Вы тут

Мелодыя-малітва як памяць пра злачынствы супраць чалавека


У дзень, калі ва ўсім свеце згадваюць ахвяр Халакосту, у Беларусі адбудзецца асаблівы канцэрт: Музычная капэла «Санорус» прадставіць праграму «Кадзіш». У канцэртнай зале «Верхні горад» збяруцца былыя вязні канцлагераў, тыя, хто пацярпеў ад генацыду, члены Беларускага таварыства «Узаемаразуменне і прымірэнне», прадстаўнікі пасольстваў Ізраіля, Польшчы, Францыі. Канцэрт адбудзецца пры падтрымцы пасольства Германіі ў Беларусі.


Прагучыць музыка замежных і беларускіх кампазітараў, якая так ці інакш звязана з падзеямі, пра якія ўспамінае ўвесь свет. Менавіта 27 студзеня савецкімі войскамі быў вызвалены канцэнтрацыйны лагер «Асвенцім» і адкрылася жудасная праўда пра нянавісць на нацыянальнай глебе, праз якую была створана цэлая сістэма знішчэння людзей. Гэта закранула і нашы землі, дзе падчас Другой сусветнай вайны знішчаліся насельнікі яўрэйскіх гета, а шмат хто таксама трапляў у лагеры смерці. Успомніць ахвяр антысемітызму, ксенафобіі і нецярпімасці прапануюць канцэртам-памяццю, арганізаваным аркестрам і хорам заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь «Музычная капэла «Санорус» Мінскай вобласці» пад кіраўніцтвам Аляксандра Хумалы. Малады дырыжор, выхаванец беларускай музычнай школы, які ўдасканальваў сябе ў Ротэрдамскай кансерваторыі, быў адзначаны на міжнародных конкурсах, цяпер імкнецца працаваць на радзіме ярка, ствараючы адметныя праграмы. І ў гэтым канцэрце ён сабраў выдатных салістаў, лаўрэатаў міжнародных конкурсаў: скрыпачоў Ксенію Бельцюкову і Аксану Герасімёнак, Аляксандра Іванова (альт), Ірыну Кучынскую (сапрана). Удзельнічае і народны артыст Беларусі Уладзімір Пятроў.

Назву праграме дала сумная яўрэйская песня-малітва, што мае назву «Кадзіш». Яе апрацаваў французскі кампазітар Марыс Равэль у пачатку ХХ стагоддзя. Мелодыя, што суцяшае, адкрывае сэрца для любові. Малітоўны настрой са зваротам да Бога акрамя гэтай песні адлюстраваў нямецкі кампазітар Макс Брух — прагучыць яго твор «Кол Нідрэй». Музыка французскага кампазітара Франсіса Пуленка, які перажыў дзве сусветныя вайны, звяртаецца да людей: прагучыць урывак з кантаты «Твар чалавечы».

Чакаюцца прэм'еры для Беларусі: упершыню ў нас прагучыць твор нямецкага кампазітара Арнольда Шэнберга «Ацалелы з Варшавы» і «Спакойная ноч» польскага кампазітара Хенрыка Мікалая Гурэцкага.

У такім канцэрце немагчыма было абмінуць мелодыі амерыканскага кампазітара Джона Уільямса з кінафільма «Спіс Шындлера». Таксама як і творы беларускіх кампазітараў: прагучыць арыя для скрыпкі і аркестра Льва Абеліёвіча і «Не той горад» Вольгі Подгайскай. У нас свае асобы ў музыцы з асаблівым адчуваннем гэтай тэмы. Таксама як ёсць і свая гісторыя памяці тых падзей.

Марыя АСІПЕНКА

Загаловак у газеце: У тым горадзе...

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.