Вы тут

У невялікай вёсцы каля пушчы ствараецца турыстычны кластар


Спыніцца зімняй парой у доміку бліз Налібоцкай пушчы — гэта падобна да мары. З трох бакоў — белыя палі — і нішто не замінае ўзірацца ў далячынь. А яшчэ з аднаго боку, зусім блізка, падступае магутная і таямнічая пушча, якая вабіць невядомымі пакуль загадкамі... Жыхар вёскі Белакорац Валожынскага раёна Васіль Шакун нарадзіўся і рос тут усё дзяцінства. Аднак пазней была вучоба ў сталіцы, работа па размеркаванні ў Вілейскім раёне — і яшчэ сорак гадоў жыцця і адміністрацыйнай працы ў самім Валожыне.


Ужо адмераўшы ладны кавалак зямнога шляху, Васіль Шакун усё ж такі вырашыў вярнуцца ў родны Белакорац, у дом бацькоў і дзядоў. Зарэгістраваў тут аграсядзібу «Налібоцкія васількі», распачаў работу над адкрыццём музея коннага транспарту ва ўласнай пуні!.. І турысты, не толькі з розных куткоў Беларусі, але і з усяго свету, сталі прыязджаць у стары, але па-свойму сучасны дом, у яго ваколіцы. Прыклад з руплівага гаспадара ўзялі і некаторыя іншыя карэнныя жыхары Белакорца ці нават тыя, хто першапачаткова прыязджаў на лецішча — яны таксама пачалі арганізоўваць уласныя цікавыя турыстычныя паслугі для заезджых гасцей. Такім чынам у вёсцы, якая яшчэ ўчора памірала, сёння ўтварыўся адметны турыстычны кластар. Думаецца, у гэтым сэнсе многія маглі б пазайздросціць Белакорцу і яго жыхарам.

Шэсць вёсак Яцкава: як весткі міру

Крыху вышэй ад вёскі Белакорац па рацэ Іслач размяшчаецца шэсць вёсак Яцкава: Яцкава-Замосныя, Канчане, Карчомныя, Млынавыя, Падрэззе, Пяскі. Легенда гаворыць, што па гэтых мясцінах праходзіў калісьці святы Яцак-прапаведнік. Разам з ім было некалькі сотняў чалавек, і яны рухаліся ад адной тэрыторыі да другой, імкнучыся памірыць паміж сабой праваслаўных і католікаў. У той час на гэту мясцовасць нападалі татары, а святы Яцак нёс добрую вестку аб тым, што трэба жыць у міры і не ваяваць.

Цікава і тое, што ў ХV стагоддзі блізу Налібоцкай пушчы нарадзіўся Мікола Гусоўскі. Гэта адбылося непадалёк ад Івянца, каля вёскі Каралеўшчына ў мястэчку Усава (Гусава), — там, дзе пачынае сваю плынь рэчка Уса. Бацька будучага паэта працаваў у Налібоцкай пушчы. Таму Мікола Гусоўскі пісаў «Песню пра зубра», выкарыстоўваючы факты з жыцця гэтай мясцовасці, — назіраў, што рабіў бацька, ці нават хадзіў разам з ім на паляванне.

Белакорац на беразе Іслачы з'явіўся прыблізна ў ХVІІ стагоддзі. Здарылася так, што ў вёску з Валожына былі накіраваныя дзве сям'і, якія паміж сабой жылі нядружна: адны з прозвішчам Іода, другія з прозвішчам Бацян — у пэўным сэнсе гэта была высылка для іх. Такім чынам правы бераг Іслачы быў адведзены для Іодаў, а левы — для Бацяноў. Першапачаткова гэта былі асноўныя прозвішчы ў Белакорцы, аднак пазней з'явіліся і іншыя.

У часы Другой сусветнай вайны многія тутэйшыя жыхары загінулі. Усе вёскі, блізкія да Налібоцкай пушчы, мелі сувязь з партызанамі — і фашысты імкнуліся знішчыць гэтыя населеныя пункты. У 1943 годзе большасць з іх была спаленая.

Зямлю набывалі ў графа Тышкевіча

Бабуля і дзядуля Васіля Шакуна, Настасся і Апанас, з'ездзіўшы ў Санкт-Пецярбург, зарабілі там золата, а калі вярнуліся ў Белакорац, то набылі ў графа Тышкевіча 25 дзесяцін зямлі і пачалі абжывацца. Былая пабудова стаяла акурат на тым месцы, што і сучасны дом Шакуноў. І да сёння растуць тры магутныя сасны, пасаджаныя ў той час. Дзеду далі загад, каб на купленай зямлі ён высякаў лес — граф забіраў яго і прадаваў. Пні можна было карчаваць, рабіць палі, ладзіць гаспадарку.

— Мой бацька ў свой час служыў кавалерыстам у Войску Польскім, — распавядае Васіль Шакун. — Пасля паспеў нядоўга папрацаваць у графа Тышкевіча — быў аб'ездчыкам. Займаўся лясной гаспадаркай — трэба было аднаўляць і мясцовыя вёскі, і сталіцу, — таму ў Налібоцкай пушчы рабілася шмат высечак і нарыхтоўвалася драўніна. А вызваленыя плошчы засаджвалі маладымі дрэўцамі. У лясной гаспадарцы было надзвычай шмат працы — даводзілася ствараць новыя лясы. Сённяшняя Налібоцкая пушча на 80 % — гэта тыя дрэвы, што садзілі работнікі лясной гаспадаркі.

Сучасны лёс радавой сядзібы

У пасляваенны час у Белакорцы былі бібліятэка, крама, медпункт, сельсавет, лясніцтва, праўленне калгаса, камбінат бытавога абслугоўвання, пачатковая школа — усе неабходныя для жыцця структуры, — і заставацца тут было надзвычай перспектыўна. Аднак пазней пачаўся масавы пераезд вясковых жыхароў у гарады, вёскі пусцелі. Сталыя людзі дажывалі век у родных хатах, аднак моладзь там не затрымлівалася. На сённяшні дзень у Белакорцы толькі два разы на тыдзень прыязджае аўтакрама, якая прывозіць для мясцовых жыхароў хлеб і нешта да хлеба. Сваю гаспадарку могуць трымаць ужо нямногія. Аднак жыццё нечакана ўсё-такі пацякло па новым рэчышчы на старым месцы.

— Людзі пабачылі, што ў сельскай мясцовасці можна нешта развіваць і на прыватным узроўні, — кажа Васіль Шакун. — Добра, што з'явіўся ўказ Прэзідэнта, які дазволіў займацца агратурызмам. Адпрацаваўшы ў дзяржаўнай установе больш за 40 гадоў, я вырашыў разам з жонкай заняцца гэтай справай. Бо ў нашай радавой сядзібе нікога ўжо не засталося, бацькі адышлі ў іншы свет. Стала рубам пытанне адносна лёсу гэтага будынка — ці яго падтрымліваць пэўным чынам, ці пераязджаць жыць, ці, каб ён не разваліўся, прадаць каму-небудзь. Аднак выбраць апошні варыянт рука не падымалася. Нават у думках такога не было, каб збыць гэту маёмасць, каб не было куды вярнуцца, — родныя мясціны прыцягвалі... Насамрэч дом, што застаўся ад бацькоў, вельмі прывабны, і гаспадарчыя пабудовы побач добрыя.

Вырашылі зарэгістраваць аграсядзібу, назвалі «Налібоцкія васількі». На сямейным сходзе раіліся: натуральна, побач Налібоцкая пушча, таму ў назве трэба прывязацца да мясцовасці, а «васількі» — бо, прагледзеўшы гісторыю, заўважылі, што ў сям'і перагукаецца імя Васіль, яно перадавалася з пакалення ў пакаленне.

У доме Васіля Шакуна для гасцей некалькі пакояў, што маюць розныя назвы, а таксама асаблівае інтэр'ернае аздабленне. Гэта «польскі» (зроблены па матывах Заходняй Беларусі), «садовы» і «савецкі» пакоі. Там знаходзяцца мэбля адпаведных часоў і цікавыя старажытныя прылады. Дарэчы, паўсюль шмат вышываных рэчаў, створаных рукамі маці гаспадара.

«Польскі» пакой.

У «польскім» пакоі стаіць шафа, зробленая яшчэ ў часы Заходняй Беларусі і нават прамаркіраваная майстрам з Івянца: пазначаны дакладны адрас: Пілсудскага, 31. Гэту шафу разам з куфрам у якасці пасагу калісьці прывезла ў дом маці Васіля Шакуна.

Ёсць тут і старыя гадзіннікі, і крэслы, і швейная машынка даўніх часоў.

— Мы стараемся прытрымлівацца аўтэнтычнага аздаблення дома. Каб меней было жалеза, пластыку. Большасць прадметаў — драўляныя. Асцярожна захоўваем старажытныя рэчы, — кажа гаспадар. — А ў печцы гаспадыня спраўна гатуе розныя стравы. Многія наведвальнікі ніколі не бачылі, як дзейнічае такая печ, як упраўляцца з віламі, з качаргой. Ім цікава паглядзець.

Рулька з шальбабонам і шурпа

Натуральна, кожнаму турысту хочацца пакаштаваць мясцовую ежу. Да таго ж зробленую з тых прадуктаў, што выраслі на падворку, без дадавання нейкіх хімікатаў.

— У першую чаргу ў маёй гаспадыні Марыі Паўлаўны замаўляюць, каб прыгатавала ў чыгунку ў печы рульку з шальбабонам (фасоллю) і панцаком. Калі такі гарачанькі гаршчок дастаеш з печы, госці зазвычай застаюцца вельмі задаволеныя, — кажа гаспадар «Налібоцкіх васількоў». — Таксама гатуем шурпу: на вуліцы раскладваем вогнішча і варым такі суп з дзічынай (з зелянінай і з прыправамі), якая з'яўляецца надзвычай карыснай. У ёй шмат важных мікраэлементаў, якіх няма ў жывёл, што гадуюцца ў вялікім статку ці нават на падворку. Гатуем калдуны, дранікі і шмат іншых самых розных мясцовых страў.

На прысядзібным участку, у вялікай пуні, ствараецца музей коннага транспарту. Бо ад бацькі спадара Васіля захавалася шмат конных прылад: ён вельмі любіў коней да апошніх дзён жыцця. Як для лета былі самыя розныя вазы, так і для зімы розныя сані — усе іх можна пабачыць у новым музеі на свае вочы. Маюцца тут і адметныя званочкі, што чаплялі коням на хамут, калі ехалі на святы. Іх называюць шаргунамі (у іншых мясцовасцях — гэта шараі, ці бомы). Дарэчы, люстра ў музейным пакоі зроблена з вялікага драўлянага кола ад сячкарні, аздобленага лямпачкамі.

Сядзіба выйграла адзін з грантаў, удзельнічаючы ў конкурсе пад эгідай зялёнага маршруту «Валожынскія гасцінцы». Такім чынам, у межах праекта «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь», які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН, адбываецца фінансаванне адкрыцця музея коннага транспарту.

Пешы, веласіпедны, конны, водны маршруты!

Побач з Белакорцам праходзяць цікавыя маршруты — пешы, веласіпедны, конны, водны, — ёсць розныя магчымасці адпачыць. Шмат людзей прыязджае сюды з Мінска. Раней было многа расійскіх турыстаў, цяпер лідары сярод гасцей — палякі, якія прыязджаюць сюды шматразова, шукаючы ў Беларусі свае карані, родныя вёскі, магілы сваякоў. Тут ім дапамагаюць праводзіць такія росшукі, вядуць перапіску. Шмат наведвальнікаў завітвае і з Еўропы — немцы, шведы, італьянцы, французы, гасцявалі нават вандроўнікі з Азіі і ЗША.

Непадалёк ад «Налібоцкіх васількоў» размясціліся і іншыя аграсядзібы Валожынскага сельскага савета. І ўсе іх гаспадары сябруюць паміж сабой, часам накіроўваюць адзін да аднаго турыстаў, каб зацікавіць усіх без выключэння прыезджых.

Побач праходзіць экалагічная сцежка, па якой могуць вандраваць у тым ліку і людзі з абмежаванымі магчымасцямі. У самой пушчы ёсць экасцяжынка пад назвай «Сябрынскае скрыжаванне»: там распавядаецца пра самыя розныя расліны, што сустракаюцца абапал сцежкі, пра пейзажы, пра ландшафты і пра жывёл. Сцяжынка вучэбная, ёй карыстаюцца як дарослыя, так і дзеці.

Каля сцежкі ёсць вальер, дзе ў зімовы час можна пабачыць зуброў, якіх заманьваюць спецыяльнай прыкормкай. Побач знаходзяцца і глушцовая ферма, вальер па ператрымцы дзікіх жывёл, напрыклад аленяў.

Па маляўнічай рацэ Іслачы шмат сплаўляюцца на лодках, байдарках, каяках. А ў самім Белакорцы сям'я Шчогалевых (сядзіба «Домік на Іслачы») нядаўна пачала займацца лодачным сплавам. Маецца ўласная флатылія, гаспадар выступае ў якасці інструктара: сплавы па Іслачы атрымліваюцца надзвычай цікавыя.

* * *

Варта расказаць і пра адметны веласіпедны маршрут. Можна прыехаць у самы заходні пункт Валожынскага раёна — вёску Багданава (на чыгуначную станцыю Багданаў з Мінска электрычкай да Маладзечна, далей цягніком Маладзечна—Ліда). Там і пачынаецца веласіпедны маршрут «Валожынскія гасцінцы». Шлях пралягае праз Налібоцкую пушчу, абапал сцежкі бачныя розныя гістарычныя і прыродныя помнікі. Праязджаючы праз Белакорац, вандроўнікі трапляюць у Яцкава, перасякаюць рэчкі Іслач, Волму, бяруць напрамак у бок Ракава, Радашковіч, а там зноў сядаюць на электрычку (Маладзечна—Мінск). За дзень такі маршрут не адолець — па дарозе давядзецца раз ці два заначаваць у адной з сядзіб ці, у цёплую пару, у сваёй палатцы...

Здаецца, не ўсе мы ведаем, што ў нашай краіне ёсць такія цікавінкі. Яны вабяць нават турыстаў з далёкага замежжа. Ці не час і нам самім планаваць наступную вандроўку?

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Фота аўтара

Валожынскі раён

Загаловак у газеце: Белакорац. Налібоцкія мары

Каментары

Экалагічныя сцежкі ў Налібаках аздабляюцца па руску. Тое самае ў Белавежскай Пушчы, Прыпяцкім парку. Дзіўнае, дзікае адчуванне, скажу Вам.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пераможцы конкурсу «Сям'я года — 2019» пра галоўнае ў сямейным шчасці

Пераможцы конкурсу «Сям'я года — 2019» пра галоўнае ў сямейным шчасці

Алена і Сяргей Нікалаевы, а таксама іх пяцёра дзяцей усё яшчэ пад уплывам сваёй трыумфальнай перамогі.

Эканоміка

Падаткі на зямлю і нерухомасць трэба заплаціць да 15 лістапада

Падаткі на зямлю і нерухомасць трэба заплаціць да 15 лістапада

Тым, хто пратэрмінуе або забудзе ўнесці падатак, пагражаюць штраф, пені і ў выключных выпадках вас могуць не выпусціць з краіны.