Вы тут

Чым заняцца на аграсядзібе зімою?


Усяго ў гэтых мясцінах —больш за два дзясяткі гасцявых аб'ектаў. А з увядзеннем бязвізавай зоны пашырылася кола патэнцыяльных турыстаў з-за мяжы. Але ахвотных адпачыць у гэты сезон няшмат. Хіба што на выхадныя завітаюць ці на святы. Карэспандэнт «Звязды» вырашыла высветліць, ці варта наогул траціць нямалыя сродкі, каб адпачыць у аграсядзібе зімой?


Мясціны тут славутыя...

Цывілізацыя хоць і «прайшлася» па іх, але асцярожна, з розумам. Затое дарогі пакідаюць жадаць лепшага, на іх стан скардзяцца не толькі гаспадары сядзіб, але і госці. Па праўдзе кажучы, пад'езды не паўсюдна дрэнныя. Да самога канала можна даехаць па асфальце, а выбоіны пільнуюць вас на навакольных дарогах. Па іх даводзіцца рухацца з хуткасцю не болей за 5 км у гадзіну. Добра, што такія ўчасткі невялікія, таму з Гродна дабраліся сюды за 50 хвілін. Разам з гаспадарамі Іосіфам і Наталляй Вялентамі спыняемся каля высокіх драўляных варотаў, за якімі месціцца аграсядзібны комплекс з прыгожай назвай «Анэта». Гаспадар расказаў, што назву даў у гонар сваёй любімай бабулі. Дарэчы, у сядзібе нямала яе ўласных рэчаў, у тым ліку кросны, калаўрот і прылада для цераблення лёну. Іосіф Іванавіч іх аднавіў і спрабуе наладзіць працэс апрацоўкі лёну для турыстаў.

Турысты ведаюць гэтыя мясціны, бо тут праводзяцца злёты і спаборніцтвы воднікаў. Праўда, многія аддаюць перавагу палаткам, але знаходзяцца і аматары камфорту, якія спыняюцца ў аграсядзібах. Зімой тут прастора для экстрэмалаў. Нямала ахвотнікаў акунуцца ў сцюдзёную ваду пасля парылкі. Рэчка нават у моцныя маразы не замярзае. Пры жаданні можна ўбачыць і баброў, іх тут даволі шмат. У затоцы яны будуюць хаткі, пра што сведчаць паваленыя дрэвы.

З абодвух бакоў сядзібы знаходзяцца шлюзы Аўгустоўскага канала, у тым ліку самы вялікі — трохкамерны. Тут, на прычале, зімуе цеплаход «Неман» — адно з двух суднаў, якія курсіруюць у цёплы сезон.

Паколькі рэчка не замярзае, сюды прылятаюць лебедзі і качкі. Многія турысты прыходзяць іх пакарміць. Птушкі амаль ручныя, бо браканьераў тут няма, хіба толькі рыбакі пасядзяць з вудай. Кажуць, што можна злавіць нават галаўня і фарэль, якія жывуць толькі ў чыстай вадзе.

Забавы, але не зімовыя

У гэты час сядзіба выглядае хутчэй па-восеньску. Аб тым, што на календары зімовы месяц, сведчыць хіба што навагодняя ёлка ў цэнтры двара. Дарэчы, упрыгожаныя ялінкі можна ўбачыць паўсюдна. Святкаваць Новы год сюды прыязджалі сем'і гараджан.

— Асаблівага ажыятажу на гэтыя святы не назіралася, — заўважае Іосіф Іванавіч, — можа, таму, што дабірацца сюды не вельмі зручна, а яшчэ немалаважны і фінансавы бок. І гэта пры тым, што мы робім зніжкі і наогул не палохаем цэнамі.

Зразумела, што турысты аддаюць перавагу летняму адпачынку, каб скарыстацца поўным спектрам паслуг. Бо наўрад ці хтосьці зацікавіцца дзіцячай пляцоўкай у дажджлівае і халоднае надвор'е. І на шырокіх арэлях няма ахвотных пакачацца. Пляцоўкі для гульні ў футбол ці валейбол таксама больш прыстасаваны для цёплага сезона.

— Быў бы снег — запрэглі б сані, яны ўжо не першы год чакаюць свайго часу, — кажа гаспадар, — у навакольных вёсках можна дамовіцца наконт каня. Праехаць у санях па гэтых мясцінах — эмоцый на цэлы год. Вось толькі ці надыдзе такі час?

Для міжсезоння ў сядзібным «аўтапарку» ёсць драўляны вагончык на калёсах, але турысты для шпацыру выбіраюць больш цёплы сезон. Згодна з прагнозам, маразы будуць, але невялікія і не вельмі доўга. Таму Іосіф Іванавіч вырашыў заняцца аднаўленнем свайго «транспарту» — пафарбаваць, падмацаваць, упрыгожыць. Ён лічыць, што зімовы адпачынак можа стаць сапраўды адметным, але толькі са снегам. Тады па-іншаму будзе выглядаць наваколле, прырода, з'явяцца адпаведныя забавы — лыжы, сані.. Углядацца ў агонь, седзячы каля каміна, больш прыемна, калі за вокнамі заснежаны, казачны лес.

Ці паедуць замежныя госці?

Вядома, гаспадары сядзіб, у тым ліку і Іосіф Вялента, зацікаўлены ў замежных турыстах. І такія магчымасці значна пашырыліся падчас увядзення бязвізавай зоны. Да таго ж побач з аграсядзібай, за некалькі кіламетраў, ёсць беларуска-польскі пункт пропуску, разлічаны на водных, пешых і велатурыстаў. Зразумела, што гэта кірункі летняга сезона, пра што сведчыць і работа пагранпераходу: ён дзейнічае з мая па кастрычнік.

— Сёлета прыток замежных турыстаў значна ўзрос, — заўважыў Іосіф Іванавіч, — пачалі прыязджаць і палякі, і літоўцы. Асабліва многа велатурыстаў. Больш стала і воднікаў. Ужо не рэдкасць замежныя яхты на нашых прычалах, якія плывуць з польскага Аўгустова.

Як высветлілася, у палякаў папулярны так званы настальгічны турызм. Многія прыязджаюць у пошуках сваіх радавых гнёздаў. Некалі тут было шмат хутароў, жыхары якіх з'ехалі ў Польшчу. Зараз іх унукі імкнуцца знайсці хоць рэшткі гэтых дамоў. І, што цікава, нават у лесе знаходзяць фундаменты. А дапамагаюць ім мясцовыя старажылы. Дарэчы, жыхары наваколля таксама актыўна ўдзельнічаюць у турыстычным бізнесе. Напрыклад, Іосіф Іванавіч часта звяртаецца да жанчын-кухарак, якія гатуюць ежу для яго замежных гасцей. Новы ўказ пра пашырэнне бязвізавай зоны і павелічэнне тэрміну знаходжання з 5 дзён да 10-ці павінен замацаваць гэтую тэндэнцыю, упэўнены гаспадар аграсядзібы. На яго думку, для вядзення агратурыстычнага бізнесу створаны добрыя ўмовы. І падаткі невялікія, і крэдытам можна скарыстацца.

Вось і нядаўна быў прыняты ўказ аб пашырэнні дзейнасці: узаконена магчымасць правядзення на аграсядзібах юбілеяў, вяселляў, карпаратываў. З аднаго боку, турызмам гэта назваць складана, але калі група людзей хоча выехаць за горад, каб адзначыць свята, такая магчымасць у іх павінна быць.

Без рэкламы не абысціся

Іосіф Вялента не шкадуе, што 10 гадоў таму заняўся агратурызмам. Па-першае, за гэты час на месцы старой развалюхі пабудаваны прыгожы драўляны асабняк, гасцявы дом з лазняй, альтанка з печкай і барбекю. Па-другое, з'явіўся дадатковы даход, які ідзе на развіццё сядзібы. Бізнес, што называецца, выстаяўся. Але як прывабіць турыстаў зімой? Гэтаму, лічыць Іосіф Вялента, трэба вучыцца. І магчымасць такая ёсць. У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце шэсць гадоў таму адкрыта спецыяльнасць «турызм і гасціннасць». Іосіф Іванавіч, які быў дацэнтам новай кафедры, ездзіў у Калінінград па вопыт. За гэты час падрыхтаваны спецыялісты па рэкламе, палепшыўся сэрвіс. У новых пакаленняў гаспадароў аграсядзіб з'явілася больш магчымасцяў прывабіць турыстаў, у тым ліку ў «нетурыстычны» сезон.

Падарожнічаць можна ў любы час, сцвярджае гаспадар аграсядзібы «Сонічы» Вадзім Сцепанчук. Пакуль ён толькі асвойвае новую справу, але заўважыў, што значную ролю адыгрывае рэклама. Пры гэтым важна, каб вакол аграсядзібы былі цікавыя аб'екты. Пакуль на канале недастаткова інфраструктуры, хаця турыстычныя аўтобусы едуць і зімой. Але далёка не ўсе бачаць сэнс застацца тут нават на некалькі дзён. Таму гаспадарам аграсядзіб варта пашыраць сферу дзейнасці. Вадзім Сцепанчук разглядае прапанову адкрыць кафэ на канале, а пакуль гатовы частаваць турыстаў яечняй і гарбатай, прычым бясплатна. Застаецца дадаць да гэтага ўнікальныя маршруты і краявіды, і адпачынак пакіне прыемны след незалежна ад пары года.

Дакладна

Як паведамілі ва ўпраўленні спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама, колькасць аграсядзіб у рэгіёне расце. Калі на 1 студзеня 2017 года іх было 324, то праз паўгода лічба павялічылася амаль на 20. Вырасла і колькасць наведвальнікаў. За 9 месяцаў мінулага года іх было 45,5 тысячы — на 3 тысячы больш за аналагічны перыяд пазамінулага года. Самы «аграсядзібны» раён — Гродзенскі. Тут іх зарэгістравана 80. З сёлетняга года ўсе яны ўваходзяць у бязвізавую зону.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: «...А сані трымаем напагатове!»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пастырскае Пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень

Пастырскае Пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў у Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў у Беларусі

Ён прымеркаваны да Года малой радзімы.

Культура

Карэспандэнты «Звязды» сустрэліся са сваячкай Паўліны Мядзёлкі

Карэспандэнты «Звязды» сустрэліся са сваячкай Паўліны Мядзёлкі

12 верасня 1893 года ў сям'і Вінцэнта і Францішкі Мядзёлкаў нарадзілася дачка, якой далі прыгожае імя Паўліна. 

Культура

Вольга Падгайская: Калі праект і здараецца, то ў якасці ледзь не выключэння

Вольга Падгайская: Калі праект і здараецца, то ў якасці ледзь не выключэння

Гэта трэба, канешне, проста паслухаць — музыку аднаго з найдзіўнейшых сучасных беларускіх кампазітараў.