэй.
У многіх новых раёнах ужо нават не пытаюцца ў жыхароў, што яны наконт гэтага думаюць, — камеры ўваходзяць у спіс абавязковых опцый.

Мы ведаем, хто падрапаў аўтамабіль

Аднак, як вядома, не ўсё тое, што добра ў тэорыі, аказваецца такім жа на практыцы. Таму да выбару фірмы-падрадчыка варта падысці вельмі грунтоўна. Інакш вас чакаюць выкінутыя на вецер грошы — менавіта так ахарактарызавала ўстаноўку камер у сваім доме мінчанка Тамара.

Дому, які знаходзіцца ў нядрэнным раёне, менш за дзесяць гадоў. Мінулай вясной на ўваходзе ў пад'езды і на рагу дома ўсталявалі камеры. Паміж сабой жыхары пытанне не абмяркоўвалі — прадстаўнік арганізацыі, якая гэтым займаецца, прайшоў па пад'ездах і з усімі ахвотнымі заключыў дагавор.

Абышлася навінка ў 80 рублёў з чалавека, праўда, сума аплаты была падзелена на пяць этапаў і ўключалася ў жыроўку. Цяпер за абслугоўванне кожны плаціць прыкладна 2,5 рубля ў месяц.

— Нядаўна быў інцыдэнт з падрапанай машынай. Калі папрасілі запісы з камер, то аказалася, што адна з іх наогул не працавала, бо арганізацыя не падтрымлівала яе ў нармальным стане. Хоць зрабіць гэта было нескладана — яе паправілі на наступны ж дзень. Акрамя таго, камеры ў пад'ездах глядзяць, груба кажучы, у падлогу: можна ўбачыць толькі маленькую пляцоўку перад уваходам — там, дзе лесвіца і лаўкі. Што датычыцца камеры на рагу дома, то яна не аглядае машыны, якія выязджаюць і прыязджаюць — бачная толькі малая частка паркоўкі. Карацей, у той справе з драпінай камеры не асабліва дапамаглі — на вынік паўплывалі відавочцы. Былі яшчэ інцыдэнты з аўтамабілямі, але фірма нават не дала запісы з камеры, бо ў пацярпелай не было дамовы з іх арганізацыяй, — расказвае Тамара.

А вось жыхары адной з новабудоўляў у Каменнай Горцы новаўвядзеннем засталіся вельмі задаволеныя. Падштурхнулі іх на такое рашэнне не самыя прыемныя здарэнні — кватэрныя крадзяжы. Пытанне аб камерах уздымалася і раней, але, як той казаў, пакуль смажаны певень не клюне... Як расказаў старшыня таварыства ўласнікаў, фірму, якая займаецца ўстаноўкай, выбіралі практычна паўгода. Абышліся 24 камеры на ўваходах у пад'езды і ліфты разам з устаноўкай па 50 рублёў з чалавека — далейшым абслугоўваннем таварыства вырашыла займацца самастойна. Некаторыя жартуюць, што ўкладанні ўжо акупіліся. За паўгода запісы з камер дапамаглі вызначыць, хто падрапаў аўтамабіль, у пяці выпадках. Ды і ў пад'ездзе стала чысцей: людзі саромеюцца смеціць.

Дарэчы, менавіта адсутнасць чысціні ў пад'ездзе стала адной з прычын усталяваць камеры для жыхароў дома ў Зялёным Лузе. Пасля гэтага свае пасады пакінулі некалькі майстроў па тэхнічным абслугоўванні. Праўда, як адзначаюць камунальныя службы, спосабаў кантролю якасці паслуг, акрамя камер, і так дастаткова. Але гэта добры стымул для саміх жыхароў паводзіць сябе больш свядома.

Дар'я КАСКО

Загаловак у газеце: Мой дом — мая крэпасць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?