Вы тут

Судовыя эксперты: Падрабляюцца амаль усе віды дакументаў


Дакументы — тое, з чым непарушна звязаны шлях чалавека ад нараджэння і да самай смерці. І, канешне ж, гэтыя паперы становяцца вельмі прыцягальным аб'ектам для іх фальсіфікацыі. Зрэшты, цяпер злачынцаў вывесці на чыстую ваду можна. Як гэта адбываецца, «Звяздзе» расказалі спецыялісты Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз.


— Безліч спраў звязана з грашовай падаплёкай, — кажа вядучы дзяржаўны судовы эксперт аддзела экспертыз дакументаў і грашовых знакаў упраўлення экспертыз дакументаў і грашовых знакаў галоўнага ўпраўлення крыміналістычных экспертыз цэнтральнага апарата Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Андрэй Кучын. — Вось толькі ўзнікаюць яны часцяком з-за элементарнай неахайнасці. Напрыклад, дырэктары арганізацый пакідаюць на ўсялякі выпадак чыстыя аркушы паперы, на якія ставяць свае подпісы і адбіткі пячатак. Злачынца пасля падстаўляе ў гэтую загатоўку абсалютна любы тэкст, які і прыводзіць да парушэння закона. Заводзіцца крымінальная або адміністрацыйная справа, пачынаецца разбіральніцтва, што было зроблена раней — рэквізіты або тэкст. Следчы пытаецца: а ці разумелі, што вашай даверлівасцю могуць скарыстацца зламыснікі ў сваіх мэтах? І ў адказ чуецца, як правіла, што, маўляў, я адпраўляўся ў працяглую камандзіроўку ці адпачынак, і трэба было падпісаць вельмі важныя дакументы па рабоце. Вось так хацеў сэканоміць час — а ў выніку парушыў правілы справаводства і самахоць трапіў пад прыцэл праваахоўных органаў.

А вось у грамадзянскай сферы падрабляюць ледзь не ўсю наменклатуру дакументаў. Напрыклад, возьмем тое ж завяшчанне. Быў у нас такі тастамент, у якім, здавалася, усё выглядае вельмі добра. Дадруковак ніякіх не было, як і дапісак. І здавалася б, і завярэнне натарыусам ёсць, але... Высветлілася, што якраз яно і было фальшывае. Подпісы і пячаткі таксама былі падробныя, іх раздрукавалі на прынтары.

— А ці даводзілася сутыкацца з тым, што пячатка была згублена, а пасля знайшлася?

— Быў такі выпадак у нас. Мы праводзілі экспертызу пячаткі, якая адрознівалася ад адбітка малапрыкметнай драбязой. Мы вырашылі пацікавіцца, ці не змянялася ў арганізацыі пячатка. І аказалася, што гэта адбылося. Проста яе аднавілі па эскізах у арганізацыі, дзе раней зрабілі згублены арыгінал. І вось тое невялікае адрозненне эксперт і знайшоў. А калі ініцыятар экспертызы прадастаўляў узоры пячаткі, то пра гэтую акалічнасць вырашыў не паведамляць.

— Знакаміты пісьменнік Дунін-Марцінкевіч калісьці быў членам падпольнага сіндыката, які займаўся падробкай дакументаў падчас «разбору шляхты». Існуе версія, што ён наўмысна састарваў дакументы. А ці робіцца нешта падобнае цяпер?

— Трапляла да нас такое завяшчанне. Візуальна здавалася, што тэкст набраны на друкарскай машынцы. Але аналіз паказаў, што паперу аддрукавалі на звычайным прынтары, проста падабралі шрыфт падобны з інтэрнэту.

Факс, якога не было

— Мы можам аднавіць звесткі і на абясколеранай тэрмапаперы, — кажа начальнік аддзела экспертыз дакументаў і грашовых знакаў упраўлення экспертыз дакументаў і грашовых знакаў галоўнага ўпраўлення крыміналістычных экспертыз цэнтральнага апарату Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Арцём Макарэвіч. — Вось вы бачыце гэты невялікі кавалак паперы. Што гэта такое?

— Падобна па памеры на чэк. Але тут жа нічога не надрукавана. Толькі нейкія кругі.

— Не зусім так. Калісьці тэкст тут быў, але выцвіў. А цяпер мы зробім вось так, — з гэтымі словамі Арцём Макарэвіч кладзе чэк пад лінзу апарата. І праз некалькі секунд на экране з'яўляюцца радкі з тэкстам, які пакідае касавы апарат.

— Тэрмапапера выкарыстоўваецца і пры факсімільнай сувязі, — працягвае Андрэй Кучын. — Некалькі год таму мы разбіралі вельмі цікавую справу. Чалавек прадставіў банку раздрукоўку факсавага дакумента, па якой хацеў зняць з рахунка даволі вялікую суму грошай. Арыгінала ў яго не было, маўляў, ён недзе прапаў. Спецыялісты банка паставіліся да кліента з падазрэннем і звярнуліся ў следчыя органы. Была прызначана экспертыза. А вынік аказаўся нечаканы. Высветлілася, што гэты дакумент наогул ніколі не дасылаўся па факсе, а фактычна ўяўляе сабой «канструктар» з кавалкаў іншых папер. Напрыклад, частка інфармацыйнага радка, які абавязкова пакідае факс, была раздрукавана на звычайным лазерным прынтары і пасля ўманціравана ў тэкст. Махінацыі з дакументамі выходзяць і на міжнародны ўзровень. Напрыклад, у Беларусь аднойчы па абмене мусіў прыехаць адзін студэнт з Паўднёва-Усходняй Азіі. Але пасля з гэтага дакумента зрабілі загатоўку, па якой мог прыехаць хто заўгодна. І так у нашу краіну трапіла 57 чалавек замест аднаго. І каб не кемлівасць нашых памежных органаў, то гэты лік павялічваўся б і надалей.

Аб карысці літары Z

А вось «пагарэць» на фінансавых справах неспрактыкаванаму чалавеку вельмі лёгка. Эксперты прыгадваюць выпадак, калі фірма мусіла выплаціць жанчыне даволі вялікія грошы — 5500 рублёў. Доўг вісеў даволі працяглы час, жанчына звярнулася ў суд і яго выйграла. А вось далей падзеі разгортваліся ў лепшых традыцыях 1990-х гадоў.

— Жанчыну выклікалі ў фірму і паабяцалі доўг вярнуць, але зрабіць гэта часткамі, — згадвае Арцём Макарэвіч. — Яна пагадзілася на гэта. У якасці першага траншу атрымала суму ў 500 рублёў, што і было адлюстравана ў адпаведным акце. Але яна не звярнула ўвагу на тое, што перад лічбай было пакінута белае поле, ды і суму, напісаную тэкстам, яна таксама не прачытала. Невялікая махінацыя з боку бухгалтара — і лёгкім дотыкам рукі 500 рублёў імгненна ператвараюцца ў 5500. Вось так увесь доўг быццам і спісаўся адным махам. Праз месяц жанчына зноў ідзе па грошы ў фірму. А ёй кажуць: «Грамадзянка, а вы хто?» — «Як хто, па доўг прыйшла» — «Не ведаем мы нічога» — «А папера?» — «Ну глядзіце...»

Таму вазьміце сабе на ўзбраенне: калі пры запаўненні якой-небудзь паперы засталося вольнае месца, то яго трэба перакрэсліць літарай Z.

Што напісана пяром...

— Істотная праблема для нас — старыя пасведчанні аб нараджэнні, — зазначае Андрэй Кучын. — Натуральна, што дакументы, якім па 60—80 і нават больш гадоў, знаходзяцца з-за часу ў вартым жалю стане. І першая ж думка, якая ўзнікае пры ўзяцці ў рукі такога пасведчання, — тое, што яго трэба падклеіць. А каб лепш трымала, скарыстацца старым добрым канцылярскім клеем. Але справа ў тым, што звычайны сілікатны клей настолькі моцна выядае чарніла, што пасля аднавіць тое, што было імі напісана, амаль немагчыма. Таму калі вам ужо трапіўся такі стары дакумент, то лепш яго акуратна згарнуць і пакласці ў тое месца, дзе яго не давядзецца часта чапаць.

Яшчэ адна памылка — спроба ламінавання старых папер. Але дзясяткі гадоў таму гэтай тэхналогіі не існавала, і таму структура паперы наўрад ці падыдзе для гэтага працэсу. Бо інакш амаль стапрацэнтна гарантавана негатыўнае ўздзеянне на чарніла і штэмпельную фарбу. І давядзецца дакумент аднаўляць. А як гэта зрабіць, калі гаворка ідзе пра даваенныя паперы?

Тым часам

Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Беларусі і Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз (ДКСЭ) падпісалі дамову аб супрацоўніцтве. Яна прадугледжвае сумесную работу ў сферы адукацыі, навукі і тэхнікі, садзейнічанне эфектыўнай рэалізацыі разнастайных праектаў і падрыхтоўку высокакваліфікаваных спецыялістаў, якія маюць вышэйшую адукацыю.

— Мы працуем амаль з усімі вышэйшымі навучальнымі ўстановамі, — зазначыў старшыня ДКСЭ Андрэй Швед. — І зацікаўлены ў высокакваліфікаваных кіраўніцкіх кадрах, якія і рыхтуе акадэмія. За апошнія чатыры гады больш за 160 нашых спецыялістаў прайшлі перападрыхтоўку на базе Акадэміі кіравання.

Акрамя таго, Акадэмія кіравання атрымала ў падарунак крымчамаданы, якія выкарыстоўваюцца ў працы эксперта. Па словах Андрэя Шведа, раней іх закуплялі ў замежжы, а цяпер гэты інструментарый робіцца менавіта ў Беларусі. Яны будуць выкарыстоўвацца падчас навучальнага працэсу.

Як паведаміў рэктар Акадэміі кіравання Марат Жылінскі, супрацоўніцтва будзе насіць практыка-арыентаваны падыход. Група лепшых студэнтаў неўзабаве наведае камітэт, каб акрэсліць будучыя шляхі стасункаў.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Загаловак у газеце: «Ліпа» не пройдзе

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».