Аптымальны тэрмін пасеву на расаду нават для адной і той жа культуры можа прыкметна адрознівацца. Універсальны тэрмін назваць практычна немагчыма — занадта шмат індывідуальных фактараў яго вызначаюць. Але яго можна разлічыць, прычым з вялікай дакладнасцю.
Для гэтага нам трэба ведаць:
Працягласць вегетацыйнага перыяду
Гаворка ідзе пра той час, які праходзіць ад моманту з'яўлення ўсходаў да поўнага фарміравання расліны і збору ўраджаю.
На пакеціку насення ўказваецца працягласць вегетацыйнага перыяду ў днях — яна нам і патрэбна. Ну а для арыенціра можна запомніць «сярэднестатыстычныя» даныя па самых папулярных агароднінных культурах:
Як бачыце, дыяпазон досыць вялікі, таму, напрыклад, таматы позніх сартоў на расаду сеюць ужо ў лютым, а то і ў студзені, а ранніх — у сакавіку-красавіку.
Аптымальны ўзрост расады
Трэба такім чынам выбраць час сяўбы, каб да моманту пасадкі расада дасягнула самага прыдатнага ўзросту.
Рэкамендуемы спецыялістамі ўзрост агародніннай расады для высаджвання ў грунт:
Патрабаванні расліны да цяпла
Большасць агароднінных культур, якія мы вырошчваем расадным спосабам, вельмі цеплалюбівыя. Выключэнне складае, мабыць, толькі капуста, якая добра пераносіць адносна нізкія тэмпературы. Чаму гэта важна? Таму што гэты паказчык, у канчатковым рахунку, адаб'ецца на часе высадкі расады ў грунт.
Калі баклажан — выключна цеплалюбівая гародніна, то некаторыя з новых сартоў таматаў і перцу, выведзеныя селекцыянерамі для паўночных рэгіёнаў, вызначаюцца невысокімі (для сваёй культуры) патрабаваннямі да цяпла. Марозу не вынесуць, але пры добрым укрыцці іх можна высадзіць на дачы і крыху раней цеплалюбівых сабратоў.
Умовы вырошчвання
Высадка раслін у цяпліцы і ў адкрыты грунт, як правіла, па тэрмінах адрозніваецца вельмі істотна. Так, для таматаў арыенціровачны час высадкі расады ў летнія (без абагравання) цяпліцы — пачатак мая, а ў адкрыты грунт — першая дэкада чэрвеня, калі застануцца ў мінулым усе магчымыя замаразкі. Натуральна, у першым выпадку мы можам заняцца пасевамі ўжо ў лютым, а ў другім — раней канца сакавіка лепш і не пачынаць.
Пажаданы час ураджаю
Змяняючы (у разумных межах) тэрміны пасеву насення на расаду, мы ўплываем на тэрмін атрымання ўраджаю, а значыць, зрабіўшы пасевы ў некалькі этапаў, можам падоўжыць перыяд плоданашэння.
Хочам звышранні ўраджай? Выбіраем самыя скараспелыя сарты і сеем іх на расаду як мага раней — з улікам іншых умоў, вядома ж. Пасеем у некалькі тэрмінаў — атрымаем рознаўзроставую расаду, якая і пладаносіць пачне ў розны час. Праўда, высаджваць яе таксама давядзецца паэтапна — гэта трэба ўлічваць.
Тэрмін прарастання насення
Вось аб гэтай «дробязі» ў разліках нярэдка забываюць. Між тым у некаторых агароднінных культур перыяд ад пасеву да з'яўлення ўсходаў можа складаць 10—15 дзён, а гэта зусім не мала!
Робячы разлікі, заўсёды варта ўлічваць, што тэрмін прарастання насення можа вар'іравацца нават для адной і той жа культуры. І залежыць ён не абавязкова ад якасці насення, але і ад тэмпературы глебы, вільготнасці, глыбіні пасеву насення — гэта значыць умоў, якія мы ім стварылі.
Апрацоўка насення некаторымі прэпаратамі (напрыклад цырконіем) можа паскорыць прарастанне, зрабіць яго больш дружным. Па-рознаму з'яўляюцца ўсходы з сухога і папярэдне намочанага насення. Словам, ёсць нюансы. Але арыентуемся мы, зразумела, зноў жа на сярэднія паказчыкі для абранай культуры:
Пераходзім да разлікаў
Такім чынам, усе складнікі нашай універсальнай формулы ёсць. Што з імі рабіць далей?
1. Зыходзячы з кліматычных умоў і ў залежнасці ад умоў вырошчвання, выбіраем арыенціровачную дату.
2. З гэтай даты адымаем аптымальны ўзрост расады абранай культуры. Пры гэтым не забудземся ўлічваць працягласць вегетацыйнага перыяду, указаную на пакуначку насення, і пры неабходнасці карэктуем атрыманы інтэрвал.
3. З разлічанай даты адымаем тэрмін прарастання насення — атрымліваем прыкладныя тэрміны пасеву.
Важна адно: не спяшацца. Перарослая, занадта рана пасеяная расада не дасць, насуперак чаканням, ранніх і высокіх ураджаяў.
Ірына ТАМКОВІЧ
Сумесныя праекты ядзерных тэхналогій.
У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.