Вы тут

Партызанскія часопісы раскрываюць малавядомыя старонкі вайны


Калі раней даследчыкаў цікавілі пераважна баявыя дзеянні партызанаў, то цяпер інтарэс павярнуўся ў іншы бок. Пра побытавыя малавядомыя аспекты жыцця атрадаў гісторыкі дазнаюцца з рукапісных часопісаў таго часу.


Сёлета супрацоўнікамі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны быў выпушчаны каталог «Партызанскія рукапісныя часопісы Мінскай вобласці». Прэзентацыя выдання прайшла ў Мінскім абласным краязнаўчым музеі ў Маладзечне і была прысвечана 80-годдзю з дня заснавання Мінскай вобласці. Экзэмпляры кнігі ўжо цяпер можна пагартаць у раённых музеях і бібліятэках Міншчыны.

— Трэба сказаць, што рукапісныя часопісы — унікальная гістарычная крыніца, — расказвае дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Дзмітрый Шляхцін, — У музейным зборы налічваецца 248 адзінак партызанскіх рукапісных часопісаў, якія маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці катэгорыі «1». Музей па праве ганарыцца своеасаблівай «партызанскай энцыклапедыяй» аб жыцці, барацьбе і творчасці народных мсціўцаў. З побытавых замалёвак мы дазнаёмся пра штодзённы быт чалавека падчас вайны, тэксталагічны аналіз матэрыялаў паказвае стылі пісьма рэдактараў і аўтараў (трэба сказаць, што далёка не ўсе карэспандэнты мелі прафесійную адукацыю журналіста). Ёсць мастацкія тэксты, вершы і нават цэлыя паэмы на беларускай і рускай мовах. Нам сустракаліся інфармацыйныя тэксты — пра навіны з фронту, пра дзеянні саюзнікаў у Паўночнай Афрыцы.

Работа над каталогам пачалася ў 2008 годзе. Летась супрацоўнікі музея ўжо прэзентавалі каталог «Партызанскія рукапісныя часопісы Магілёўскай вобласці», а ў будучыні плануецца паўнавартаснае даследаванне гістарычных матэрыялаў з іншых абласцей. Ёсць шанц, што чытачы праз нейкі час змогуць дакрануцца і да факсімільнага выдання.

Наталля Філіповіч, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела пісьмовых і выяўленчых крыніц Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і аўтар-складальнік каталога, падзялілася найбольш цікавымі момантамі даследавання:

— На маю думку, у нас сёння сабрана найбольш поўная калекцыя рукапісных часопісаў. Мы пачыналі навуковае даследаванне калекцыі з партызанскіх часопісаў Магілёўскай вобласці (122 адзінкі), бо менавіта там з'явіўся першы часопіс за аўтарствам лясных байцоў. Што датычыцца Міншчыны, калекцыя налічвае 101 адзінку — гэта другая па колькасці выданняў вобласць. У каталогу мы рабілі акцэнт на гісторыі ўзнікнення кожнага атрада, на яго дзейнасці і на тых асаблівасцях, якія раскрываліся праз часопіс.

Па словах даследчыцы, кожнае выданне існавала ў адзінкавым экзэмпляры, гэткі эксклюзіў. Пасля таго, як гатовы нумар выходзіў у свет, яго чыталі, перадаючы з рук у рукі. Мэты і задачы рукапісных часопісаў былі адзіныя. Яны з'яўляліся адной з крыніц агітацыйна-прапагандысцкай і ідэйна-выхаваўчай работай сярод партызанаў. У гэтых самаробных «кніжачках» знаходзілася месца для вершаў, апавяданняў, гумару і нават красвордаў.

Як выглядае партызанскі часопіс? Нельга сказаць дакладна. Гэта можа быць сшытак або альбом самага рознага памеру. Матэрыялы друкавалі на машынцы ці пісалі ад рукі, а потым афармлялі малюнкамі — алоўкам, гуашшу ці нават звычайнай асадкай. Большасць малюнкаў выканалі самадзейныя партызанскія мастакі, але частка часопісаў ілюстравалася вядомымі беларускімі мастакамі Г. Бржазоўскім, М. Гурло, С. Лі, У. Сухаверхавым, Л. Бойкам. Рэдактарамі, як правіла, станавіліся сакратары партарганізацый, камандзіры, а вось склад аўтараў быў рознабаковы. Абсалютная большасць «пішучых» партызан адносілася да інтэлігенцыі, сярод іх высокай была доля настаўнікаў — каля 16 працэнтаў. З тэкстаў мы даведваемся пра тое, як людзі траплялі ў партызанскія брыгады, як яны жылі паміж баявымі аперацыямі. Тут пісалі не толькі пра подзвігі, але і пра негатыўныя бакі жыцця, высмейваліся выпадкі п'янства, марадзёрства, невыканання абавязкаў.

Такія факты важныя для людзей, якія займаюцца рэканструкцыяй ваенных падзей. Даследчыкаў жа зацікавяць спісы ўзнагароджаных і поўныя спісы ўдзельнікаў брыгады ці атрада, часта нават з фотаздымкамі або партрэтамі, — такім чынам можна дазнацца пра лёс асобнага чалавека.

— Мне вельмі шкада, што доўгі час ніхто не вывучаў партызанскія часопісы. Калі б работу, якую мы пачалі адносна нядаўна, правялі ў 1950—1960-я гады, сотні людзей, якім патрабавалася дакументальнае пасведчанне сваёй партызанскай дзейнасці, або родзічы, што хацелі вызначыць лёс сваякоў-партызанаў, маглі б атрымаць гэтыя звесткі, — падзялілася Наталля Іосіфаўна.

Цікава, што для партызанаў рукапісныя часопісы былі каштоўнасцю, напэўна, нароўні з сакрэтнымі паперамі. Калі для атрада наступала небяспечная сітуацыя, іх хавалі разам са штабнымі дакументамі.

«18 мая 1944 года, падчас адступлення перад перавышаючымі сіламі праціўніка і знаходжання ў бязвыхадным становішчы, наш часопіс «Большевик» разам са штабнымі дакументамі быў затоплены ў рэчцы паміж вёскамі Прыстань і Кабылічамі. Пасля чаго высушаны і зноў пушчаны ў масы», — пісаў адзін з камандзіраў партызанскага фарміравання.

— У грамадстве замацаваліся стэрэатыпы пра ваенныя падзеі, — адзначае Дзмітрый Шляхцін. — Напрыклад, хто такі ва ўяўленні некаторых людзей беларускі партызан? Барадаты дзядзька, які ў лапцях сядзіць на балоце і перыядычна выходзіць граміць нямецкія гарнізоны. Але ж насамрэч гэта далёка не так. Партызанскі рух быў добра адладжанай сістэмай, якая мела органы кіравання, цэнтральны штаб, планы дзеянняў. Канешне, за ўсім гэтым усё роўна стаяў чалавек, і пра яго мы стараемся расказваць. У музеі арганізавана вялікая экспазіцыя «Партызанскі шпіталь», сабрана калекцыя прадметаў, якімі людзі карысталіся кожны дзень. Уся гэта праца скіравана на тое, каб даць нам з вамі поўнае ўяўленне пра той складаны перыяд гісторыі. Зрабіць клопаты і радасці партызан блізкімі да разумення сучасных людзей.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

Загаловак у газеце: Летапіс вогненнага часу

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.