20 Верасень, чацвер

Вы тут

Як звычайны беларускі селянін ратаваў сем'і з канцэнтрацыйнага лагера


Днямі ва ўпраўленне па ўвекавечванні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Узброеных Сіл звярнуўся ўраджэнец Баранавічаў. Ігар Гардзейчык ужо даўно жыве ў Маскве, але з Беларуссю яго шмат што звязвае...


Доб­ра­ах­вот­нік-ма­та­цык­ліст Іван БУ­РЭ­НІН (за ру­лём) з ад­на­па­лча­на­мі на ру­бя­жы аба­ро­ны Маск­вы, ле­та 1941 го­да.

Пакуль ведамства рэагуе на яго просьбу — азнаёміцца з матэрыяламі працэсу ваеннага трыбунала 1967 года ў Мінску па справе паліцаяў з так названай украінскай сотні Яраша ў шталагу 377, які ў гады Вялікай Айчыннай вайны размяшчаўся на станцыі Лясная, што пад Баранавічамі, — мы звязаліся з Ігарам Мікалаевічам і даведаліся, чаму яго так хвалюе гэтая гісторыя.

Шлях у рабства

Аказалася, што ў гады вайны ў канцлагеры пад Баранавічамі ўтрымліваліся самыя блізкія для Ігара Гардзейчыка людзі: мама, бабуля і родны дзядзька. Па даносе мясцовага жыхара, які паведаміў паліцаям, што муж Пелагеі Піліпаўны «абараняе Сталіна», вясной 1943 года сям'я чырвонаармейца са свайго роднага пасёлка Аўсарок і вёскі Палюдава, што ў Калужскай вобласці, пакінула родны край. Пад абстрэлам, у непасрэднай блізкасці ад фронту, людзей гналі да станцыі Зікеева Маскоўска-Кіеўскай чыгункі. Шлях у рабства працягваўся ў вагонах для скаціны, у якія ледзьве пранікала святло.

— Па словах маёй бабулі, людзі пакутавалі ад смагі, цеснаты і суседства з памерлымі, якіх канваіры не спяшаліся прыбіраць з вагонаў, — расказвае Ігар Гардзейчык. — Не менш пакутлівымі былі і працяглыя стаянкі ў зачыненых вагонах. Страшней за ўсё было дзецям, якіх мамы суцяшалі як маглі. Прыгнятала вязняў невядомасць: куды іх вязуць, які лёс іх чакае. Больш за ўсё яны баяліся трапіць у Германію.

Пад пагрозай смерці

Але шлях, які складаў каля 900 кіламетраў, скончыўся для іх пад Баранавічамі — у шталагу № 337, што знаходзіўся на станцыі Лясная. Акрамя мірных жыхароў, тут утрымліваліся ваеннапалонныя, падпольшчыкі і партызаны.

Як успамінаў адзін з вязняў, пасля заслужаны настаўнік Беларусі Леў Гурэвіч, якому пашчасціла ўцячы з лагера, частка людзей начавала пад адкрытым небам.

«У суткі нам давалі міску баланды з гнілой бульбы і 150 грамаў хлеба, — расказваў палонны. — Неўзабаве ў лагеры пачалася эпідэмія сыпнога тыфу, якая не абышла і мяне. Хворых трымалі ў асобным бараку, у якім людзі ляжалі на нарах адзін на адным. Кожную раніцу адтуль выносілі па 20—25 памерлых. Толькі нямногім, у тым ліку мне, удалося выжыць».

«Адпусціў» тыф і Бурэніных. Але ўвесь час, праведзены за калючым дротам, яны знаходзіліся пад пастаяннай пагрозай смерці: пакутавалі ад недаядання, здзекаў украінскіх нацыяналістаў, якія ахоўвалі лагер.

Аб'­яд­нан­не сям'і: Мі­ка­лай і Люд­мі­ла ГАР­ДЗЕЙ­ЧЫ­КІ.

Праведнік

Бурэніным пашанцавала. Уцячы з-за кратаў ім дапамог Аляксандр Гардзейчык, які пад прымусам працаваў у лагеры цесляром. Жыхару вёскі Бярозаўка, што ў Баранавіцкім раёне, удалося вывесці з лагера не адну сям'ю. Выратаваныя ад голаду і лагернага тыфу, вязні знайшлі прытулак на падворках шматдзетнага роду Гардзейчыкаў.

— Гэты сціплы, стрыманы на эмоцыі беларус, які ў выніку аказаўся маім дзядулем, стаў анёлам-ахоўнікам для змучаных голадам, хваробамі і страхам расправы вязняў шталага, — перакананы Ігар Гардзейчык. — Блізка беручы да сэрца нягоды людзей, ён праносіў за калючы дрот ежу, лекі, адзенне, дапамагаў, чым мог. Мне нават уявіць цяжка, як яму, акрамя ўсяго гэтага, удалося вызваліць з няволі некалькі сем'яў з маленькімі дзецьмі, а потым размясціць іх у сваёй хаце, у сваякоў. Для нас, нашчадкаў, дзядуля застаецца праведнікам, героем, воінам. І гэта нягледзячы на тое, што ён змагаўся з нацызмам няўзброеным спосабам, не ўнікаючы ў нацыянальнасць і сацыяльнае становішча тых, каго пераводзіў за калючы дрот.

Пелагея Бурэніна добра ведала сялянскае жыццё, таму хутка знайшла сваё месца ў гаспадарцы вялікай сям'і. Акрамя таго, дапамагала яна і іншым мясцовым жыхарам.

Пасля вайны многія з вязняў, каго выратаваў Аляксандр Іосіфавіч, назаўжды засталіся ў Беларусі. Іншыя апынуліся ў Ізраілі, у розных рэгіёнах Расіі. Іх дзеці стварылі свае сем'і — на шчасце, лініі пакаленняў не перарваліся.

Так атрымалася, што пасля вайны сем'і Гардзейчыкаў і Бурэніных парадніліся. Старэйшы сын адважнага беларуса Мікалай, бацька Ігара, ажаніўся з выратаванай Людмілай Бурэнінай, дачкой франтавіка, добраахвотніка-матацыкліста Івана Бурэніна. Апошні, дарэчы, знайшоў сваю сям'ю толькі ў верасні 1944 года. Нават не чакаў, што паедзе за імі ў беларускую вёску, да чалавека, які падарыў другое жыццё самым родным людзям, да будучага свата.

Аляк­сандр ГАР­ДЗЕЙ­ЧЫК, які ра­та­ваў з канц­ла­ге­ра лю­дзей, з сы­на­мі Мі­ка­ла­ем і Вя­ча­сла­вам, 1972 год.

Па франтах — на матацыкле

Але перш Івану Бурэніну давялося прайсці доўгім ваенным шляхам. Прычым па сваёй волі. Ужо на другі дзень вайны Іван добраахвотна прыйшоў на прызыўны пункт Ухтомскага ваеннага камісарыята Маскоўскай вобласці. З'явіўся не адзін, а са сваім верным сябрам — матацыклам з каляскай «Харлей-Дэвідсан», які ён купіў у знакамітага лётчыка-выпрабавальніка Валерыя Чкалава.

У першыя дні вайны Іван Бурэнін знаходзіўся ў знішчальным батальёне пры райаддзеле НКУС горада Люберцы. Неўзабаве быў залічаны шафёрам-матацыклістам ва Ухтомскі знішчальны батальён войскаў НКУС, які быў створаны на базе работнікаў Любярэцкага завода сельскагаспадарчага машынабудавання імя Ухтомскага. Між іншым, на гэтым прадпрыемстве за гады Вялікай Айчыннай было выраблена больш чым 20 мільёнаў мін.

У складзе 5-й мотастралковай дывізіі на сваім матацыкле прайшоў баявы шлях ад Масквы да Кёнігсберга. Нягледзячы на раненне, Перамогу Іван Бурэнін сустрэў ва Усходняй Прусіі. Але на гэтым для яго вайна не скончылася. У маі — чэрвені 1945 года ў складзе загартаваных у баях злучэнняў 39-й арміі быў перакінуты да савецка-мангольскай мяжы. Пад камандаваннем маршала Маліноўскага ўдзельнічаў у разгроме Квантунскай арміі. На сцяне крэпасці горада Люйшунь, дзе завяршыў свой баявы шлях, пакінуў надпіс «Дайшоў да Кёнігсберга і Порт-Артура». Аб вайне потым усё жыццё нагадвалі высокія баявыя ўзнагароды, у тым ліку ордэн Чырвонай Зоркі і медаль «За адвагу», шэсць падзяк ад Вярхоўнага Галоўнакамандуючага.

— Мой дзядуля неаднаразова ўспамінаў адзін эпізод, калі ён пазбег палону і немінучай гібелі, — расказвае ўнук франтавіка. — Аднойчы, выконваючы баявое заданне, ён з камандзірам 879-га стралковага палка маёрам Томіным нечакана для сябе і ворага ўехаў у размяшчэнне немцаў. Зыход справы вырашылі Божая міласць, майстэрства кіроўцы і імгненная рэакцыя. Не падвяла і тэхніка, якая, дарэчы, была асвечана — менавіта таму, па дзядулевым перакананні, за ўсю вайну з ёй не было асаблівых праблем.

Пра тое, дзе знаходзіцца яго сям'я, ці жывыя, Іван Бурэнін не ведаў: лісты дамоў не даходзілі, ніхто не пісаў і яму. Але жонка знайшла выйсце.

Пасля таго як была вызвалена Беларусь, Пелагея Бурэніна напісала сваёй свекрыві, якая засталася ў Маскве. Атрымаўшы вестачку ад нявесткі, паўпісьменная жанчына здагадалася перанакіраваць гэты ліст у дзеючую армію. Выдатна спрацавала палкавая палявая пошта — і неўзабаве сям'я франтавіка ўз'ядналася.

Можна толькі ўявіць, якой доўгачаканай была тая сустрэча! Маленькія Толя і Люся адразу і не пазналі бацьку, убачыўшы статнага вайскоўца з медалём «За баявыя заслугі» на грудзях. Франтавік быў бязмерна ўдзячны Аляксандру Гардзейчыку, што той не пабаяўся расправы і выратаваў яго сям'ю.

Аднак пасля вайны чалавека, які прытуліў у сябе не адну сям'ю, раскулачылі. Ад высылкі выратавала наяўнасць вялікай колькасці дзяцей, якіх камусьці трэба было карміць.

Наведванне тэрыторыі канцлагера, які парадніў гэтыя дзве сям'і, з канца 1950-х гадоў стала для іх штогадовай патрэбай, доўгам памяці. У вёсцы Бярозаўка, што непадалёк ад былога канцлагера, у свой час стварылі мемарыяльныя могілкі, устаноўлены на іх абеліск сведчыць — у гады вайны на тэрыторыі шталага было зажыва пахавана 88 407 ваеннапалонных, партызан і мірных жыхароў... І каб не просты селянін па прозвішчы Гардзейчык, гэтая лічба магла быць большай...

Вераніка КАНЮТА

Фота з уласнага архіва Ігара ГАРДЗЕЙЧЫКА

Загаловак у газеце: Анёл-ахоўнік з мазалямі на руках

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Толькі Ньютан і толькі хардкор! 

Культура

Новы музей і вулічны гадзіннік цяпер ёсць у Дуброўне

Новы музей і вулічны гадзіннік цяпер ёсць у Дуброўне

Іх стварылі ў гонар прадпрыемстваў, якія паспяхова функцыянавалі ў дарэвалюцыйны час.

Грамадства

Барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага ідзе нежартоўная

Барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага ідзе нежартоўная

Не выяўлены гіганцкі баршчэўнік пакуль толькі ў Брагінскім, Нараўлянскім і Лельчыцкім раёнах Гомельшчыны.

Грамадства

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Адзінота і асабліва адзінота ў сям'і — рэальная прыкмета нашага часу.