Вы тут

Жыццёвінкі


У ворагах у нас хадзіў Лявон Малявец...

На мяне, маіх сяброў Мішку і Грышку, што нарадзіліся да вайны, а пасля перамогі над фашыстамі на сваёй скуры напоўніцу зведалі голад, холад і нястачу, гэты палявы калгасны вартаўнік наводзіў жах.

Уявіце сабе такі малюнак. На калгасных гонях ужо не чуваць было людскога гоману. Убраны морква, буракі, бульба і позняя капуста. То нейкай драбнатой-сеянкай імжаць, то тугімі струменямі лупяць дажджы. Не толькі кіраўнікам рознага рангу, а нават калгасным коням Кейсу і Джыну, што дасталіся нашым войскам ад немцаў, было зразумела, што бульбяныя палеткі пераворвацца не будуць: сіл няма для гэтага, магчымасцяў, ды хутка ўслед за маразамі мяцеліцы разгуляюцца. А ў галовах нашых бацькоў б'юцца-пульсуюць думкі: як зіму перажыць? Сем'і ж, дзеці... Ад заробленых у калгасе працадзён-«палачак» жываты ці ўшчэнт усохнуць, ці апухнуць. Надзеі ж на ўласныя агароды самыя мінімальныя: на няўгноеных землях (рэдка ў каго ёсць карова) пастаянная няўродзіца. От быў бы дазвол пакорпацца на тым убраным ужо полі калгаса не ў шкоду яму, глядзі, на два-тры мяшкі харчу папоўніліся б зімовыя запасы. А гэта — адчувальная падмога была б. Дык не ж, не было такога дазволу, не было. А без яго маглі не толькі штрафам пекануць, а і на лаву падсудных пасадзіць. Таму дарослы люд не адважваўся на такія рызыкоўныя крокі.

Мы ж, васьмі-дзевяці-дзесяцігадовыя, а то і большага ўзросту хлапчаняты, добра разумелі сітуацыю: цяжка бацькам, трэба дапамагаць ім. Яны ж стараюцца, з сіл выбіваюцца дзеля нас. І мы стараліся. То ўпаўшыя на пожню пасля жняяркі жытнёвыя каласкі для калгаса падбіралі, то маткам сваім, якія ў крук сагіналіся, арудуючы над збажыной сярпамі, перадых давалі хвілінак на дзесяць-пятнаццаць, самі ў ход пускаючы тыя сярпы ды перавязваючы снапы і ставячы іх у бабкі. То адшуквалі жалезнае ламачча рознае і косткі жывёльныя і здавалі іх каравашнікам (так называлі ў нас пакупнікоў рознага рыззя, што ездзілі на калёсах па населеных пунктах). У аптэку неслі высушаныя бадзягу, травы-зёлкі і крылцы майскіх жукоў, а ў нарыхтоўчую кантору — карані хрэну. Капейку-другую зараблялі, выконваючы іншыя работы. Можа і драбязой усё гэта было для сямейнага бюджэту (праўда, такога слова ў той час мы нават не чулі), але ўсё ж ганарыліся: не гультаі, не дармаеды. Памочнікі!

А тут — бульба, глядзі, згніе за зіму, зямлёй стане. А нам яна, галодным, дазарэзу патрэбна. Таму — на поле. Без загаду бацькі ці маці. Але з іхняй маўклівай згоды. Торбачкі — пад паху. Нямецкую сапёрную рыдлёвачку — за пояс. Картуз — на самыя бровы. Каб Лявон не пазнаў. А ён, бачым, па полі на коніку гойсае. З канца ў канец. Пуга ў яго такая, што калі апяража каго — дзясятаму закажаш.

Але хіцер Зміцер, ды і Саўка не дурны. Я, Мішка і Грышка зашыліся ў кусты. Чакаем. Лявон не спяшаецца, таксама чакае. Чарговую ахвяру. Цэлую гадзіну, а мо і больш ляжым. Вартаўнік нарэшце крануў бакі каня сваімі чобатамі, развярнуўся і ўзяў напрамак на Чачэрск.

Хоць і рэдка, але бульба трапляецца. Шчасце, калі вывернеш цэлы корч, пяць-шэсць дзябёлых прыгажунь там. Дадому са здабычай вяртаемся задаволеныя. Галоўнае, што не пабітыя. Як узнагарода за працу — матчына ўсмешка, цёпленькая рука, што лагодна прайшлася па галаве, і тры словы: малайчына, памочнік, карміцель.

Але такіх вось удач асабіста ў мяне і маіх сяброў было няшмат. Часцей за ўсё ў нашых торбачках гуляла паветра, бо Малявец дзяжурыў да самых прыцемкаў. А з'яўляўся ён на поле нечакана, да пары да часу затаіўшыся ў той ці іншай лагчынцы, пасля чаго рыссю імчаў на нас. Але ж мы давалі драпака, толькі пяткі блішчэлі, у супрацьтанкавы роў, круты спуск і пад'ём якога не давалі каню хуткага ходу, ці да маяка, на планкі-лесвічкі якога «вораг» залазіць не адважваўся. Там і быў наш паратунак.

Праўда, аднойчы Лявон злез з каня і паспрабаваў затрымаць каго-небудзь з дзяцей. Ды атрымаўся канфуз. Бо нейкі штукар-смяльчак са старэйшых хлапцоў на карачках падпоўз да каня і так па-воўчы завыў, што той уподбрыкі рвануў прэч, і Малявец вымушаны быў па ліпкай гразі (а гэта больш за кіламетр) дабірацца дадому пешкі. Тры дні шукаў ён буланага. А той знайшоўся, кажуць, ажно ў Мяркулавічах, што, пэўна, за 18—20 кіламетраў ад райцэнтра.

На шчасце, мне і Мішку ўдавалася пазбягаць няшчадных, з зацяжкамі ўдараў Лявонавага бізуна, які рассякаў цела, надоўга пакідаючы на ім ныючыя болем пакутлівыя крывавыя рубцы. Але іншыя хлопцы, у тым ліку і Грышка, адчулі на сабе гэта напоўніцу.

Але такая вось «экзекуцыя» і самому злосніку-вартаўніку вылазіла бокам: бо не было таго лета, каб яго сад ноччу не абтрушвалі. І тады Лявонава сям'я надоўга забывала, які водар і смак мелі іхнія яблыкі і грушы. Няцяжка здагадацца, хто за ўсім гэтым стаяў.

Намнога пазней мы зразумелі, што змаганне Лявона Маляўца з «раскрадальнікамі і рабаўнікамі сацыялістычнага дабра» было не столькі яго асабістай справай, колькі служэннем той сістэме, якая панавала ў той час.

...а ў кумірах — Сенька Рыжы

На той час ён быў стары ўжо. Дробнага росту, худога целаскладу і гумарны. Сыпаў жартамі, прыпеўкамі і афарызмамі. Па ўсім відаць, начытаны быў. Сухенькая і кульгавая жонка Аніська баялася яго як агню, хоць ніколі ён не ўдарыў яе, як гэта здаралася ў іншых сем'ях. Бяздзетная пара жыла ў маленькай хатцы на беразе Чачоры, што ў кампаніі з Сожам у час вясновага разводдзя гушкала свае воды за якую паўсотню метраў ад іхняга жытла.

Андрэевіч вельмі любіў чарку — ніколі не прапускаў. Грошы ў яго, можна сказаць, не выводзіліся. Бо, маючы ў сваёй уласнасці жакі, сетку-путанку, нераты і «скрыпкі», ён зарабляў на рыбе.

Калі Андрэевіч адпраўляўся на ваду, мы ўтрох часта былі тут як тут. Спускалі на яе лодачку-душагубку, выносілі ў карытцы, якое нагадвала драўляныя начовачкі, сетку, пачыну (вясло, значыць). «Вярнуся гадзіны праз тры, — казаў. — Калі хочаце — сустракайце». Як тут не хацець? Ведалі: без рыбы не застанёмся. Так яно і было. Заўсёды. Сенька выходзіў з лодкі і з кошыка россыпам кідаў на траву штук дваццаць падрыхтаваных для нас плотак, акунёў ды шчупачкоў і задаволена смяяўся, назіраючы, хто з нас ухопіць іх больш. Мы ж пасля дзялілі здабычу пароўну.

Адзіным, каго пабойваўся Андрэевіч, быў рыбінспектар Палякоў, які сачыў за парадкам на водных прасторах ад Гомеля, дзе жыў, да Кармяншчыны. А гэта — кіламетраў, мо, пад 150, калі не болей. Ездзіў ён на маторнай лодцы, узброены пісталетам. А Сенька быў пільны: пачуе матор — сетку ў тое карытца з вады і — шась у прысожскі лазняк. Затоіцца, пачакае і зноў за справу.

Але аднойчы, пры спадзе вады, калі ўжо дзе-нідзе вытыркнуліся з яе астраўкі і Андрэевіч браў напрамак дадому, з прыстані выскачыў Палякоў і паімчаў да Рыжага. Мы з цікавасцю з Замкавай гары за гэтым назіралі. Сенька — на астравок з лодкай. Паспрабуе Палякоў з маторам туды: мелка. Вылезе ён з лодкі і — у гумавых ботах — да рыбака, а той — на глыбіню. Гадзіны паўтары, мабыць, так працягвалася. А потым, бачым, Палякоў дастаў пісталет, паказвае яго Сеньку, а той і ў вус не дзьме. Ведае: не тая сітуацыя, каб страляць у чалавека. Рыбінспектар так і застаўся ні з чым.

Рыбу Сенька прадаваў не на рынку, а разносіў па хатах тым, ад каго быў заказ. Больш за ўсё яе куплялі яўрэі, што жылі ў цэнтры Чачэрска. Асаблівым попытам у іх карысталіся шчупакі, якіх яны фаршыравалі. Атрымаўшы грошы, Андрэевіч браў курс на «Чайную», якой камандаваў Аркадзь Бінкін. І там ужо даваў волю сваёй натуры. Напіваўся моцна, не шкадуючы наліць і каму-небудзь з разявак. Пасля чаго ішоў дадому да Аніські. Ды не даходзіў: выпітае недзе валіла яго з ног. І тут, як на тое, з'яўляўся міліцыянер Лажэвіч (як звалі яго, на жаль, не памятаю) і пачынаў будзіць яго, спрабаваў паставіць на ногі. Без толку. Валодаючы вялікай фізічнай сілай (спецыяльнага транспарту ў міліцыі тады не было), ён узвальваў яго на плечы і нёс. Сенька адразу ж прачынаўся і пачынаў на ўсю іванаўскую гарлапаніць: біты нябітага вязе, біты нябітага вязе! Пасля чаго зацягваў песню «Шумеў камыш». Народ рагатаў так, што міліцыянер адчуваў: ён становіцца пасмешышчам, і зноў спрабаваў паставіць таго на ногі. Але Сенька падаў і пад нейкую частушку ўшыркі раскідваў рукі.

Такая вось камедыя паўтаралася шмат разоў. І не кожны з іх заканчваўся дастаўкай Андрэевіча ў міліцыю, бо Лажэвіч упрошваў каго-небудзь з разявак адвесці таго дадому, калі ён крыху ачомаецца. Перавыхаваць Сеньку Рыжага так нікому і не ўдалося. А калі ён памёр, на пахаванні было шмат людзей. Намнога больш, чым на пахаванні Лажэвіча і Аркадзя Бінкіна, якія пайшлі на той свет пазней.

У нашым дзяцінстве гэты вясёлы і добры чалавек быў кумірам. У маёй галаве да гэтага часу не сцерліся ўспаміны аб ім.

Уладзімір ПЕРНІКАЎ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.