Вы тут

У Мінску абмеркавалі дасягненне Мэт устойлівага развіцця


У сталіцы адбылася першая сустрэча партнёрскай групы ўстойлівага развіцця пры Савеце ўстойлівага развіцця з удзелам прадстаўнікоў дзелавой супольнасці і ўсіх зацікаўленых грамадскіх аб'яднанняў. На парадку дня было абмеркаванне 17 мэт, вызначаных у 2015 годзе дзяржавамі — членамі ААН на перыяд да 2030 года. Сярод іх — дасягненне эканамічнай, экалагічнай і сацыяльнай устойлівасці.


Мэты ўстойлівага развіцця (МУР) — стратэгічна важныя для ўсяго чалавецтва. Яны скіраваныя на паляпшэнне ўзроўню жыцця. Дасягнуць іх магчыма толькі ў выпадку партнёрства і ўзаемадзеяння ўсіх удзельнікаў грамадства. Па словах намесніка старшыні Савета Рэспублікі, нацыянальнага каардынатара па дасягненні МУР Мар'яны Шчоткінай, менавіта таму сустрэча носіць адкрыты характар і праводзіцца ў форме дыялогу.

«Гэта адкрытае мерапрыемства вельмі важнае, бо на ім прысутнічаюць грамадскія аб'яднанні і бізнес. Без гэтых партнёраў глабальных мэт будзе складана дасягнуць. Мы сумесна абмяркуем тыя падыходы, па якіх будзем працаваць у краіне», — адзначыла Мар'яна Шчоткіна. Акрамя таго, яна лічыць, што для дасягнення глабальных мэт неабходны комплексны падыход, які прадугледжвае выбудоўванне работы як на нацыянальным, так і на рэгіянальным узроўні. «Толькі спецыялісты могуць даць дакладную ацэнку развіцця эканомікі, адукацыі, аховы здароўя і іншых сфер. Таму ўсе яны аб'яднаныя на месцах у сектаральныя групы, якія праводзяць ацэнку і ўносяць прапановы», — патлумачыла намеснік старшыні Савета Рэспублікі. Таксама яна адзначыла, што цяпер ідзе распрацоўка палажэнняў для ўключэння ў нацыянальную сістэму развіцця эканомікі да 2035 года.

Бізнес таксама зацікаўлены ў выпрацоўцы стратэгіі ўстойлівага развіцця краіны, якая паўплывае на стварэнне ўмоў для эфектыўнай занятасці, вырашэнне сацыяльных і экалагічных пытанняў. Дзелавая супольнасць хоча прапанаваць уладзе здаровы сімбіёз у гэтых кірунках. Старшыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Уладзімір Карагін лічыць, што дзяржаве сёння патрэбна дакладная экспертыза для фарміравання стратэгіі па дасягненні МУР, а бізнес гатовы падзяліцца напрацоўкамі.

«Прадстаўнікі бізнес-супольнасці ўключаны ў рабочыя групы, грамадска-кансультацыйныя саветы. Гэта значыць, непасрэдна ўдзельнічаюць у фарміраванні стратэгіі і падрыхтоўцы дакументаў. Яны робяць аналітыку, адкрыта выказваюць сваё меркаванне. Гэта актыўная пазіцыя і канструктыўная работа», — патлумачыў Уладзімір Карагін. Акрамя таго, ён выказаў меркаванне, што паміж беларускім бізнесам і ўладай ужо сфарміраваўся ўстойлівы дыялог.

«Я бачу, што ў кожнай з глабальных мэт ААН ёсць элемент, які датычыцца людзей з інваліднасцю і ў якім яны могуць удзельнічаць непасрэдна. Таму разам з уладай і партнёрамі мы таксама хочам быць уключанымі ў працэсы па змене жыцця да лепшага, — гаворыць старшыня Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў Яўген Шыўко. — Для нашай асацыяцыі — у тым ліку, таму што Беларусь прыняла Канвенцыю па правах інвалідаў і цяпер пераглядае заканадаўства і падыходы да людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Мы таксама робім свой уклад у гэтую работу».

21-22 лютага ў Беларусі пройдзе рэгіянальны форум нацыянальных каардынатараў па дасягненні МУР, на які запрошаныя ў тым ліку і прадстаўнікі ААН.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Да ўстойлівага развіцця

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.