Вы тут

Дзень адчыненых дзвярэй прайшоў у Інстытуце пагранічнай службы


Прафесія пагранічніка вельмі спецыфічная. На гэтых людзей ускладзена вельмі важная місія – кантраляваць апошнія метры тэрыторыі нашай краіны. Але і прымерыць на сябе зялёны бярэт таксама можа не кожны. Менавіта таму ў Інстытуце пагранічнай службы прайшоў дзень адчыненых дзвярэй у экскурсійным фармаце. Кадэты і сувораўцы змаглі трапіць у любую аўдыторыю і задаць усе неабходныя пытанні аб будучай прафесіі.


- Мы сёлета набіраем абітурыентаў па 4 спецыяльнасцях, - гаворыць выконваючы абавязкі 1-га намесніка начальніка ДУА “Інстытут пагранічнай службы” Дзмітрый Міронаў. - Гэта ахова мяжы, пагранічны патруль, аператыўна-вышуковая дзейнасць і ідэалагічная праца. Штогод да нас паступае прыкладна 90-100 чалавек. Наш абітурыент мусіць быць фізічна развітым, стрэсаўстойлівым, кемлівым і быць маральна гатовым да аховы нашых межаў.

Акрамя таго, у альма-матэр пагранічнікаў прайшоў адмысловы круглы стол, прысвечаны 100-годдзю пагранічнай службы Беларусі. На ім абмяркоўвалася далейшае развіццё адукацыйнага складніка.

- Спецыяльнасці цікавыя, запатрабаваныя, - зазначае намеснік старшыні Дзяржпагранкамітэта Беларусі Ігар Печань. - Спецыяльнасці, на якія патрэбныя выпускнікі кадэцкіх вучэльняў, сувораўскага вучылішча, спецыяльнасці, на якія патрэбныя сапраўдныя патрыёты, юнакі, дзяўчаты, а ў будучыні – пагранічнікі. І мы мусім даць магчымасць юнакам і дзяўчатам свядома выбраць сваю прафесію.

З 2010 года ў Беларусі пачалі стварацца кадэцкія вучылішчы. Яны ўзніклі для таго, каб рыхтаваць падлеткаў да будучай службы ў войску, органах унутраных спраў і падраздзяленнях па надзвычайных сітуацыях. А, напрыклад, 15 колішніх выпускнікоў Магілёўскага абласнога кадэцкага вучылішча паступілі менавіта ў Інстытут пагранічнай службы. Сёлета чакаецца першы афіцэрскі выпуск колішніх кадэтаў.

- Нашы кадэты – гэта навучэнцы 8-11 класаў, - кажа дырэктар установы Юрый Грышанаў. – Яны атрымліваюць веды па стандартнай праграме сярэдняй адукацыі. З адным “але” – узмоцненай ваеннай і фізічнай падрыхтоўкай. Пасля нашага вучылішча можна паступіць і ў звычайную грамадзянскую вышэйшую навучальную ўстанову, але мы арыентуем выхаванцаў на тое, каб яны пасля станавіліся афіцэрамі. І такую дарогу абіраюць 9 з 10 кадэтаў.

Дзень адчыненых дзвярэй скончыўся выступленнем спецыялістаў-кінолагаў. Гледачы пабачылі працу ахоўнікаў дзяржаўнай мяжы такой, якой яна і ўяўляецца дзякуючы шматлікім фільмам і кнігам – затрыманне парушальнікаў з дапамогай службовых сабак і дэманстрацыя сілавых прыёмаў.

Валяр’ян ШКЛЕННІК

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.