Вы тут

Адкрыць дарогу для бізнесу за 10 хвілін


Прадстаўнікі мытных органаў адзначаюць істотны рост грузапатокаў у бок нашай краіны. Па інфармацыі прэс-службы Дзяржаўнага мытнага камітэта (ДМК), праз мяжу ЕАЭС летась увезена на 16 % больш тавараў (у тым ліку транзітных) у параўнанні з 2016 годам. Аб'ём тых тавараў, што вывозяцца, павялічыўся на 14 %. У такіх умовах забяспечваць бяспеку мяжы па-старому не атрымаецца. Каб захаваць эканамічныя інтарэсы Беларусі, неабходна пастаянна мадэрнізаваць інфраструктуру. Толькі так можна эфектыўна змагацца з кантрабандай і незаконным абаротам наркотыкаў. Таксама гэта дасць магчымасць стварыць бяспеку на іміджавай падзеі для краіны Еўрагульняў-2019. Акрамя таго, важна пры гэтым улічваць інтарэсы беларускага бізнесу, развіццё якога сёння патрабуе высокай прапускной здольнасці грузаў. Пра тое, як знайсці баланс паміж бяспекай і хуткасцю, расказаў падчас прэс-канферэнцыі старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Юрый Сянько.


Час эксперыментаў

Па словах Юрыя Сянько, Дзяржаўны мытны камітэт пастаянна ўдасканальвае і нават кардынальна мяняе тэхналагічную частку сваёй работы. Гэта накіравана ў першую чаргу на тое, каб стварыць для беларускага бізнесу безбар'ерныя ўмовы. Ён нагадаў, што менавіта ў нашай краіне ўпершыню сярод членаў ЕАЭС былі апрабаваны праекты па аўтаматызацыі мытнага працэсу. Агульная колькасць экспартных, імпартных і транзітных дэкларацый на тавары, выпушчаныя ў аўтаматычным рэжыме, летась склала 91 тысячу. Па словах Юрыя Сянько, каб выявіць узровень эканоміі часу за кошт такога эксперымента, трэба зірнуць на справу з пункту гледжання працы пункта пропуску «Казловічы», найбуйнейшага тэрмінала ў нашай краіне. «Усе яго штатныя супрацоўнікі маглі б не працаваць у 2017 годзе два месяцы», — растлумачыў ён. Пры гэтым вызвалены за кошт аўтаматызацыі час у ДМК размяркоўваюць на іншыя ўчасткі, дзе больш патрабуецца інтэлектуальная праца чалавека. У планах на 2018 год — працягваць удасканальваць аўтавыпуск.

Доля партый тавараў, што ўвозяцца на мытную тэрыторыю ЕАЭС, час выпуску якіх не перавысіў дзвюх гадзін, склала 53,5 %, удакладніў Юрый Сянько. А 76 % партый тавараў, што падлягаюць пад працэдуры мытнага транзіту, выпушчана на працягу 10 хвілін.

Ад мабільных праграм да мадэрнізацыі

Як адзначыў Юрый Сянько, цяпер у ДМК вядуць работу па прасоўванні шасці праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі. Да іх адносіцца ўстаноўка інспекцыйна-нагляднага комплексу ў пункце пропуску «Бераставіца», мадэрнізацыя пункта пропуску «Урбаны», паляпшэнне інфраструктуры пункта пропуску «Грыгароўшчына». Таксама запланаваныя праекты на конкурснай аснове: мадэрнізацыя лакальна-вылічальных сетак, набыццё вагавога абсталявання, удасканаленне дзейнасці кіналагічнай службы. Гэтыя праекты атрымалі папярэдняе адабрэнне. Агульная сума інвестыцый складзе каля 9,5 млн еўра. Акрамя таго, па словах Юрыя Сянько, атрымана канцэптуальнае адабрэнне Еўрапейскай камісіі праектаў будаўніцтва інспекцыйна-нагляднага комплексу ў пункце пропуску «Новая Гута» і распрацоўкі праграмы для смартфонаў, якая змяшчае інфармацыю аб чэргах у пунктах пропуску, для грамадзян, якія перасякаюць дзяржаўную мяжу. Па словах Юрыя Сянько, паколькі праз краіну праходзяць асноўныя еўрапейскія транспартныя калідоры, то ў мадэрнізацыі айчынных пунктаў пропуску зацікаўлена не толькі Беларусь, але і краіны ЕАЭС і ЕС. «Дзяржаўны мытны камітэт актыўна рэалізуе сумесна з Еўрапейскім саюзам узаемавыгадныя праекты», — растлумачыў ён. У 2017 годзе ДМК актыўна праводзіў работу па прыцягненні рэсурсаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі ў мэтах мадэрнізацыі мытнай службы. За кошт сумеснага фінансавання з урадам Кітайскай Народнай Рэспублікі рэалізаваны праект будаўніцтва і пастаўкі для мытных органаў інспекцыйна-нагляднага комплексу для кантролю тавараў, што перамяшчаюцца чыгуначным транспартам. Аб'ект уведзены ў эксплуатацыю. Агульная сума прыцягнутых інвестыцый склала больш за 5 млн еўра.

Да Еўрагульняў-2019 гатовыя

Інвестыцыі ў праекты цалкам апраўданыя. Па словах Юрыя Сянько, толькі за мінулы год выяўлена 613 адміністрацыйных правапарушэнняў, аб'ектамі якіх з'яўляліся больш за 9,6 тысячы тон санкцыйных тавараў. Мытнымі органамі распачата 11 крымінальных спраў па фактах прадастаўлення несапраўдных фітасанітарных сертыфікатаў замежных дзяржаў пры мытным дэклараванні плодаагародніннай і рыбнай прадукцыі, незаконны вываз якой у далейшым планаваўся ў Расію.

Таксама, паводле яго слоў, у параўнанні з 2016 годам у 2017-м на 17 % узрасла колькасць узбуджаных мытнымі органамі крымінальных спраў па фактах незаконнага перамяшчэння наркотыкаў (41 справа). На мытні канфіскавана больш за 1 тону наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў, што больш чым у 60 разоў перавысіла паказчык 2016 года. Практычна 80 % наркатычных прэпаратаў, у тым ліку цяжкіх наркотыкаў, ішлі транзітам у Расію. У цэлым у 2017 годзе мытныя органы выявілі 32 тысячы парушэнняў мытнага заканадаўства, узбудзілі 209 крымінальных спраў. Падраздзяленні Следчага камітэта па матэрыялах беларускай мытні распачалі 111 крымінальных спраў. З удзелам мытных органаў выяўлена яшчэ 67 злачынстваў.

«Прымаючы пад увагу задачы, якія стаяць перад нашай дзяржавай у сувязі з правядзеннем у 2019 годзе ІІ Еўрапейскіх гульняў, а ў 2021 годзе — Чэмпіянату свету па хакеі сумесна з Латвіяй, ужо сёння праводзяцца неабходныя мерапрыемствы па павышэнні бяспекі межаў, бесперашкодным пропуску грамадзян, паскораным перамяшчэнні праз мытную мяжу тавараў і транспартных сродкаў», — адзначыў Юрый Сянько. Таксама, паводле яго слоў, летась праведзена сумеснае абследаванне гатоўнасці інфраструктуры пунктаў пропуску да прытоку балельшчыкаў на гэтыя мерапрыемствы. Кіраўнік мытнага камітэта звярнуў увагу, што падчас правядзення гульняў будзе прымяняцца спрошчаны парадак мытнага дэкларавання пры часовым увозе на мытную тэрыторыю ЕАЭС транспартных сродкаў для асабістага карыстання.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Спорт

Замена Алімпіядзе. Беларуская лёгкаатлетычная

Замена Алімпіядзе. Беларуская лёгкаатлетычная

Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі зладзіла свае гульні.

Грамадства

Без чаргі і за лічаныя хвіліны. Як здаюць экспрэс-тэст на каранавірус

Без чаргі і за лічаныя хвіліны. Як здаюць экспрэс-тэст на каранавірус

З мінулага тыдня экспрэс-тэсціраванне на COVІD-19 даступнае ў многіх паліклініках краіны, у тым ліку і ў невялікіх гарадках і пасёлках гарадскога тыпу.

Палітыка

Лукашэнка даручыў аказаць падтрымку выбаркамам і паклапаціцца аб забеспячэнні бяспекі іх працы

Лукашэнка даручыў аказаць падтрымку выбаркамам і паклапаціцца аб забеспячэнні бяспекі іх працы

Пра гэта ён заявіў сёння на рабочай сустрэчы з Наталляй Качанавай і Віктарам Шэйманам.