Вы тут

Святло ад сям'і Івановых


Мастацкае асяроддзе Мінска дазваляе не губляць святочны настрой: у галерэі «Арцель» пачала работу выстаўка жывапісу Рыгора, Наталлі, Галіны і Дар'і Івановых «Святло Раства».


Праект размеркаваны па дзвюх залах выставачнай прасторы. Спачатку вы трапіце ў казачную атмасферу белай залы, дзе прадстаўлены мастацкія кампазіцыі Наталлі, Галіны і Дар'і Івановых. Наталля стварае паэтычныя і ўзнёслыя мастацкія творы. Яе работы, нібыта чароўныя сны, у якіх ты можаш затрымацца нават пасля прагляду выстаўкі. Мастачка абуджае ў чалавеку ўнутранае дзіця, у якім жыве творчы пачатак.

Творы дзяўчат Галіны і Дар'і зусім іншыя. Маладыя аўтаркі больш засяроджваюцца на рэальнасці. Але праз сваю творчасць яны імкнуцца патрапіць у свет нерэальны, чароўны, загадкавы, які існуе паралельна з нашым. Дзяўчаты шукаюць для сябе новыя эмоцыі і дзеляцца імі з публікай.

Пасля рамантычнай жаночай мастацкай часткі глядач трапляе ў абсалютна адрозную ад папярэдняй шэрую залу, дзе прадстаўлены «калядныя» абстракцыі Рыгора Іванова. Тут па-іншаму пабудаваны колеравы шэраг: здаецца, мастак стварыў вокны, дзе бачыш асобнае жыццё. Прастора для фантазіі вольная. Кожнае акно — шанц адкрыць для сябе дзень па-новаму, адчуць паток энергіі альбо вярнуцца ў нейкі прыемны момант жыцця.

Пры тым, што ўсе мастакі пазіцыянуюць сябе незалежнымі адзін ад аднаго творцамі, агульныя рысы ў іх творчасці можна заўважыць. Магчыма, таму, што кожны з іх імкнецца ўнесці пачуццё радасці, захаваць мяккасць твораў. Усе Івановы напаўняюць прастору палатна і сонцам, і сусветам, і багатай палітрай станоўчых эмоцый.

Выстаўкай «Святло Раства» галерэя «Арцель» адкрыла вялікую серыю праектаў «Знакамітыя мастацкія дынастыі Беларусі», якая будзе накіравана на вывучэнне патэнцыялу сямейнай творчасці ў краіне. Па словах мастацтвазнаўцы Наталлі Сяліцкай, такі праект быў патрэбны даўно: каб зразумець, якім чынам будуюцца адносіны ў творчых сем'ях, і як мастакі прымудраюцца не капіраваць адзін аднаго. Праект Івановых «Святло Раства» стаў першым у гэтай серыі менавіта таму, што гэтая дынастыя жадае і ўмее ствараць свята не толькі для сябе, але і для людзей, якія цікавяцца мастацтвам.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».