Вы тут

Малітвы суцяшэння супраць трагедый мінулага стагоддзя


Журботная прыгожая яўрэйская песня, што мае назву «Кадзіш», дала назву праграме музычнай капэлы «Санорус». Яе апрацоўка была зроблена французскім кампазітарам Марысам Равэлем на пачатку ХХ стагоддзя, але цяпер нагадвае пра яго самыя трагічныя падзеі. Праграму пад гэтай назвай прадставяць 27 студзеня, у Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакосту. У гэты дзень савецкімі войскамі быў вызвалены канцэнтрацыйны лагер «Асвенцым». Машына знішчэння людзей працавала і на тэрыторыі сучаснай Беларусі, дзе ўспамінаюць ахвяр тэрору антысемітызму, ксенафобіі і нецярпімасці.


Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь «Музычная капэла “Санорус”» запрашае ў канцэртную залу «Верхні горад», дзе прагучыць музыка замежных і беларускіх кампазітараў, якая так ці інакш звязана з падзеямі, пра якія ўспамінае гэтым днём увесь свет. Прадстаўленая музыка суцяшае ў сучаснасці, нясе святло і адкрывае сэрца для любові.

Упершыню ў Беларусі прагучыць твор нямецкага кампазітара Арнольда Шэнберга «Ацалелы з Варшавы», дзе салістам будзе народны артыст нашай краіны Уладзімір Пятроў. Твор «Спакойная ноч» польскага кампазітара Хенрыка Мікалая Гурэцкага таксама будзе выкананы ў нас упершыню. Але пазнавальныя і вядомыя мелодыі амерыканскага кампазітара Джона Уільямса з кінафільма «Спіс Шындлера», які распавядаў пра драматычныя падзеі Другой сусветнай вайны. Малітоўны настрой са зваротам да Бога акрамя песні ў апрацоўцы Равэля адлюстраваў нямецкі кампазітар Макс Брух — прагучыць яго твор «Кол Нідрэй». Музыка французскага кампазітара Франсіса Пуленка, які перажыў дзве сусветныя вайны, звяртаецца да людзей: прагучыць урывак з кантаты «Твар чалавечы». Беларусь, праз якую прайшлі трагедыі апошніх войнаў, мае сваю гісторыю памяці. У праграму ўключаны творы нашых кампазітараў Льва Абеліёвіча (Арыя для скрыпкі і аркестра) і Вольгі Падгайскай («Не той горад»).

Акрамя музыкі, што суцяшае і ўзвышае, можна паслухаць выдатных музыкантаў: аркестр і хор заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь «Музычная капэла “Санорус” Мінскай вобласці» пад кіраўніцтвам Аляксандра Хумалы. Малады дырыжор, выхаванец беларускай музычнай школы, які ўдасканальваўся ў Ратэрдамскай кансерваторыі, заявіў пра сябе на радзіме і за межамі, дзе быў адзначаны на міжнародных конкурсах. І ў гэтым канцэрце ён сабраў такіх жа выдатных салістаў, лаўрэатаў міжнародных конкурсаў: скрыпачоў Ксенію Бельцюкову і Аксану Герасімёнак, Аляксандра Іванова (альт), Ірыну Кучынскую (сапрана). Маладыя, таленавітыя, здольныя ператварыць канцэрт-памяць у канцэртперамогу жыцця.

Ён адбудзецца пры падтрымцы Пасольства Германіі ў Беларусі. Запрошаныя былыя вязні канцлагераў, тыя, хто пацярпеў ад генацыду, члены Беларускага таварыства «Узаемаразуменне і прымірэнне», прадстаўнікі пасольстваў Ізраіля, Польшчы, Францыі. Слухачамі могуць стаць усе, хто ў музыцы хоча чэрпаць стваральную энергію.

Марыя АСІПЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.