Вы тут

У Новы год - з новымі ідэямі і праектамі


Фота Анатоля Дрыбаса

Беларускі народ казаў – “калі ў студзені дажджы – дабра не жджы”. Даволі песімістычны прагноз надвор’я на ўвесь год сёння лёгка тлумачыцца сіноптыкамі. Так, змены клімату закранулі ўсе куткі планеты, але мы яшчэ пазмагаемся за паніжэнне тэмпературы, за памяншэнне брудных выкідаў, за экалагічны лад жыцця! З такім бадзёрым настроем мы пачынаем новы 2018 год. І наперадзе нас чакае шмат цікавай і карыснай інфармацыі.

Сёння ўсё больш людзей выбірае ў якасці месца жыхарства горад. Але разам з выгадамі цывілізацыі гараджане атрымліваюць і важкія мінусы: забруджанае навакольнае асяроддзе, больш шкодных выкідаў, горшы стан расліннасці. Якія праблемы сёння актуальныя для гарадскіх тэрыторый Беларусі, і як навука дапамагае паляпшаць экалагічную сітуацыю ў буйных населеных пунктах краіны? Аб гэтым чытайце ў матэрыяле “На экалагічных арэлях” Веранікі Коласавай.

У нашым часопісе з’явілася шмат новых рубрык. Адна з іх – "Экалогія і закон", у якой спецыялісты Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя тлумачаць прававыя навацыі, што адносяцца да кампетэнцыі ведамства. У першым нумары мы публікуем інфармацыю аб тым, як змяніліся нормы дзеючых правілаў у святле патрабаванняў, устаноўленых Дэкрэтам №7 "Аб развіцці прадпрымальніцтва". Калі ў вас, паважаныя чытачы, узнікнуць пытанні аб практыцы прымянення прыродаахоўнага заканадаўства, вы можаце накіраваць іх (з паметкай "Пытанне-адказ") на наш электронны адрас pryroda@zviazda.by. Адказы спецыялістаў Мінпрыроды будуць апублікаваныя на старонках "Роднай прыроды".


Шырока вядома, што Беларусь – краіна, багатая на лес, а адзін з самых страшных ворагаў лесу – агонь. Ён не толькі знішчае дрэвы, але і парушае экалагічны баланс, прадстаўляе небяспеку для жыхароў населеных пунктаў, размешчаных паблізу лясных масіваў, наносіць шкоду прамысловасці і сельскай гаспадарцы. Аб тым, хто і як у нашай краіне змагаецца з ляснымі пажарамі, вы можаце азнаёміцца ў артыкуле “Чырвонаму пеўню”не месца ў лесе” Ксеніі Вярбіцкай.


З пластыкам мы сустракаемся ў паўсядзённым жыцці штодня. Тлумачыць, што гэта за матэрыял і якую шкоду ён наносіць, ужо не абавязкова, насельніцтва праінфармавана ўздоўж і ўпоперак. А ці ведаеце вы, што такое мікрапластык? І чаму ён так моцна хвалюе эколагаў? Магчыма, вы здзівіцеся, даведаўшыся, што мікрапластык вы даўно ўжываеце ў розных варыяцыях – ад касметыкі да акіянскай рыбы. Аб гэтых загадкавых часціцах раскажа Кацярына Цітова (“Скраб на талерцы”).


І, зразумела, мы не можам абысці тэму энергаэфектыўнасці ў нашым часопісе. У публікацыі “Экалагічнае святло” (аўтар – Вольга Пралюк) мы кажам пра тое, што сучаснае асвятленне можа і павінна быць энергаэфектыўным. Максімальна аптымізаваць працэс “стварэння” святла і выкарыстоўваць пры гэтым аднаўляльныя крыніцы энергіі – верагодна, мара кожнага эколага. Сёння мадэрнізацыя сістэм асвятлення актыўна развіваецца ва ўсім свеце. Наша краіна не засталася ў баку ад гэтага працэсу, таму ў вулічным асвятленні, нараўне з традыцыйнымі ртутнымі і новымі натрыевымі лямпамі, усё часцей выкарыстоўваюцца святлодыёды, якія выдатна зарэкамендавалі сябе ўнутры памяшканняў. Святлодыёдныя свяцільні валодаюць высокай эканамічнасцю энергаспажывання, з’яўляюцца экалагічна чыстымі і не патрабуюць спецыяльных умоў абслугоўвання і ўтылізацыі. Па словах вытворцаў, тэрмін іх службы значна перавышае існуючыя аналагі (у некаторых мадэляў – каля 80 тыс. гадзін, ці 20-25 гадоў эксплуатацыі!). Тым не менш, узнікаюць пытанні па ўкараненні энергаэфектыўных тэхналогій ужо на ранніх этапах – пачынаючы з афармлення дакументацыі.


Матэрыял “Дыханне гарадоў” зноў вяртае нас да тэмы забруджвання паветра. Як жа за мінулы год змянілася экалагічнае становішча ў Беларусі, а менавіта, якасць паветра? Якія меры прымалі эколагі і вучоныя? На гэтыя і многія іншыя пытанні адказвае Багдана Казярук, начальнік інфармацыйна-аналітычнага аддзела маніторынгу атмасфернага паветра Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролю радыяцыйнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя.

Многіх хвалюе пытанне, чаму так мала сонца ў нашай краіне, асабліва зімой? На гэтае і многія іншыя пытанні адказвае наша пастаянная рубрыка “Метэаклуб” (“Сонечны цыкл дня”, Ірына ЧАРАПОВІЧ, начальнік сектара забеспячэння дыстанцыйных метэаралагічных назіранняў аддзела навукова-метадычнага забеспячэння гідраметэаралагічных назіранняў Белгідрамета). У гэтай жа рубрыцы вы даведаецеся, чаму так спазнілася зіма. Снежань быў цёплым, Калядныя святы і Новы год сустракалі з нязвыклым для гэтага часу надвор'ем. Што гэта? Глабальнае пацяпленне або нейкі ўплыў цыклону "Элеанор"? Ні тое, ні другое, сцвярджае начальнік аддзела кароткатэрміновых прагнозаў надвор'я, неспрыяльных і небяспечных з’яў Белгідрамета Аляксандр Бяганскі…

Нашыя чытачы добра ведаюць, што дзякуючы намаганням грамадскіх арганізацый, мы больш пільна сталі сачыць за птушкамі і штогод для Беларусі абіраюць птушку года. Каго ж абралі галоўнай пярнатай красуняй у 2018 годзе? (рубрыка “Птушыны свет”).

Яшчэ адна рубрыка “Прыродны здабытак” раскажа пра Зімовы сад у Гомелі. Зялёны гонар нашай краіны зафіксавала Аксана Яноўская.


Нястомная вандроўніца Таня Гендэль не перастае здзіўляць не толькі чытачоў “Роднай прыроды”, але і яе супрацоўнікаў! Яна забралася ў Гімалаі на вышыню больш за 3 тыс. метраў, каб знайсці яка! Так, шматлікія аматары, якія прыехалі ў Непал, мараць убачыць незвычайную высакагорную жывёлу, але наша Таццяна зрабіла гэта як прафесіянал (“Горны сваяк зубра”).

Для юных натуралістаў у вольныя гадзіны не пашкодзіць праглядзець мультфільм. Але трэба глядзець правільныя “карціны”, экалагічныя, пра прыроду, упэўнена Машай Зялёная (“Глядзім "зялёныя" мульцікі”). З падборкай такіх карысных маляваных твораў пазнаёміць наша “зялёная” супрацоўніца.

Я ўсё больш пагаджаюся з думкай, што рубрыкі, якія мы адрасуем дзецям, цікавыя і для дарослых. Напрыклад, ці ведаеце вы, што бананы – гэта … ягады? Наш таленавіты батанік Генадзь Аўласенка гаворыць, што з батанічнага пункту гледжання, плод банана – менавіта ягада. Ды толькі вельмі ўжо яна дзіўная – соку з яе не выціснеш, а насенне наогул адсутнічае... Цікава? А як жа!

Яшчэ адной навінкай 2018 з’яўляюцца экакоміксы ад мастака Аляксандра Каршакевіча. Спадзяёмся, чытачы ацэняць высока маляваныя гісторыі, бо нам самім вельмі падабаецца.

Але новыя рубрыкі і новыя аўтары – гэта яшчэ не ўсё! Вас чакае шмат сюрпрызаў (а таксама прызоў) у гэтым годзе!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?