Вы тут

Гіпертоніум ад наіву, або як не папасціся на вуду да майстроў падману?


Вакол на сотні галасоў папярэджваюць: не будзьце даверлівыя і прастадушныя, бясплатны сыр бывае толькі ў пастцы. Але як стрымацца, калі раптоўна табе прапануюць тое, што ты шукаў, ды яшчэ амаль задарма? Прычым з ашуканцамі сустрэцца можна ў самых нечаканых месцах...


Я, дарэчы, натрапіла на іх у сеціве на вельмі паважаным і вартым даверу партале. Чытала артыкул і бамц — перад вачыма матэрыялізавалася інфармацыя пра лекавы сродак, які дапамагае пазбавіцца ад гіпертаніі раз і назаўжды. Узрост і стаж хваробы значэння не маюць. Сапраўдная панацэя! Адразу ўспомніла ўсіх родных і знаёмых, якія пакутуюць ад павышанага ціску. Тым больш цана прывабная — усяго рубель. Фірма праводзіць акцыю і прапануе прэпарат з трохзначным цэтлікам за капейкі. Водгукі выключна станоўчыя. Усе пішуць, як цудадзейным чынам выратаваліся ад гіпертаніі і цяпер цешацца з жыцця ў поўнай меры...

Разумныя людзі ў такім выпадку раяць закрыць старонку са словамі: знайшлі дурня. Але жаночая цікаўнасць спакушала: усяго ж рубель. Ну чым я рызыкую, падумалася, і пальцы самі клікнулі — «заказаць». Для сувязі ўпісала мабільны тэлефон, дабрадзеі абяцалі звязацца, каб падрабязней расказаць пра прэпарат. Сапраўды, адгукнуліся амаль адразу. Праўда, на той момант размаўляла па мабільніку, не змагла адказаць. Але заўважыла, што спрабуюць дазваніцца з мінскага нумара. Калі пачала перазвоньваць, прыемны жаночы голас паведаміў, што ўсе аператары заняты і павісла працяглая музычная паўза. А праз хвілін пяць мне зноў патэлефанавалі. «Гэта Аляксей», — паведаміў прыемны мужчынскі голас і пацікавіўся, для каго я набываю прэпарат. Ляпнула, што маці. Чуллівы голас папрасіў расказаць, колькі гадоў маёй маці, як доўга яна прымае лекі ад крывянога ціску, колькі яны каштуюць. Незнаёмец шчыра перажываў, што барацьба з хваробай адымае ў маёй маці не толькі сілы, але і вялікую колькасць грошай, шкадаваў, абяцаў выратаваць, зрабіць цуд. «Вы ж змагаецеся з сімптомамі, а ў нас натуральны прадукт», — вяшчаў ён...

На зямлю вярнуў толькі кошт лекаў — 136 рублёў за ўпакоўку. «Дзесяць кропелек тры разы ў дзень праз гадзіну пасля яды на працягу 25—45 дзён — і вы цалкам здаровыя», — абяцаў «ратавальнік» на тым канцы проваду і ўжо падсумоўваў: «Чатыры упакоўкі вашай маці хопіць». «Пачакайце, — захвалявалася я. — Размова ішла пра 1 рубель за ўпакоўку. Адкуль 136?» «Так, — пагадзіўся Аляксей, — адзін мы прадаём за поўны кошт, астатнія тры — па рублі». Але я ўжо «працверазела» і рашуча запатрабавала скасаваць маю заяўку. Суразмоўца крыху разгубіўся, але не здаваўся: «Чаму скасаваць? Вы павінны былі больш уважліва чытаць нашы прапановы. Там дробнымі літарамі было напісана, на якіх умовах вам робіцца зніжка». Тэлефонны кансультант змагаўся да апошняга, пазіцыянаваў сябе супрацоўнікам паважанай фармацэўтычнай фірмы, казаў, што цуда-прэпарат вырабляецца на нейкай вельмі аўтарытэтнай фармакампаніі за мяжой краіны, што ў Беларусі яго ў аптэцы не купіш. Ледзь пазбавілася ад надакучлівага прадаўца.

Пасля з лёгкасцю адшукала ў сеціве тую самую паважаную фармацэўтычную фірму, якая рэкламуе сябе на поўную катушку. Ды яшчэ прапануе лекі на кожны выпадак жыцця. І для паляпшэння патэнцыі, і ад пігментных плям, і ад алкагольнай залежнасці, і нават сродкі для амалоджвання. Пра сябе пішуць сціпла: «кампанія створана ў 2011 годзе з мэтай дастаўляць людзям эфектыўныя і даступныя магчымасці для паляпшэння якасці жыцця, прыгажосці і даўгалецця». Зваротная сувязь аднабаковая — разлічана толькі на электронны запыт заяўніка. Фірма актыўна працуе і ў сацыяльных сетках. Яе суполку можна наведаць, напрыклад, «УКантакце» або ў «Фэйсбуку»...

Але ў інтэрнэце знайшлася інфармацыя і пра тое, што фірма нахабна займаецца «разводам» даверлівых грамадзян. Маўляў, Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, а таксама Міністэрства аховы здароўя неаднаразова папярэджвалі, што гіпертоніум ніякім лекавым сродкам не з'яўляецца, што фармакалагічнае дзеянне яго не даказана.

Дзеля інтарэсу патэлефанавала ва ўпраўленне аховы здароўя Магілёўскага аблвыканкама, цікава ж, што наконт гіпертоніума думаюць кампетэнтныя органы. Як растлумачыла начальнік аддзела арганізацыі спецыялізаванай і першаснай медыцынскай дапамогі Анжэла Струновіч, гіпертоніум афіцыйна ні ў адзін з пратаколаў лячэння артэрыяльнай гіпертэнзіі не ўваходзіць. Адным словам, гэта і не лекі зусім. «А ваша ведамства нешта робіць для таго, каб неяк абараніць насельніцтва ад гэтых махляроў?» — пацікавілася я, каб усё ж такі высветліць пазіцыю афіцыйнай медыцыны. «Ніякіх указанняў на гэты конт нам з міністэрства не паступала, — адказала спецыяліст. — А вы першая, хто да нас патэлефанаваў з такой прэтэнзіяй».

Калі шчыра, адказ мяне збянтэжыў. Магчыма, трэба было б яшчэ патэлефанаваць у падатковую інспекцыю або ў міліцыю. Але не стала. Гэтыя ж службы і без мяне ведаюць, дзе каго шукаць і з кім змагацца. Адно відавочна, што нехта працягвае паляванне на даверлівых грамадзян і робіць гэта занадта агрэсіўна.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».