Вы тут

«У мяне працуюць тры чалавекі, але я наняў бы шэсць!»


Што адбываецца з малым прадпрымальніцтвам удалечыні ад сталіцы?

Дзякуючы з'яўленню дробных гульцоў на бізнес-рынку ў дзяржаве з'яўляецца канкурэнцыя, пашыраецца сфера паслуг, а айчынная эканоміка становіцца больш стабільнай. Аднак рэальнасць такая, што сёння ў Беларусі рызыкаваць і ўкладаць усе грошы ва ўласную справу мала хто гатовы, асабліва ў аддаленых рэгіёнах. Наш карэспандэнт адправіўся ў Браслаўскі раён, каб абмеркаваць праблемы і перспектывы малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, а таксама адшукаць прыклад паспяховага бізнесу на адлегласці больш чым за 250 кіламетраў ад Мінска.


Пазіцыя ўлады

Старшыня Браслаўскага раённага Савета дэпутатаў Ніна ПУЧЫНСКАЯ сцвярджае, што сёння ў раёне ствараюцца спрыяльныя ўмовы для развіцця дробнага і сярэдняга прадпрымальніцтва. «Пра гэта сведчаць і лічбы: у нас па стане на першага студзеня зарэгістраваны 464 суб'екты гаспадарання малога і сярэдняга бізнесу, — адзначыла дэпутат. — З іх 97 — юрыдычных, што для сельскага раёна досыць шмат. Як ствараюцца ўмовы? Аддзелы эканомікі аказваюць кансультацыйную, арганізацыйную і метадычную дапамогу, прадастаўляюць пляцоўкі і дзяржаўную маёмасць, якая не выкарыстоўваецца. Так, летась было выдзелена шэсць зямельных участкаў».

Што датычыцца характару малога і сярэдняга прадпрымальніцтва раёна, то каля 40 % — гэта гандаль, нямала бізнес-праектаў у будаўніцтве, транспартнай сферы, фермерскай гаспадарцы і рэкламнай дзейнасці.

«Адно з праблемных пытанняў у гэтым кірунку — не заўсёды ёсць праваўстанаўлівальныя дакументы на дзяржаўную маёмасць, — расказала Ніна Пучынская. — Так, ёсць графік па ўключэнні ў гаспадарчы абарот такой маёмасці, і ён зацверджаны старшынёй раённага выканаўчага камітэта, але не заўсёды ёсць належная колькасць фінансаў, таму складана зрабіць гэта хутка».

Адсюль і праблема: патэнцыйнаму інвестару можа спадабацца закінуты хутар або крама на ўскраіне вёскі, але без дакументаў ні пра які продаж гаворкі быць не можа. Старшыня Браслаўскага раённага Савета дэпутатаў падкрэсліла, што гэты аспект актыўна прапрацоўваецца. «З работай службаў пытанняў няма, праблема толькі ў фінансах, і яна паэтапна вырашаецца».

На думку Ніны Пучынскай, сёння дзяржава ідзе насустрач тым, хто хоча адкрыць сваю справу, і ніякіх бар'ераў у заканадаўстве для гэтага няма. «Напрыклад, змены ў заканадаўчай базе, якія спрыяюць развіццю рамесніцтва. У нас 124 рамеснікі ў раёне, а новаўвядзенні дазволілі ім прадаваць свае работы самастойна, на аснове грамадзянска-прававых дагавораў з юрыдычнымі асобамі і прадпрымальнікамі. Яны нават маюць права навучаць іншых асоб сваёй дзейнасці. Гэта дазволіла пашырыць і спектр паслуг, — падкрэсліла дэпутат. — Таму і расце колькасць людзей, якія жадаюць гэтым займацца».

Вядома, у пэўнай ступені поспех Браслаўскага раёна — гэта прыродныя рэсурсы і сур'ёзны турыстычны патэнцыял, згаджаецца Ніна Пучынская. Несумненна, гэта дае штуршок для развіцця бізнесу. «Так, у міжсезонне запаўняльнасць баз адпачынку складае 40 %, тады як улетку гэты паказчык дасягае 100 %, — дадае яна. — Але скажыце, каму не перашкаджае сезоннасць?»

Ламаць — не будаваць

«Калі я пачула, што хочуць зрабіць на гэтым месцы, не паверыла, што такое магчыма, — кажа старшыня Мяжанскага сельвыканкама Жанна АКУЛА па дарозе ў кафэ «Струсцянскі прытулак». — Вядома, я спадзявалася на лепшае, але планы былі занадта ўжо грандыёзныя».

Кафэ знаходзіцца ў вёсцы Струста (адсюль і назва), каля трасы Браслаў—гара Маяк. Гэта зараз яно выглядае прывабна, тэрыторыя акультурана, але яшчэ шэсць гадоў таму тут стаяў стары дом, які пакасіўся ад узросту, а зямля ўся была ў зарасніку.

Як часта бывае, усё вырашыў энтузіязм аднаго чалавека: Аляксандр ШАКЕЛЬ убачыў у гэтым месцы патэнцыял,таму з году ў год робіць яго ўсё больш камфортным для сваіх гасцей. «Дарэчы, сцены я пакінуў тыя ж, памянялі толькі дах. Па сутнасці, дом здабыў новае жыццё, — адзначае Аляксандр. — Як з'явілася ідэя? Я займаюся агратурызмам ужо 12 гадоў, ёсць і сядзіба, але я звярнуў увагу на адсутнасць паслуг. А якая ў першую чаргу патрэбна паслуга, калі вы прыязджаеце на адпачынак? Правільна, паесці хатняе».

Што датычыцца грашовых укладанняў, якія забяспечылі паступовае аднаўленне дома, то ўсе сродкі — гэта асабістыя зберажэнні ўладальніка. «Вядома, крэдытныя рэсурсы і раней, і сёння выдаюцца пад занадта вялікі працэнт. Калі казаць пра субсідаванне, то яно ў нас адсутнічае, — дадае Аляксандр. — Але не забывайце, што ў мяне на ўсё пайшло шэсць гадоў: нешта зарабляў, прадаў аграсядзібу — грошы пайшлі сюды. Я разумею: укладзеныя грошы не вернуцца ні заўтра, ні нават паслязаўтра. Пытанне не ў тым, каб укласці і «адбіць» іх праз тры гады. Пытанне ў тым, каб атрымліваць стабільны даход».

Таксама прадпрымальнік лічыць, што сёння ўмовы для паспяховай рэалізацыі бізнес-ідэй створаны, аднак іх неабходна дапаўняць і пашыраць. «Што гэта азначае? Напрыклад, спрошчанае падаткаабкладанне. Ёсць такое словазлучэнне — раздзельны ўлік. Я летам захацеў прапанаваць гасцям пяць веласіпедаў, а гэта ўжо атрымліваецца пракат, або іншы від дзейнасці. Раздзельны ўлік у такім выпадку як афармляецца? — пытаецца бізнесмен. — Форму, якую нам даў Прэзідэнт, неабходна напоўніць. І гэта адбудзецца — проста патрэбны час. З тым жа велапракатам — я ж павінен усё ведаць наперад, таму што займаюся бізнесам і думаю аб стратэгіі развіцця. І тут вырашае кожная дробязь, якую лепш растлумачыць у заканадаўстве. Праблема ў выразнасці тлумачэнняў».

Сёння ў Аляксандра працуюць тры чалавекі — усе мясцовыя, аднак больш ён узяць не можа, паколькі зарэгістраваны як індывідуальны прадпрымальнік. «Я гатовы браць шэсць! — падкрэслівае ён. — Ахвотныя ёсць, але я — не магу. У мяне ўзнікае пытанне: чаму? Мне здаецца, трэба даць гэтыя паўнамоцтвы мясцовай уладзе. Калі бачна, што бізнесмен працуе сумленна, то чаму б асобна не разгледзець пытанне аб тым, каб дазволіць яму ўзяць яшчэ трох чалавек?»

На пытанне аб тым, чаму індывідуальны прадпрымальнік не ператворыцца ў ААТ, ён адказвае, што не справіцца з дакументаабаротам і іншымі фактарамі.

Бізнес Аляксандра Шакеля пацвярджае тэзіс аб тым, што сёння ўстановам неабходная разнапланавасць, асабліва ў рэгіёнах. Так, у кафэ ёсць більярд і аэрахакей, а на тэрыторыі прадпрымальнік паставіў маленькую лазню-бочку на чатырох чалавек і мангал, зрабіў дзіцячую пляцоўку. У планах — дарабіць пляцоўку для караванераў: вывесці на паркоўку электрычнасць і ваду. Галоўнае — не стаяць на месцы, паколькі што без пастаяннага развіцця бізнес доўга не працягне.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».