Вы тут

Жыгімонт Карыбутавіч (1385—1435)


Ён мог стаць каралём Чэхіі, але не стаў. Гэтак склалася, што Жыгімонт Карыбутавіч апынуўся ў цэнтры палітычных падзей, якія скаланулі спакой Еўропы ў 1420-х гадах. Лёс гэтага чалавека незвычайны, а таму і трагічны. Здавалася, ён так і не знайшоў свайго месца ў жыцці, шукаў яго, а пасля вырашыў заваяваць яго зброяй.


Яму не дасталася багатая спадчына ад бацькоў князя Дзмітрыя Карыбута Альгердавіча і Анастасіі Алегаўны Разанскай. За супраціў сабе Вітаўт забраў у Дзмітрыя Карыбута ягоныя ўладанні Ноўгарад-Северскі, Наваградак і Ліду. А пасля смерці бацькі асірацелы падлетак выхоўваўся пры двары Ягайлы. Яго чакаў незайздросны лёс службовага князя, які мусіць жыць з ласкі свайго гаспадара. Ён узначаліў харугву ў славутай Грунвальдскай бітве, удзельнічаў у вайне з Тэўтонскім Ордэнам у 1414 годзе. Набраўся вайсковага ўмельства і вопыту. Пэўна, таму ў 1422 годзе Вітаўт, якога чэхі абралі сваім каралём, і паслаў Жыгімонта Карыбутавіча на чале пяцітысячнага войска сваім намеснікам у Прагу. Чэхія паўстала супраць імператара Сігізмунда І, які, дарэчы, падтрымліваў Ордэн у ягоных дамаганнях на Жамойць. Вітаўт заявіў: «Жадаючы адпомсціць за крыўду майму ворагу, каралю Сігізмунду, выслаў у Чэхію братанка Жыгімонта Карыбутавіча, каб мой вораг Сігізмунд зразумеў нарэшце, каго заганіў, ведаў, што ў нас ёсць сіла і адвага, і перастаў у рэшце рэшт дакучаць сваімі злачыннымі ўчынкамі». Вітаўт не збіраўся быць чэшскім каралём, а чэхі і Жыгімонт Карыбутавіч разглядаліся як сродак ціску на імператара. Пражанам Жыгімонт запомніўся памілаваннем мяцежнікаў, калі адзін з іх на пакаранні кінуў яму ў твар: «Будзеш катам, калі гэта табе міла».

Імператар Сігізмунд абураўся і прасіў Ягайлу паўплываць на яго братаніча, які дапамагае чэхам, «абараняе іх ад верных» (імператарскіх ваяроў). «А гэта не што іншае, як адкрытая вайна супраць Бога, веры і святой рэлігіі». Жыгімонт Карыбутавіч трапіў у шэрагі лютых ворагаў імператара. Адзіны сродак нейтралізаваць літвінскага князя — гэта саступіць Вітаўту. І як толькі імператар прызнаў Жамойць за ВКЛ, Вітаўт вывеў свой корпус з Чэхіі. Карыбутавіч стаў непатрэбны. Толькі чэхі не забыліся пра яго і прасілі Вітаўта адпусціць Жыгімонта Карыбутавіча ў Чэхію, каб той прыняў каралеўскую карону. Вітаўт адмовіў ім. Тады Жыгімонт Карыбутавіч летам 1424 года на чале сабранага ім аддзела ў 1300 чалавек вярнуўся ў Чэхію, як «валанцёр волі».

Цяпер ён паводзіў сябе як сапраўдны гусіт — паслядоўнік рэфармацкіх ідэй Яна Гуса. На вачах пражан прыняў прычасце па гусіцкім абрадзе і быў выбраны імі «панам гаспадаром» Прагі. Папа рымскі Марцін V абвясціў Жыгімонта Карыбутавіча ерэтыком і назваў чалавекам без годнасці і веры. Хоць сам «ерэтык» не перажываў ад такога абвінавачвання, бо гусітам ён зрабіўся па глыбокім перакананні, бачачы ўжо прагніласць тагачаснага каталіцкага касцёла і хлуслівасць яго служак. Ён, як і гусіты, прагнуў аднаўлення каталіцкай царквы, вяртання да ідэалаў ранняга хрысціянства. Пазней нават выклікаў на дыспут каталіцкіх тэолагаў, якія ўхіліліся ад яго выкліку.

Жыгімонту ўдалося замірыць дзве плыні гусітаў — умераных чашнікаў і радыкальных табарытаў на чале з праслаўленым палкаводцам Янам Жыжкам, які прызнаў ягоную ўладу. Пасля смерці Жыжкі Жыгімонт Карыбутавіч узначаліў чэшскае войска і пад Усцем 16 чэрвеня 1426 года разбіў імператарскае войска. На сваю бяду, Жыгімонт Карыбутавіч хацеў паразумецца з імператарам, што пражане прынялі за здраду і звязенілі свайго «пана гаспадара». Уладу ў Празе захапілі табарыты і пад канвоем выслалі Жыгімонта Карыбутавіча з Чэхіі. Цяпер ён быў непатрэбны ні каралю Ягайлу, ні Вітаўту, ні ўчарашнім сябрам-чэхам. Ён сабраў вакол сябе такіх жа «валанцёраў волі», атрад воінаў прывёў князь Фёдар Астрожскі, і з гэтымі сіламі ў 1430 годзе захапіў польскі замак. Там ён усталяваў адмысловую «гусіцкую рэспубліку». На яго прапанову правесці дыспут, кракаўскі біскуп Збігнеў Алясніцкі ў прызначаны дзень зачыніў кракаўскія касцёлы. А пакуль Жыгімонт знаходзіўся ў Кракаве, брат Алясніцкага завалодаў Глініцай. Жыгімонт Карыбутавіч не стаў увязвацца ў барацьбу за гэты замак, а на чале свайго воінства разам з табарытамі ваяваў супраць імператарскага войска, ваяваў за свабоду чэхаў. А на ягонай радзіме пачалася вайна паміж Жыгімонтам Кейстутавічам і Свідрыгайлам Альгердавічам. Першага падтрымлівалі палякі, а другога — русіны, а літвіны ваявалі за абодва бакі. Вось і вырашыў Жыгімонт Карыбутавіч падтрымаць Свідрыгайлу Альгердавіча супраць польскага стаўленіка. Схізматыкі-русіны былі яму бліжэй, чым католікі-палякі і літвіны.

Ордэн дазволіў яму праезд праз свае землі пры ўмове навучанню ордэнскіх рыцараў прыёмам табарыцкай тактыкі. Дык вось ён год і вучыў у Рызе крыжакоў ваяваць, як табарыты, і тое таму, што яны былі саюзнікамі Свідрыгайлы.

Разам з крыжакамі і сваімі воінамі Жыгімонт Карыбутавіч прыйшоў на дапамогу Свідрыгайлу Альгердавічу, які перадаваў яму начальства над сваім войскам.

1 верасня 1435 года на рацэ Святой абодва варожыя войскі сустрэліся. Войска Жыгімонта Кейстутавіча было ўмацавана 12-тысячным польскім корпусам. Не жадаючы праліваць кроў, Карыбутавіч і гэтым разам хацеў прымірыць варагуючыя бакі. Але яго мірную прапанову Жыгімонт Кейстутавіч адхіліў. Тады ён звярнуўся да Свідрыгайлы: «Шкада праліваць братнюю кроў, нішчыць такі пекны цвет рыцарства хрысціянскага, лепей пагадзіцца, калі абодва бакі не змогуць прымірыцца, няхай згодзяцца на слушны суд цэзара, папы, каго-небудзь з хрысціянскіх каралёў, вядомых справядлівасцю». Наіўны рамантык! Свідрыгайла таксама адхіліў ягоную прапанову.

Праз сваю наіўнасць ён і загінуў. Паколькі з-за дажджоў рака Святая выйшла з берагоў і затапіла прыбярэжную мясцовасць, Жыгімонт Карыбутавіч вырашыў адвесці войска на іншую пазіцыю. Ён не мог уявіць здрадніцкага ўдару палякаў у спіну. Верыў у іх рыцарскую годнасць, а яны пераправіліся цераз раку і напалі на адыходзячых воінаў. Тыя не змаглі перастроіцца і сталі ахвярамі бязлітаснага пабоішча (невыпадкова людзі назвалі гэтае месца Пабойка). Жыгімонт Карыбутавіч не пабег ратавацца, а да апошняга разам са сваімі «валанцёрамі волі» біўся з ворагам, ратуючы іншых ад смерці. Паранены ў галаву і шыю, ён трапіў у палон. На пытанне, чаму ён не ратаваўся, адказаў: «Гонар вышэй за жыццё стаўлю і ганьбай уцёкаў не хацеў пакрыцца». Па загадзе Жыгімонта Кейстутавіча яго пакінулі без дапамогі, і ён сканаў. Наіўны рамантык, якому не было месца ў тым жорсткім свеце, у якім забыліся пра гонар і годнасць.

Вітаўт ЧАРОПКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».