Вы тут

Жыццё крынічнай чысціні


Менавіта такім яно і павінна быць. Пра гэта міжволі думаеш, чытаючы кнігу Анатоля Шаркова і Алены Харашэвіч «Святыя крыніцы Белай Русі», якая летась пабачыла свет у Выдавецкім доме «Звязда». Яна ці не ўпершыню аб’яднала паэтычнае адчуванне тых роднасных мясцін Беларусі, дзе спрадвечна пульсуе чысцінёй з глыбін зямлі крынічная вада. Пры гэтым чамусьці ніяк не хочацца ўспрымаць слова «святыя» ў дачыненні да крыніц як устойлівы эпітэт. Яно для іх — імя. Першаснае.


Вось чаму вядомы ў нашай краіне духатворца протаіерэй Фёдар Поўны ў сваім уступным артыкуле вельмі слушна нагадвае, што ўяўленне аб жывой вадзе заўжды зыходзіла з крынічнай. Ён знаёміць чытачоў са спрадвечным стаўленнем да яе ў навуковым і біблейскім асяроддзі. Калісьці цяжка было растлумачыць, якім цудоўным чынам яна з’яўляецца з-пад зямлі і захоўвае сваю невычарпальную плынь. Чаму летам прахалодная, а зімой рэдка калі замярзае? Чаму працяглы час у посудзе не мутнее і не губляе сваіх смакавых якасцей? А нярэдка нават лечыць ад хвароб? Людзі з даўніх часоў сяліліся паблізу крыніц і лічылі іх забруджванне або разбурэнне кашчунствам, за якое пагражаюць хваробы і беды.

Спрадвеку верылі, што кожны, хто выкапае калодзеж, тым самым запальвае ў небе новую зорку. І наадварот: калі крыніца засыхае або яе знішчаюць, адна зорка таксама спыняе сваё нябеснае існаванне. Пасля прыняцця хрысціянства царква ўзяла пад сваю апеку большасць крыніц, якім пакланяліся продкі, лічылі іх святымі. Побач узводзілі капліцы, абсталёўвалі купелі, устанаўлівалі крыжы. Тут праводзіліся святочныя богаслужэнні, якія суправаджаліся хросным ходам. «Кожная крыніца збірала значную колькасць паломнікаў у “свае дні”, звязаныя з нейкай цудадзейнай з’явай», — нагадвае аўтар уступнага артыкула.

 Сапраўды, паступова стваралася царкоўная атмасфера са сваім прыходам з жыхароў навакольных мясцін, а часам нават з іншых рэгіёнаў і замежжа. Многія верылі і цяпер вераць, што ў традыцыйны, спрадвечна вызначаны час, гэтай вадзе ўласцівы асабліва відавочныя лекавыя якасці. Аддзячыць імкнуліся кветкамі, рушнікамі, стужкамі. Кідалі ў ваду манеты. Традыцыя захавалася і да нашых дзён. Хто з нас не бачыў, як прыходзяць і прыязджаюць да крыніцы не толькі набраць вады, але і ўмыцца, адведаць падараванага самой прыродай лекавага настою, атрымаць побач з ёю духоўнае супакаенне…

Нельга не пагадзіцца з протаіерэем Фёдарам Поўным, што ў выніку меліярацыйных і будаўнічых работ, высечак лесу шмат крыніц было знішчана. Але апошнім часам робіцца ўсё неабходнае, каб захаваць тое, што засталося. Крынічныя мясціны ператвараюцца ў своеасаблівыя прыродна-архітэктурныя ансамблі, у цэнтры духоўнай культуры. «Чалавек не можа жыць без такіх святыняў. Крыніцы — гэта нацыянальная каштоўнасць, — заключае аўтар уступнага артыкула, — і мы абавязаны зберагчы іх для нашых нашчадкаў». Ці трэба гаварыць, што выданне, якое так грунтоўна прадстаўляе чытачам вядомы вельмі многім жыхарам Беларусі стваральнік і настаяцель мінскага храма ў гонар Усіх Святых, вядучы штотыднёвых нядзельных пропаведзяў на тэлебачанні Фёдар Поўны, вартае таго, каб разам з аўтарамі кнігі адправіцца ў падарожжа па крынічных мясцінах Белай Русі.

Прымаю гэтую прапанову і я, міжвольна разважаючы, ці здолеюць пісьменнікі падтрымаць тую шчырую танальнасць, распачатую таленавітай прадмовай. Тым больш першая на нашым шляху па Мінскай вобласці крыніца — Усіхсвяцкая, што знаходзіцца на тэрыторыі паміж прыгаданым ужо храмам і царквой Святой Жывапачатковай Троіцы ў Мінску. Побач з крыніцай — бронзавая выява старазапаветнага прарока Майсея, які высякае сваім посахам ваду са скалы. Другой рукой ён указвае на скрыжалі Запавету, дадзенага Богам. Дзесяць запаведзяў, адрасаваных людзям. Напісаны яны на розных мовах — ад старажытнагрэчаскай да сучасных. Побач з выявай — купель, у якую акунаюцца ў час свята Хрышчэння. Справа ад крынічнага комплексу — царква, асвячоная ў 2006 годзе ў гонар Святой Жывапачатковай Троіцы. Храм будаваўся тры гады. Ён драўляны, у рэтраспектыўна-рускім стылі. ...Злева ад крынічнага комплексу — храм-помнік у гонар Усіх Святых і ў памяць пра ахвяры, што паслужылі выратаванню нашай Бацькаўшчыны. Першы камень у яго фундамент заклаў Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсея Русі Алексій ІІ. Менавіта яму цяпер тут устаноўлены першы ў Беларусі помнік.

Так, дасведчанасць Анатоля Шаркова і Алены Харашэвіч прыемна ўражвае літаральна на кожнай старонцы гэтай насычанай звесткамі і духоўнай сутнасцю кнігі. Цікавым аказваецца і знаёмства ў Мінску з крыніцай, што знаходзіцца на тэрыторыі сацыяльна-рэабілітацыйнага комплексу, які звыкла называюць Домам міласэрнасці. Яна мае вельмі адказную назву — «Беларусь праваслаўная». Дах дазваляе карыстацца яе чыстай і смачнай, лекавай вадой у любую пару года. Многія ведаюць, што ў Доме міласэрнасці знаходзіцца і царква ў гонар Святога Праведнага Іава Шматпакутнага. Няцяжка заўважыць, што сам будынак уяўляе сабой шасціканцовы крыж прападобнай Еўфрасінні Полацкай. Узведзены будынак з поўным захаваннем даўніх праваслаўных традыцый. І гэта не толькі знешняя, але і духоўная вернасць ім. Ён аб’ядноўвае тых, хто прыходзіць сюды па дапамогу або імкнецца рэалізаваць свой творчы патэнцыял, каб паслужыць Богу і людзям.

Наогул, геаграфічная арыентацыя зместу кнігі робіцца паступова яе спадарожным сюжэтам. Аказваецца, святыя крыніцы прапісаны і ў самім Мінску, і ў яго ваколіцах. Адна з іх — Крупецкая — ці не самая знакамітая з іх. Знаходзіцца яна ў мікрараёне «Вяснянка», у паркавай зоне на тэрыторыі былога маёнтка Крупцы. Лічыцца, што вада дапамагае пры лячэнні многіх хвароб, асабліва спрыяе пры лячэнні вачэй. Чытачоў чакае цікавае знаёмства з паданнем аб цудоўным з’яўленні ў 1612 годзе іконы Божай Маці, што атрымала потым назву Крупецкай. Сёння побач з аднайменнай царквой — Свята-Пакроўскі храм і званіца, што сталі сапраўдным упрыгожваннем горада. А вось ля вёскі Кукелеўшчына знаходзіцца рэспубліканскага значэння гідралагічны помнік прыроды «Святыя крыніцы». Лёгка ўявіць усю яго прыгажосць, калі даведваешся, што пульсуе ён у лясным масіве, на беразе невялікай рачулкі.

Пішу і міжволі думаю: хочацца пераказваць змест гэтай надзвычай насычанай падарожнымі звесткамі кнігі. І толькі таму, што кожная са святых крыніц валодае нейкай надзвычай цікавай адметнасцю, а таму не паддаецца абагуленаму аповеду. Ёсць асаблівасці і ў Рагоўскай крыніцы, ваду якой ухваліла быццам бы сама расійская імператрыца Кацярына ІІ. Цікава знаёмяць нас Анатоль Шаркоў і Алена Харашэвіч з крыніцай у гонар святой блажэннай Ксеніі Пецярбургскай. Паводле паданняў, ваду яе піла нават Еўфрасіння Полацкая. Цяпер тут яблыневы сад, шматлікія кветнікі і кусты. Ёсць і купель.

Пра крыніцу Валожынскую, як і пра сам Валожын, вядомы з ХIV стагоддзя, можна расказваць шмат цікавага. Скажу толькі, што царква ў гонар Роўнаапостальных Канстанціна і Алены пабудавана ў 1866 годзе, а касцёл Святога Іосіфа — яшчэ раней: у 1816-м.

Адной з самых старажытных можна лічыць і Вішнеўскую крыніцу. Паводле падання, пачаткам яе стаў 1414 год. Помнік архітэктуры барока з элементамі Рэнесансу — мясцовы касцёл. Славутасцю лічыцца і праваслаўны храм у гонар Святых Касмы і Даміяна. А колькі ўражанняў чакае ад знаёмства з крыніцай у гонар святога вялікапакутніка і лекара Панцеляймона ў вёсцы Лоск Валожынскага раёна! І зноў гэта аповед не толькі пра лекавыя якасці вады, а і пра легендарны замак-крэпасць, узведзены з рознакаляровых камянёў, і сучасны храм Георгія Пераможцы. Ды ці толькі пра гэта! Нагадваецца і знакамітая друкарня, у якой выдаваў свае кнігі Сымон Будны.

Неверагодныя гісторыі чакаюць чытачоў і падчас знаёмства з іншымі святымі крыніцамі Міншчыны: Ракаўскай у тым жа Валожынскім раёне, Вітоўскай — у Дзяржынскім, з крыніцай у гонар прападобнага Марціна Тураўскага ў Капылі і Бобр у Крупскім раёне. Але хіба можна вось так пералічальна прыгадваць, напрыклад, крыніцу Лагойскую свяціцеля Мікалая?! І сам гэты горад, і яна — увасабленне гістарычных рэалій Беларусі. Ужо ў другой палове XVIII стагоддзя, акрамя манастырскага Богаяўленага храма, у Лагойску дзейнічалі яшчэ чатыры царквы: Прачысценская, Свята-Юр’еўская, Спаса-Праабражэнская і Свята-Мікалаеўская. Апошняя захавалася і да нашага часу. Знаходзіцца яна на гары, з-пад якой магутнай плынню выбіваецца крыніца чысцейшай вады з лекавымі якасцямі. Цяпер тут гідралагічны помнік прыроды. Астатняе знаёмства з гэтымі ўнікальнымі гістарычнымі мясцінамі пакінем чытачам кнігі.

Святыя крыніцы Белай Русі сталі, як можна ўжо заўважыць, толькі падставай для Анатоля Шаркова і Алены Харашэвіч, каб расказаць пра духоўную сутнасць нашай краіны. І зрабілі яны гэта самой канкрэтыкай жыццёвых рэалій. Вось чаму ў кнізе мінулае робіцца сучасным, а сучаснае — неад’емным мінулага. Жанр не толькі гістарычнапазнавальны. Ён увабраў шмат легенд і паданняў, якія чытаюцца на ўзроўні мастацкіх твораў з усёй іх моўнай і сюжэтнай захапляльнасцю. Каб перакацца ў гэтым, прачытайце хаця б паданне пра крыніцу «Ля святой сасны», што ў вёсцы Ніўкі Лагойскага раёна. А дакладней, пра казачна-рэальную жар-птушку.

Чытаючы гэтую надзвычай інфармацыйна багатую кнігу, амаль у кожным аповедзе чакаеш казачнай нечаканасці. І аўтары не расчароўваюць. Ёсць, аказваецца, нават крыніца з «жывой» і «мёртвай» вадой. Вось узяў па звычцы гэтыя словы ў двукоссе. А ў кнізе абышліся без іх. Відаць, і на самай справе так. Тым больш што крыніца ў вёсцы Касічы Навагрудскага раёна носіць адпаведную назву. Тут і зараз можна пачуць, што вадзічка яе сочыцца яшчэ з ледніковага перыяду. І сапраўды, кожны можа пераканацца, што жывая вада журчыць, спявае, а мёртвая — цячэ ціха, затоена. Толькі ў адрозненне ад казачнай, якая схіляла да глыбокага сну, косіцкая вада, нават мёртвая, — добрая, лекавая. Называецца яна актываванай. Аказвае магутнае дэзінфіцыравальнае ўздзеянне. Ачышчае арганізм, знішчае бактэрыі, мікробы. А жывая вада, як зазначылі медыкі, рэгенеруе арганізм. Вось і трэба, сцвярджае погалас, нанач піць мёртвую, а раніцай — жывую ваду.

Пра крыніцы Жыровіцкага манастыра трэба і чытаць, і пісаць асобна. Захапляльная гісторыя, захапляльная рэчаіснасць. Скажу толькі, што святыя крыніцы знаходзяцца пад апекай СвятаУспенскага мужчынскага манастыра, які заснаваны ў XV стагоддзі і з таго часу па сёння з’яўляецца духоўным цэнтрам беларускага праваслаўя. А яшчэ ён славіцца тым, што менавіта ў ім захоўваецца найвялікшая святыня — Жыровіцкая ікона Божай Маці, якая цудоўным чынам з’явілася тут, паводле падання, яшчэ ў 1470 годзе.

Для таго, каб чытачы маглі зразумець, якую творчую, або, дакладней, духатворчую працу ажыццявілі аўтары кнігі, назаву толькі лічбы. Анатоль Шаркоў і Алена Харашэвіч здолелі далучыць нас да нечага большага, чым знаёмства з 19 крыніцамі Мінскай, 10 — Брэсцкай, 13 — Віцебскай, 6 — Гомельскай, 11 — Гродзенскай і 16 — Магілёўскай абласцей. Яны ўзнавілі ў нашай свядомасці духоўную сутнасць Беларусі і нязмушана далучаюць да жыцця крынічнай чысціні.

Ізяслаў КАТЛЯРОЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».