Вы тут

Дзіцячыя фільмы - дарослыя прынцыпы


Аматары кіно ўжо, напэўна, забыліся пра той час, калі трапіць на беларускія фільмы было лёгка: выбірай з афішы ды набывай квіток. Цяпер айчынным кіно нас песцяць не так часта, таму кожная прэм’ера — доўгачаканая і святочная. Сёння ў пракат выйшла новая стужка Вячаслава Нікіфарава «Тум-пабі-дум», якую пакажуць не толькі ў сталіцы, але і ў рэгіёнах.


Кадр з фільма «Тум-пабі-дум» (рэж. В. Нікіфараў).

Па-першае, новае кіно Нікіфарава інтрыгуе назвай: «Тум-пабі-дум» — гэта песня, якую па сюжэце напісалі героі фільма, і яна заклікае гледача прыдумаць уласны свет і вынайсці толькі ў ім зразумелую мову, свайго роду гімн, які будзе натхняць чалавека ісці наперад. Тое ж самае адбываецца і з героямі фільма — менавіта так кампазіцыя ўплывае на іх. Дарэчы, па прызнанні рэжысёра, гэтая песня вызначыла не толькі назву стужкі, але і апошнія сцэны фільма з «тумпабідумным» Мінскам — дзіцячым, анімацыйным, бесклапотным, словам, горадам вачыма дзяцей. Але галоўная інтрыга фільма — гэта яго жанр. Вячаслаў Нікіфараў вырашыў зняць сямейнае кіно, якое заўсёды было знакам якасці беларускага кінематографа: яго ўмеюць у нас ствараць, яно атрымліваецца сапраўды добрае, яго любяць глядзець! Зараз сямейнае кіно застаецца такім жа запатрабаваным у свеце — у Галівудзе, Дыснэі ды на сусветнавядомых студыях разумеюць не толькі патрэбу ў ім, але і неабходнасць такога кіно для развіцця дзяцей і з’яднання сям’і падчас кінапаказу. На перадпрэм’ерным паказе «Тум-пабі-дум», які адбыўся падчас фестывалю «Лістапад», быў аншлаг: шмат гледачоў, большая частка з якіх — дзеці, чарговы раз даказалі, што сямейнае кіно ў Беларусі павінна быць!

«Тум-пабі-дум» — гэта добрае і светлае кіно, дзе галоўны герой — хлопчык з дзіцячага дома, 10-гадовы Сан Саныч — вырашае знайсці бацькоў для сябе і сваёй маленькай сяброўкі Алесі. Як сапраўднае дзіця сучаснасці, хлопчык знаходзіць лепшы спосаб зрабіць гэта — скарыстацца інтэрнэтам і апублікаваць там аб’яву «Маладое дзіця шукае сям’ю з мэтай уладкавання прыватнага жыцця». Але маленькага героя цяпер чакаюць дарослыя праблемы і сур’ёзны маральны выбар. Па задуме Вячаслава Нікіфарава, хлопец у стужцы размаўляе з намі дарослай мовай: ён выкарыстоўвае нашы маральныя стэрэатыпы і лексіку, і ўсё гэта прымушае дарослага гледача паглядзець на сваіх дзяцей і на сябе іншымі вачыма.

Здымачны працэс «Тум-пабі-дум» цягнуўся ўсяго 4 месяцы: асноўнай пляцоўкай стаў дзіцячы дом у Радашковічах, а не ўрбаністычныя пейзажы ці бутафорскія дэкарацыі. Масоўка таксама была рэальная: маленькія акцёры з дзіцячага дома насамрэч не ігралі, а пражывалі свае гісторыі. У самы масавы здымачны дзень на пляцоўцы было 400 чалавек, з іх амаль 100 — за кадрам, і нават з такой колькасцю ўдзельнікаў працэсу атрымалася зняць вялікае ігравое кіно з мінімальным бюджэтам. Акцёры ў фільме беларускія (Павел Харланчук, Валерыя Арланава, Сяргей Чэкерэс), але самага галоўнага давялося шукаць вельмі доўга і нават за межамі Беларусі: 11-гадовага адэскага хлопчыка Арцёма Венгеровіча ўбачылі на адным з украінскіх тэлешоу. Зразумела, што якасць кіно залежыць і ад здымачнай групы, але тут у прафесіяналізме сумнявацца не даво-дзіцца: камерай кіравалі Аляксандр Рудзь і Павел Зубрыцкі, музыку напісаў кампазітар Сяргей Бельцюкоў, а сцэнарый і пастаноўка былі ў руках уладальніка кінапрэміі «Зала-ты арол» Вячаслава Нікіфарава.

Дарэчы, сваю стужку Нікіфараў лічыць нацыянальным фільмам: усё ў ёй пранізана атмасферай Мінска, і тыя, хто ўжо паглядзеў кіно, адзначаюць, «які ў нас прыгожы горад!». Акрамя таго, што ў стужцы выкарыстаныя айчынныя лакацыі, беларускага тут сапраўды шмат: закранулі і праблему існавання дзіцячых дамоў, і пытанні бацькоў і дзяцей, і шчырае сяброўства... Рэжысёр адзначае, што ацэньваць карціну варта па галоўным героі, а ў «Тум-пабі-дум» — гэта небанальны, аб’ёмны, эрудзіраваны і высокамаральны Сан Саныч, якому ў кінакультуры няма роўных, і адзіная паралель у кіно — савецкі «Плюмбум» Вадзіма Абдрашытава, хоць персанажы зусім непадобныя.

«Тум-пабі-дум» — гэта незвычайны мікс жанраў, персанажаў і падзей, які кінакрытыкі лічаць досыць удалым, улічваючы, у якіх складаных умовах ішла работа над праектам (кінастудыя «Беларусьфільм» у той час яшчэ была на рэканструкцыі). Менавіта таму кожнаму трэба ўпэўніцца ў тым, што нават складаныя сітуацыі не ўплываюць на магчымасці таленту. Новае беларускае сямейнае кіно можна паглядзець у Віцебскай (да 21 лютага), Гомельскай (да 28 лютага), Брэсцкай і Магілёўскай абласцях (да 7 лютага), а таксама да 7 лютага будуць паказы ў кінатэатрах Мінска.

Маргарыта ДЗЯХЦЯР

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.