Вы тут

Як жывецца на Ямайцы?


Летась Ямайка прыняла рэкордную колькасць турыстаў — 4,3 млн чалавек (прычым на востраве цяпер 2,8 млн жыхароў). Пра гэта заявілі ва ўпраўленні па турызме краіны (JTB). Як адзначылі ў ведамстве, у параўнанні з 2016 годам рост замежнага турпатоку на востраў-дзяржаву склаў 21,1 працэнта. Пры гэтым 2,3 млн турыстаў прыбылі на Ямайку на самалёце, астатнія — шляхам круізных зносін. Агульны даход ад уязнога турызму — 3 млрд долараў, перадае Travel Russіan News. Чым прываблівае Ямайка?


Таіна, піраты і мароны

Востраў-дзяржава (трэці па плошчы сярод Вялікіх Антыльскіх астравоў), які размешчаны ў Карыбскім моры на поўдзень ад Кубы і на захад ад Гаіці, мае багатую гістарычную спадчыну. У старажытнасці карэнныя жыхары Ямайкі — індзейцы таіна. Востраў быў адкрыты Хрыстафорам Калумбам у 1494 годзе. Калумб назваў яго ў гонар каралеўскай пары востравам Фердынанда і Ізабэлы. Гэтая «шыльда» не прыжылася, востраў захаваў мясцовую назву — Ямайка (з мовы індзейцаў перакладаецца як «востраў крыніц» або «зямля крыніц»). Сваё першае паселішча тут іспанцы заснавалі ў 1509 годзе. Да іх прыходу Ямайку засялялі індзейцы, колькасць якіх дасягала 60 тысяч чалавек. За перыяд іспанскага панавання індзейцы на востраве зніклі амаль цалкам — да 1611 года тут налічвалася ўсяго 74 індзейцы. У якасці працоўнай сілы іспанцы ўжо ў пачатку XVІ стагоддзя пачалі завозіць неграў-рабоў з Афрыкі.

Аднак іспанцы за паўтара стагоддзя каланізавалі востраў не надта актыўна, і ў 1655 годзе яго захапілі англічане (афіцыйна Ямайка была абвешчаная брытанскай калоніяй у 1670-м). На беразе шырокай натуральнай гавані, недалёка ад цяперашняга Кінгстана, англічане пабудавалі форт. Каля форта стаў расці горад Порт-Раял. Неўзабаве ён набыў славу «самага грэшнага горада ва ўсім хрысціянскім свеце», паколькі сюды з вострава Тартуга перамясцілася «сталіца» марскіх разбойнікаў. У канцы XVІІ стагоддзя ў горадзе Порт-Раял было восем тысяч жыхароў, з іх паўтары тысячы піратаў. Яны рабавалі іспанскія караблі, звозілі здабычу ў Порт-Раял, што прывяло да росквіту горада. Аднак 7 чэрвеня 1692 года большая частка гэтага «распуснага Вавілона» ў выніку землятрусу знікла ў марской бездані. Узрадаваная царква каталіцкай Іспаніі паспяшалася паведаміць, што «Бог пакараў бязбожны горад за грахі».

Аднак да таго часу англічане ўжо грунтоўна атаварыліся на Ямайцы, ператварыўшы востраў у буйную «цукровую» калонію — тут інтэнсіўна развіваліся плантацыі цукровага трыснягу. Большая іх частка размяшчалася на раўнінах поўдня вострава. Унутраныя раёны выкарыстоўваліся для выпасу жывёлы. Прамысловасць Ямайкі вырабляла цукар-сырэц, патаку-меласу і знакаміты ямайскі ром. Англічанам дастаўлялі немалы клопат паўстанні неграў-рабоў. За прыкладна 150 гадоў, да пачатку XІX стагоддзя, было не менш за 30 такіх паўстанняў. Ужо ў другой палове XVІІ стагоддзя ў найбольш аддаленых горна-лясістых раёнах Ямайкі ўладкаваліся мароны — збеглыя негры-рабы і іх нашчадкі, якія стварылі нешта накшталт уласнай дзяржавы. Яны здзяйснялі набегі з мэтай захопу жывёлы і дзеля іншых рабаванняў, і ў выніку англічане ў канцы XVІІІ стагоддзя правялі дэпартацыю маронаў у Афрыку (у Сьера-Леонэ яны заснавалі горад Фрытаўн).

У XІX стагоддзі, пасля адмены рабства ў 1833 годзе, для англійскіх плантатараў на Ямайцы наступілі «дрэнныя часы». Вызваленне неграў-рабоў істотна падарвала плантацыйную гаспадарку Ямайкі. Завоз працоўных-кантрактнікаў з Індыі і Кітая не выправіў сітуацыю. Вытворчасць цукру на Ямайцы рэзка скарацілася. Да таго ж павялічылася канкурэнцыя з-за росту выпрацоўкі бураковага цукру ў Еўропе і павелічэння вытворчасці на Кубе і Яве.

Прэзідэнт ці каралева?

У XX стагоддзі эканамічная сітуацыя на Ямайцы істотна змянілася ў выніку прытоку інвестыцый з ЗША. Кампаніі з гэтай краіны арганізавалі тут буйную экспартную вытворчасць бананаў, а таксама какавы, кавы і какосаў. Амерыканцы заняліся і развіццём інфраструктуры вострава (сярод іншага з'явілася чыгуначная сетка). У 1943 годзе было ўведзена ўсеагульнае выбарчае права, у 1944-м — частковае самакіраванне. У 1959 годзе тэрыторыя атрымала ўнутранае самакіраванне, а 6 жніўня 1962 года Ямайка стала незалежнай дзяржавай.

Краіна дасюль з'яўляецца каралеўствам, улада ажыццяўляецца ў выглядзе канстытуцыйнай манархіі. Кіраўнік дзяржавы — брытанскі манарх (каралева Вялікабрытаніі Лізавета ІІ), прадстаўлены генерал-губернатарам, які прызначаецца ім па рэкамендацыі прэм'ер-міністра Ямайкі. Генерал-губернатар ажыццяўляе ад імя каралевы ўладу ў краіне. Ён падпісвае ўсе законапраекты і прызначае прэм'ер-міністра (з членаў партыі, якая перамагла на выбарах). Пры генерал-губернатары функцыянуе кансультацыйны орган з шасці членаў — Таемны савет, які фарміруецца ім па рэкамендацыі кіраўніка ўрада. Па яго ж прадстаўленні генерал-губернатар прызначае членаў урада.

Знешнепалітычны курс краіны істотна вагаўся ў залежнасці ад таго, якая партыя стаяла ва ўладзе. Так, урад Лейбарысцкай партыі Ямайкі (ЛПЯ) у 1962—1972 гадах арыентаваўся на ЗША і Вялікабрытанію. Кабінет, сфарміраваны Народнай нацыянальнай партыяй у 1972—1980 гадах, рабіў упор на лозунгі недалучэння і салідарнасці з краінамі «трэцяга свету», умацоўваў адносіны з Кубай. ЛПЯ, вярнуўшыся да ўлады, разарвала адносіны з «востравам свабоды» і зноў пераарыентавалася на ЗША. Праўда, у канцы 1980-х сітуацыя змянілася — Ямайка праводзіць больш узважаную знешнюю палітыку.

Цікава, што ў 2012-м, у год 50-годдзя здабыцця незалежнасці ад Злучанага Каралеўства, дзяржава выказала жаданне выйсці з Садружнасці нацый і стаць «паўнавартаснай» рэспублікай. Пра гэта ў сваёй інаўгурацыйнай прамове заявіла тагачасны прэм'ер-міністр Ямайкі Паршэ Сімпсан-Мілер. Букінгемскі палац адказаў, што рашэнне аб дзяржаўным ладзе Ямайкі — за насельніцтвам дзяржавы, а не за кімсьці іншым. У 2016 годзе ў The Іndependent з'явілася інфармацыя аб тым, што ямайскія ўлады пачынаюць абмеркаванне маштабнай канстытуцыйнай рэформы, якая, у ліку іншага, зменіць дзяржаўную форму праўлення з канстытуцыйнай манархіі на парламенцкую рэспубліку. Генерал-губернатар Ямайкі Патрык Ален апублікаваў адпаведную прапанову ў пасланні да парламента. Паводле яго слоў, мяркуецца, што брытанскую каралеву Лізавету ІІ, якая з'яўляецца фармальным кіраўніком дзяржавы, зменіць прэзідэнт з мінімумам уладных паўнамоцтваў. Таксама новы закон прапануе ўвесці фіксаваныя даты выбараў прэм'ер-міністра і абмежаваць тэрмін яго знаходжання ва ўладзе. Для ўступлення ў сілу гэтыя прапановы павінны быць адобраны заканадаўчай уладай. Пераўтварэнні меркавалася зрабіць на працягу двух гадоў. Пры гэтым у парламенце прапануюць дапоўніць закон пакетам антыкарупцыйных паправак. Варта заўважыць, што пакуль адпаведныя рэформы не рэалізаваныя.

Прыцягненне Боба Марлі

Найважнейшым стратэгічным карысным выкапнем астраўной дзяржавы з'яўляюцца баксіты, па запасах якіх Ямайка займае вядучае месца ў свеце. Адпаведна галоўны кірунак прамысловасці — апрацоўка гэтых рэсурсаў для адпраўкі іх на экспарт. Разам з алюмініем, гліназёмам, лесам (пад якім цяпер 1/5 частка тэрыторыі) і значным водным патэнцыялам гэта галоўная прыродная скарбонка Ямайкі. Каля 20 працэнтаў працуючых занятыя ў сельскай гаспадарцы. Гэтая сфера забяспечвае пастаўкі за мяжу шэрагу харчовых пазіцый, сярод якіх цукар, кава, сусветна вядомы ром.

Галоўным сектарам эканомікі Ямайкі безумоўна з'яўляецца сфера абслугоўвання, дзе фарміруецца больш за 60 працэнтаў агульнага аб'ёму валавога ўнутранага прадукту. Асноўныя крыніцы даходаў у канверсоўнай валюце — апроч грашовых паступленняў ад тых, хто працуе за мяжой (20 % ВУП), абслугоўванне турыстаў. Прычым аб'ёмы прыезджых стабільна павялічваюцца. І нездарма — турысты належным чынам ацанілі перавагі краіны на Карыбах. Некалькі гадоў таму найбуйнейшы ў свеце сайт аб падарожжах TrіpAdvіsor склаў рэйтынг лепшых астравоў для наведвання. У першую тройку трапіла Ямайка. Урад астраўной дзяржавы ўсяляк заахвочвае інвестыцыі ў развіццё турызму і стварэнне новых сумесных прадпрыемстваў. Прычым накіроўваюцца інвестыцыі не толькі ў развіццё элітных гатэляў, але і гасцініц, разлічаных на клас эканом, каментуе Jamaіca Gleaner. Сталіца Ямайкі — Кінгстан — уключана ў спіс крэатыўных гарадоў ЮНЕСКА ў музычнай катэгорыі. На думку ямайскага кіраўніцтва, гэта дазволіць абнавіць горад і прыцягнуць больш замежных турыстаў. Міністр турызму Ямайкі Даміён Кроўфард назваў гэтую падзею «значным дасягненнем», якое можа ўмацаваць імідж краіны і будзе спрыяць яе развіццю, паведамляе Jamaіca Observer.

Насамрэч Ямайка — радзіма растафары і рэгі. Найвядомейшы ў свеце выканаўца рэгі — Боб Марлі. Дасюль апроч 70 афіцыйных пляжаў адметнасцю вострава называюць дом-музей і маўзалей легендарнага музыканта. Ён і праз 37 гадоў пасля смерці тут застаецца ямайцам нумар адзін. «Сёння пятніца, другая гадзіна дня. У гэты час вы можаце пачуць толькі рэгі. Я сяджу ў сваёй кватэры ў Кінгстане і чую, як Боб Марлі пераклікаецца сам з сабой злева, справа і зверху. Гэта дзіўнае вар'яцтва», — расказваў галоўны трэнер зборнай Ямайкі з 2013 па 2016 год, адзін з галоўных футбольных падарожнікаў у свеце Вінфрыд Шэфер, перадае champіonat.com. Ямайка з'яўляецца адным з самых папулярных турыстычных напрамкаў у Карыбскім басейне, асабліва вядомая сваімі курортамі па сістэме «ўсё ўключана». Востраў поўны легендарных турыстычных мясцін, сярод іх — Мантэга-Бай, Негрыл, Оча-Рыас.

Зрэшты, хапае тут і сваіх «падводных камянёў». Паўстагоддзя таму турызм на Ямайцы сапраўды пачынаўся з тусовак, якія ладзілі «дзеці кветак», аднак сёння «музыку» на востраве заказваюць іншыя кліенты — багатыя амерыканцы, канадцы і еўрапейцы, заўважае rosbalt.ru. Хтосьці знаходзіцца тут выключна дзеля прыемнага гультайства, але нямала і тых, хто прыехаў для актыўнага адпачынку. Як гэта часта бывае, за агароджай гатэляў сітуацыя зусім іншая, у тым ліку і ў сэнсе крыміналу. Турыстам цалкам абгрунтавана не раяць разгульваць у адзіночку за варотамі «курортных рэзервацый», асабліва з надыходам цемры і без ведання мовы. Адзіночны турызм на востраве так і не прыжыўся.

Захар БУРАК

Дзейны прэзідэнт Егіпта Абдэль Фатах ас-Сісі атрымаў падчас галасавання на выбарах кіраўніка дзяржавы каля 22 мільёнаў галасоў выбаршчыкаў — 97 % ад агульнай колькасці тых, хто прагаласаваў. Аб гэтым заявіў старшыня цэнтральнай выбарчай камісіі Лашын Ібрагім. Такім чынам, ас-Сісі зноў зойме прэзідэнцкае крэсла на наступныя чатыры гады. Новаабраны прэзідэнт Егіпта прынясе прысягу перад Палатай прадстаўнікоў у пачатку чэрвеня, пасля чаго пачнецца адлік яго другога тэрміну. Што адбываецца ў адной з ключавых краін Чорнага кантынента?


Ісламісты і вайскоўцы

Унутраная палітыка Арабскай Рэспублікі Егіпет вызначаецца яе эканамічнымі перавагамі. Зараз найбольшыя паступленні ў казну дзяржавы забяспечваюць плацяжы за права праходу суднаў па Суэцкім канале. На другім месцы — турызм, які атрымаў у апошнія гады асаблівы статус у краіне. На трэцім месцы — здабыча нафты і газу. Такім чынам, унутраная палітыка краіны арыентавана перш за ўсё на падтрыманне і развіццё бюджэтаўтваральных кірункаў. Кампаніі, што ствараюцца ў Егіпце для інвестыцый, напрыклад, у турбізнесе, атрымліваюць важкія падатковыя льготы. У краіну дазволены ўвоз любой валюты ў неабмежаванай колькасці.

Заахвочваюцца інвестыцыі замежных кампаній у нерухомасць. Пры ўсім гэтым Егіпет трыццаць гадоў фактычна быў краінай аднаго кіраўніка. Прэзідэнтам рэспублікі з 1981-га з'яўляўся нязменны Хосні Мубарак. Палітыка, якую ён праводзіў, на працягу дзесяцігоддзяў не выклікала актыўнага пратэсту большасці насельніцтва. Мубарака зрынула хваля народнага гневу ў ходзе «арабскай вясны». Прэзідэнт падаў у адстаўку пасля 18 дзён дэманстрацый і агульнанацыянальнай забастоўкі.

У выніку ў лютым 2011-га ўлада перайшла да вайскоўцаў, традыцыйных захавальнікаў стабільнасці ў дзяржаве. 16 чэрвеня 2012 года ў краіне прайшлі выбары — пераможцам аказаўся стаўленік умеранай ісламісцкай групоўкі «Браты-мусульмане». Ісламісты падтрымалі Мурсі, аднак грамадства ў цэлым аказалася расколатае. Улада новаабранага прэзідэнта аказалася нетрывалай — у лістападзе 2012-га ён выдаў указ, які надзяляе яго практычна неабмежаванай уладай у імя абароны рэвалюцыі. Сам кіраўнік адзначаў, што мае на мэце абарону Устаноўчага сходу, які павінен быў напісаць краіне новую канстытуцыю. У чэрвені 2013-га, у гадавіну прыходу Мурсі да ўлады, шматмільённыя маршы вымусілі ваенных умяшацца. Генерал Абдэль Фатах ас-Сісі прад'явіў Мурсі ўльтыматум і запатрабаваў вырашыць супярэчнасць з пратэстоўцамі на працягу дваіх сутак. Ваенныя дэ-факта ўзялі ўладу ў свае рукі, прэзідэнт-ісламіст быў зрынуты.

Цяжкія рэформы

У студзені 2014-га краіна прыняла новую канстытуцыю — за яе прагаласавалі 98 працэнтаў выбаршчыкаў. Праз паўгода ас-Сісі, фактычна кіруючы краінай на той момант, выйграў прэзідэнцкія выбары. Людзі чакалі ад прыходу ваенных нармалізацыі сітуацыі ў краіне і стабільнасці. Ас-Сісі абвясціў «перыяд цяжкай працы» — ён заклікаў суграмадзян уставаць у пяць раніцы і аддаваць працы ўсе сілы. Ён ахвяраваў у бюджэт палову сваёй маёмасці, многія чыноўнікі і бізнесмены ўзялі з яго прыклад. 140 мільёнаў долараў выдзеліла армія. Краіна пачала балючыя эканамічныя рэформы — інфляцыя падскочыла да 34 працэнтаў, аднак ас-Сісі растлумачыў: кароткі перыяд нягод забяспечыць эканамічны росквіт у будучыні. Прэзідэнт таксама абвясціў рэформу і мадэрнізацыю ісламу. Ён прапанаваў выключыць з падручнікаў рэлігійных школ заклікі да гвалту і ўслаўленне жорсткасці. Прэзідэнт нават прыехаў на калядную імшу ў хрысціянскі храм і пажадаў вернікам шчаслівых Калядаў.

Былы прэзідэнт Мурсі ў гэты час быў прыгавораны да смяротнага пакарання. Прысуд потым адмянілі. Зараз Мурсі сядзіць у турме. Тым не менш дагэтуль Егіпет узрушваюць тэракты. У 2015-м, напрыклад, начыненая выбухоўкай машына ўзарвалася на шляху картэжа пракурора Хішам Бараката. Чыноўнік загінуў. Армія краіны вядзе безвыніковую барацьбу з ісламістамі Сінайскага паўвострава, раз'юшанымі звяржэннем Мурсі. Мясцовыя тэрарысты прысягнулі на вернасць баевікам «Ісламскай дзяржавы» і прынялі назву «Вілаят Сінай». Менавіта яны заклалі бомбу на борт расійскага пасажырскага самалёта A321, з-за выбуху якой загінулі 224 чалавекі. Баевікі не шкадуюць ні хрысціян-коптаў, ні нават братоў па веры. 24 лістапада 2017 года яны напалі на мячэць эр-Роўд у ваколіцах горада Арыш. Тады былі забітыя больш за 300 чалавек. Цяжкая абстаноўка з бяспекай падарвала турыстычную галіну: калі да «арабскай вясны» ў Егіпет прыязджалі да 15 мільёнаў турыстаў штогод, то сёння ад паездак у краіну пірамід перасцерагаюць улады шэрагу дзяржаў.

Два дзіцяці на сям'ю

Егіпет з'яўляецца самай населенай дзяржавай на Блізкім Усходзе і другой па колькасці насельніцтва на афрыканскім кантыненце. Паводле апошніх даных, тут пражывае амаль 95 мільёнаў чалавек. Яшчэ дзевяць мільёнаў егіпцян знаходзяцца за мяжой. Насельніцтва хутка павялічвалася ў перыяд з 1970 па 2010 год у сувязі з дасягненнямі ў медыцыне і павышэннем прадукцыйнасці сельскай гаспадаркі, так званай зялёнай рэвалюцыі. Пры ўварванні Напалеона ў 1798 годзе колькасць жыхароў Егіпта налічвала ўсяго тры мільёны, у 1939-м — 16,5 мільёна. Насельніцтва сканцэнтравана ўздоўж і ў дэльце ракі Ніл (у прыватнасці, у Каіры і Александрыі), а таксама паблізу Суэцкага канала.

Летась міністр аховы здароўя і народанасельніцтва Егіпта Ахмед Імада эд-Дзін і міністр мясцовага развіцця Мухамед Хішам аш-Шэрыф абвясцілі аб запуску стратэгічнага плана па кантролі за нараджальнасцю пад назвай «Развіццё Егіпта: толькі два дзіцяці на сям'ю». Як адзначыў кіраўнік міністэрства аховы здароўя, змагацца з рэзкім прыростам насельніцтва перш за ўсё неабходна з дапамогай павышэння ўзроўню адукаванасці, працаўладкавання жанчын і прадухілення ранніх шлюбаў. Паводле яго слоў, «кантрацэпцыя — апошняе, на што варта спадзявацца пры рэалізацыі гэтай стратэгіі». Рэлігійныя ўстаноўкі, на яго думку, «таксама адыграюць важную ролю ў працэсе павышэння ўзроўню праінфармаванасці насельніцтва».

У 2005 годзе ўзровень нараджальнасці ў Егіпце складаў у сярэднім 2,5 дзіцяці, а цяпер ён вырас да 3,5. «Альбо прырост насельніцтва і далей будзе разбураць Егіпет, альбо мы вырашым гэтую праблему», — заявіў Ахмед Імада эд-Дзін. Насельніцтва Егіпта штогод павялічваецца больш чым на два мільёны чалавек. Як адзначыў міністр мясцовага развіцця, калі прырост працягнецца такімі ж тэмпамі, праз тры гады ўрад Егіпта будзе абавязаны забяспечыць насельніцтва 20 тыс. дзіцячых садоў, праз шэсць гадоў — 100 тыс. школ, а праз 25 гадоў — дадатковымі двума мільёнамі працоўных месцаў. Раней у шэрагу рэгіёнаў Егіпта дзейнічалі праграмы бясплатнага распаўсюджання сродкаў кантрацэпцыі, але, як правіла, па рэлігійных меркаваннях шмат хто адмаўляецца ад удзелу ў іх. Для Каіра нормай лічыцца два — чатыры дзіцяці на сям'ю, для больш бедных сельскіх раёнаў — ад шасці і вышэй.

На першы погляд, дзяржаўная палітыка па скарачэнні нараджальнасці ў мусульманскай краіне (больш за тое — у адным з цэнтраў мусульманскага свету) — нерэальная задача. Аднак варта ўлічваць той факт, што галоўным ініцыятарам гэтай праграмы ў Егіпце сталі не два міністры, а асабіста прэзідэнт Абдэль Фатах ас-Сісі. Гэта ён забіў трывогу, калі атрымаў лічбы штогадовага прыросту насельніцтва краіны на 2,5 мільёна чалавек. Прэзідэнт Егіпта паставіў пагрозу росту насельніцтва ў адзін шэраг з пагрозай тэрарызму. «Дзве галоўныя праблемы, якія стаяць перад нашай дзяржавай, — тэрарызм і рост насельніцтва. Гэтыя праблемы значна абцяжарваюць наш рух наперад», — сказаў ён. Характэрна, што гэтая заява была зроблена менавіта на маладзёжным форуме. Матывацыя ас-Сісі выключна эканамічная. Чыста матэматычныя падлікі егіпецкага ўрада такія: калі скараціць нараджальнасць хоць бы да 2,4 мільёна ў год, то да 2030-га ўдасца сэканоміць да 11 мільярдаў долараў.

Універсітэт аль-Азхар — найбуйнейшая ў суніцкім свеце мусульманская навучальная ўстанова, абсалютны аўтарытэт для ўсіх мусульман не толькі ў Егіпце, нечакана падтрымаў ініцыятыву свецкай улады. Ён апублікаваў фетвы, у якіх сказана, што іслам у прынцыпе не забараняе планаванне сям'і.

Суэц і новая сталіца

За свой першы прэзідэнцкі тэрмін ас-Сісі многае зрабіў: будаваў дарогі, жыллё, электрастанцыі, мацаваў абарону. Сярод маштабных праектаў — пашырэнне Суэцкага канала, стварэнне новай сталіцы. У шэрагу дасягненняў ас-Сісі — дамоўленасці з Саудаўскай Аравіяй і Аб'яднанымі Арабскімі Эміратамі аб істотнай фінансавай падтрымцы, шмат у чым дзякуючы поспехам у барацьбе супраць «Братоў-мусульман». Аднак усё роўна трэба было залазіць у даўгі да МВФ, які выдзеліў Егіпту 21 млрд долараў на даволі жорсткіх умовах. У выніку егіпцянам прыйшлося зноў зацягваць паясы.

Увогуле, ас-Сісі ўступае ў свой другі прэзідэнцкі тэрмін у няпростых для Егіпта ўмовах. «Ён робіць фантастычную працу ў вельмі складанай сітуацыі», — так сказаў пра кіраўніка Егіпта прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пасля іх сустрэчы ў мінулым годзе ў Вашынгтоне. Як заявіў «Коммерсанту» афіцыйны прадстаўнік МЗС Егіпта Ахмед Абу Зейд, падчас свайго першага тэрміну прэзідэнту краіны ўдалося актывізаваць адносіны з усімі замежнымі партнёрамі краіны. З тым, што Каір вяртае сабе пазіцыі на Блізкім Усходзе, згодныя і іншыя эксперты. Зрэшты, знешнепалітычных партнёраў Егіпта прэзідэнт цалкам задавальняе як узважаны і моцны палітык, які вядзе непрымірымую барацьбу з тэрарызмам. Аднак для павышэння ўзроўню бяспекі ў краіне яшчэ неабходна прыкласці шмат намаганняў. Дарэчы, наколькі гэта складана, паказвае беспрэцэдэнтная ваенная аперацыя на Сінайскім паўвостраве. Перамагчы тэрарыстаў да выбараў, як меркаваў ас-Сісі, не ўдалося.

Захар БУРАК

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Востраў рэгі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».