Вы тут

Мінская міліцыя праводзіць урокі англійскай мовы


Сталіца актыўна рыхтуецца да правядзення ІІ Еўрапейскіх гульняў летам 2019 года: будуюцца і рэканструююцца спартыўныя аб'екты, гатэлі, уладкоўваюцца зоны гасціннасці. Працэс падрыхтоўкі закранае прадстаўнікоў розных структур, актыўна задзейнічаных у жыцці горада, у тым ліку і супрацоўнікаў міліцыі. Акрамя адпрацоўкі методык забеспячэння грамадскай бяспекі ў месцах масавага збору людзей асаблівая ўвага ўдзяляецца ўдасканаленню ўзроўню валодання англійскай мовай. Аб правядзенні адпаведных заняткаў расказаў начальнік аддзела прафесійнай адукацыі ўпраўлення прафесійнай падрыхтоўкі галоўнага ўпраўлення кадраў МУС Дзмітрый МАЗАНІК.


Фота прэс-службы МУС.

— Дзмітрый Валер'евіч, супрацоўнікі якіх падраздзяленняў будуць праходзіць падрыхтоўку?

— Правядзенне ў Мінску ў 2014 годзе чэмпіянату свету па хакеі выявіла неабходнасць больш глыбокага ведання замежных моў супрацоўнікамі вонкавых службаў. Таму асноўны кантынгент слухачоў гэтых курсаў — супрацоўнікі падраздзяленняў міліцыі грамадскай бяспекі, у тым ліку Дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі, Дэпартамента аховы, а таксама прадстаўнікі ўнутраных войскаў МУС, якія будуць непасрэдна ўдзельнічаць у забеспячэнні грамадскай бяспекі ў перыяд правядзення ІІ Еўрапейскіх гульняў. Таксама варта адзначыць, што кіраўнікі згаданых падраздзяленняў МУС таксама накіраваныя ў Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт для ўдасканалення навыкаў моўных зносін з замежнымі гасцямі.

— Якія крытэрыі адбору былі для кандыдатаў?

— На згаданыя курсы накіроўваюцца супрацоўнікі і вайскоўцы, якім неабходна павысіць узровень валодання замежнай мовай, бо і ў паўсядзённай службовай дзейнасці яны непасрэдна кантактуюць з замежнымі грамадзянамі. Варта падкрэсліць, што ўсе навучэнцы папярэдне праходзяць уваходнае тэсціраванне, па выніках якога фарміруюцца навучальныя групы.

— Як доўга будуць доўжыцца курсы?

— Гэтыя спецыяльныя моўныя курсы праводзяцца на працягу трох месяцаў і арганізаваны, пачынаючы з 2017 года, у чатыры этапы, апошні з якіх скончыцца ў першым квартале 2019 года.

— Колькі чалавек павінны паспець прайсці навучанне?

— На кожным этапе навучаецца 100 супрацоўнікаў і ваеннаслужачых, 75 — у Акадэміі МУС і 25 — у Магілёўскім інстытуце МУС. Такім чынам, да пачатку правядзення ІІ Еўрапейскіх гульняў установамі вышэйшай адукацыі МУС будзе падрыхтавана 400 чалавек.

Адначасова прапрацоўваецца пытанне аб магчымасці навучання супрацоўнікаў вонкавых службаў УУС аблвыканкамаў на базе ўстаноў вышэйшай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, размешчаных у адпаведных рэгіёнах.

— Хто праводзіць курсы?

— Навучальныя заняткі са слухачамі праводзяць спецыялісты, якія маюць адпаведную кваліфікацыю і вопыт работы на аналагічных курсах падчас падрыхтоўкі да чэмпіянату свету па хакеі 2014 года. Гэта выкладчыкі ўстаноў вышэйшай адукацыі МУС, а таксама прадстаўнікі аддзелаў міжнароднага супрацоўніцтва згаданых устаноў.

— Для навучання распрацоўвалася спецыяльная праграма?

— Вучэбна-праграмная дакументацыя для правядзення курсаў была распрацавана на кафедры беларускай і замежных моў Акадэміі МУС з улікам спецыфікі выконваемых задач падраздзяленнямі ўнутраных спраў.

— Якім навыкам і тэмам пры падрыхтоўцы надаецца асаблівая ўвага?

— Галоўная задача такіх курсаў — навучыць супрацоўнікаў і ваеннаслужачых весці дыялог з замежнымі грамадзянамі па розных пытаннях, якія могуць у іх узнікнуць падчас наведвання Беларусі. У гэтай сувязі вывучаюцца тэмы, звязаныя з пытаннямі пабудовы канструктыўнага дыялогу з замежнымі грамадзянамі, арыентавання іх да месцаў правядзення спартыўных спаборніцтваў і культурна-масавых мерапрыемстваў, аказання неабходнай дапамогі ў выпадку непрадбачаных сітуацый.

Як расказалі ў Магілёўскім інстытуце МУС, каб максімальна ўніфікаваць праграму, кансультаваліся з калегамі з Акадэміі МУС. Яны ж падказалі тэмы, але дыдактыка і пазаўрочныя матэрыялы — выключна ўнутраная распрацоўка. Некаторыя заданні ўзялі з адкрытых крыніц, у тым ліку з расійскіх выданняў, падрыхтаваных да Алімпіяды ў Сочы. Нямала цікавага знайшлі і ў замежных рэкамендацыях. А тэмы, якія датычацца канструкцыі аўтамабіляў і арыентавання ў горадзе, адлюстраваны ў праграмах перападрыхтоўкі, якую штогод у інстытуце праходзяць супрацоўнікі ДАІ. Прычым дыдактычны матэрыял будзе карэкціравацца з улікам узроўню канкрэтнай групы і нават чалавека.

У навучанні ўпор робіцца на разбор сітуацый, якія могуць паўстаць пры штодзённым нясенні службы. Слухачы адпрацоўваюць тэмы «Апісанне знешнасці», «Афіцыйнае прадстаўленне супрацоўніка праваахоўных органаў замежным грамадзянам», «Праверка дакументаў», «Аказанне дапамогі ў выпадку няспраўнасці аўтамабіля», «Парушэнне грамадскага парадку», «Допыт падазраванага і апытанне сведкі» — усяго іх 25.

— Нам важна навучыць у пэўнай сітуацыі ўжыць патрэбную фразу, а вось граматычна дакладнай яе пабудове і фанетычным асаблівасцям прамовы з-за абмежаванай колькасці гадзін удзяляем менш увагі. На факультэтах замежных моў спецыялізаваны ўводна-фанетычны курс пры штодзённых занятках доўжыцца некалькі месяцаў. На жаль, такога сабе дазволіць не можам. Таму выпраўляем слухача, калі няправільна вымаўлены ім гук змяняе сэнс слова. Для нас важна, каб супрацоўнікі не толькі ўмелі сфармуляваць сваю думку, але і зразумець адказ. Каб настроіць слых на ўспрыманне англійскага маўлення, выкарыстоўваем аўтэнтычныя аўдыё- і відэаматэрыялы з адкрытых крыніц, — адзначыў выкладчык кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін Магілёўскага інстытута МУС Уладзіслаў БАЛАБАНАЎ.

Дар'я КАСКО

Загаловак у газеце: Dо уоu sреаk Еnglіsh?

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.