Вы тут

Прыстанак для вандроўніка


Гісторыю варта не проста ведаць. Часам да яе хочацца дакранацца. Звесткі, не пацверджаныя пэўнымі матэрыяльнымі вобразамі, часцей за ўсё застаюцца толькі наборам фактаў. Але нават факты, калі ім верыш, без цікавых легендаў, гісторый кахання, незвычайных прыгод выклікаюць мала эмоцый — хіба што проста прыняцце. Як жа ажывіць шкілет гісторыі? Адзін з выдатных спосабаў — пажыць у ім.


Дом на Вал­ко­ві­ча, 23  звон­ку вы­гля­дае  над­звы­чай  ат­мас­фер­на.

І гэта не ў пераносным, а амаль у літаральным сэнсе. Вядома, прыгожае і цікавае гістарычнае месца можна наведаць — і тады, пры ўмове ўдала створанай экспазіцыі, аповеду дасведчанага экскурсавода, зрэшты, добрага настрою і надвор'я — могуць застацца цудоўныя ўражанні. Але калі ў гістарычнай атмасферы атрымліваецца заначаваць, ты, лічы, ужо сам робішся часткай гісторыі, ажыўляеш яе, прапускаеш праз уласную душу і, хто ведае, напаўняеш новымі кодамі. А раптам заўтра, ці праз сто гадоў, зробішся вядомым чалавекам? Тады людзі будуць казаць: «Сам -скі ці -ская начавалі ў доме на рагу вуліцы такой-та ў горадзе N...»

Жыццё непрадказальнае і мае таямніцы. Гэтаксама як поўняцца неспадзяванкамі гарады. Але асноўныя сакрэты горада хаваюць не толькі людзі, якія ў ім жывуць, але і розныя часы, адлюстраваныя ў архітэктуры і музейных прадметах. Старыя дворыкі савецкай забудовы, велічныя палацы, цудам ацалелыя з яшчэ больш даўніх часоў, манастыры з келлямі, сакрэты якіх наўрад ці ўдасца даведацца камусьці са смертных людзей... Гэта і сучасныя кварталы са шклянымі, металічнымі канструкцыямі, і паркі, быццам прызначаныя для таго, каб у іх маглі згубіцца закаханыя. І нават спальныя раёны — асноўная перавага якіх у прасторных, цёплых кватэрах, асобных для кожнага маленькага сямейнага свету (аднак па-за яго межамі чалавек хоча пазнаваць новае і — спасцігаць старое).

Прыгадваю сваю аднадзённую вандроўку ў польскі Гданьск, які месціцца на ўзбярэжжы халоднага Балтыйскага мора. Што мяне вельмі ўразіла, дык гэта... хостэл у гатычным стылі. І ён з'яўляўся не стылізацыяй, а аўтэнтычным будынкам. Я не спынялася там, бо была ў горадзе адзін дзень. Толькі зрабіла фотаздымак на памяць, бо вонкавы інтэр'ер быў надзвычай прыгожы. А калі яшчэ давядзецца быць у Гданьску, абавязкова спынюся там.

У Беларусі такіх пабудоў, на жаль, амаль няма. Адзінае, што прыходзіць на памяць, — гатэль унутры Мірскага замка. Аднак кошт у ім дасяжны не для кожнага вандроўніка. Больш прыкладаў, хоць я і працую ў краязнаўчай тэме, прыгадаць не ўдалося... Чамусьці ў няпростай формуле, дзе прысутнічаюць такія складнікі, як зручнасць і якасць, аўтэнтычнасць і інфарматыўнасць, на апошнія два кампаненты часта не звяртаецца ўвагі. Аднак такім чынам правільнага адказу ў гэтым практыкаванні мы ніколі не атрымаем... Хтосьці ўвёў у нас такі стандарт, што на старажытным, сапраўдным можна сэканоміць. Аднак такая аўчынка насамрэч нявартая вырабу. І атрыманы вынік ніколі не стане тым, чаго насамрэч хацелася.

Вопытнага еўрапейскага, ці расійскага, ці якога іншага турыста не прывабіць «еўрарамонтам». Бо замежнік едзе не дзеля таго, каб проста ўбачыць Беларусь і паставіць птушачку ў вандроўным дзённіку, а каб паспрабаваць адчуць, зразумець краіну, прыслухацца да таго, што яна можа сказаць яму асабіста. І гэта наўрад ці адбудзецца ў звычайных сучасных, добра адрамантаваных будынках. Патрэбна аўтэнтыка!..

Прыгадваецца дом у Гродне. Пакуль што пусты, але з вялікім турыстычным патэнцыялам. Ён мае ўсе шанцы стаць яскравым, жаданым аплотам для вандроўнікаў (калі толькі хтосьці возьмецца за яго аднаўленне). Гэта будынак па вуліцы Валковіча, 23. Шыкоўны драўляны дом, пабудаваны ў пачатку ХХ стагоддзя ў стылі «рускага драўлянага мадэрну». Аналагічных пабудоў з натуральнага матэрыялу ў горадзе больш няма. Аднак калісьці драўляныя пабудовы ў Гродне рабіліся надзвычай якасна.

Дом на Валковіча, 23 звонку выглядае надзвычай атмасферна. Гэтага не скажаш пра яго ўнутраны стан — знятыя падлогі і часткова разбураныя сцены. Відавочна, што аднаўленне не будзе каштаваць танна. Але там мог бы атрымацца не проста гатэль у аўтэнтычным памяшканні. Гэта магло б быць месца, напоўненае адчуваннямі і перажываннямі — хто ведае, галасамі колішніх жыхароў, іх легендамі і гісторыямі кахання... Мінулае побач. Яно ў руках нас, сённяшніх. Дзе спынімся мы, каб пераначаваць ці каб прыкласці свае ўменні і фінансы?..

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».