Вы тут

Што сёлета зменіцца ў міграцыйнай палітыцы?


Аб новаўвядзеннях, якія датычацца гэтай сферы, расказаў начальнік дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксей БЯГУН.


Падрыхтоўка да глабальных спартыўных падзей

Адным з найважнейшых пунктаў павінна стаць уступленне ў сілу пагаднення Рэспублікі Беларусь з Расійскай Федэрацыяй аб узаемным прызнанні віз ужо ў першым квартале гэтага года. Гэта звязана, у першую чаргу, з буйнымі спартыўнымі мерапрыемствамі: чэмпіянатам свету па футболе, які мае адбыцца ў Расіі гэтым летам, а таксама ІІ Еўрапейскімі гульнямі і чэмпіянатам свету па хакеі, якія пройдуць на тэрыторыі Беларусі ў 2019 і
2021 гадах адпаведна. Да першай спартыўнай падзеі на тэрыторыі дзвюх дзяржаў будзе створана рабочая група экспертаў, якія абмяркуюць рэжым перамяшчэння замежных грамадзян на матчы і транзітны праезд праз Беларусь. У перспектыве тая ж практыка распаўсюдзіцца на наступныя спартыўныя мерапрыемствы.

Само пагадненне заклікана ўмацаваць узаемадзеянне праваахоўных органаў дзвюх краін і павысіць эфектыўнасць ажыццяўлення міграцыйнай палітыкі. Пасля прыняцця пагаднення і іншых спадарожных дакументаў па кароткатэрміновым знаходжанні замежных грамадзян на тэрыторыі Беларусі і Расіі кампетэнтныя органы дзвюх краін наладзяць абмен інфармацыяй у анлайн-рэжыме аб выдадзеных і ануляваных візах: з'явяцца новыя інфармацыйныя банкі даных, што будзе спрыяць больш суладнай рабоце праваахоўнікаў, прагназаванню міграцыйных патокаў, іх аналізу і выпрацоўцы адпаведных кіраўніцкіх рашэнняў.

Па словах эксперта, спецыялісты дзвюх дзяржаў і зараз перыядычна абменьваюцца спісамі асоб, якія ў сілу розных абставін парушылі нормы заканадаўства. Прычым, у спісы ўключаюць не толькі парушальнікаў, але таксама тых людзей, уезд або знаходжанне якіх на тэрыторыі саюзнай дзяржавы забароненыя ці непажаданыя.

Асноўнае парушэнне — памылка ў падліках

Усяго за мінулы год па «бязвізе» Беларусь наведала каля 80 тысяч замежнікаў з 65 дзяржаў. Больш за ўсё гасцей з Германіі — 12,7 тысячы чалавек, Польшчы — каля 7,6 тыс., Італіі — 6,7 тыс. За ўвесь час дзеяння рэжыму зарэгістравана каля 500 парушэнняў. Па словах начальніка дэпартамента, падобныя лічбы асцярог не выклікаюць:

— Мы ўзмацнілі інфармацыйную работу сярод тых асоб, якія знаходзяцца на тэрыторыі нашай дзяржавы, у аэрапорце размясцілі два білборды, дзе на пяці мовах змяшчаецца інфармацыя аб асноўных аспектах знаходжання ў нашай краіне, падобная інфармацыя размешчана на ведамасным сайце МУС.

У асноўным парушаюць заканадаўства грамадзяне Еўрасаюза, якія дапускаюць нязначныя адступленні ад правілаў, звязаныя з рухам па тэрыторыі сумежных дзяржаў. Беларускія праваахоўнікі даволі лаяльныя да такіх парушэнняў, і, як правіла, абмяжоўваюцца штрафамі альбо папярэджаннямі. Да злосных парушальнікаў прымяняюцца больш сур'ёзныя санкцыі, аж да дэпартацыі і забароны на ўезд.

Каб змена рэжыму ўезду ў краіну не паўплывала на ўзровень бяспекі, папярэдне была праведзена вялікая сумесная работа ўсімі кампетэнтнымі дзяржаўнымі органамі. Дарэчы, раней пры атрыманні беларускай візы замежнік падаваў аб сабе шырокі спектр інфармацыі, які з дапамогай інфармацыйных рэсурсаў быў даступны праваахоўным органам. Цяпер жа пры ўездзе ў краіну дастаткова прадставіць толькі пашпартныя звесткі пры запаўненні міграцыйнай карты. Такім чынам у краіну прыбывае штодня каля 1,5 тысячы замежных грамадзян. Гэта істотная колькасць людзей, якія могуць паўплываць на ўзровень правапарушэнняў, як для Мінска ў прыватнасці, так і для краіны ў цэлым. Таму супрацоўнікам міліцыі даводзіцца ўвесь час быць напагатове: у выпадку неабходнасці правесці тлумачальную гутарку, прыцягнуць да адказнасці.

— Часам даводзіцца растлумачваць правілы паводзін у грамадскіх месцах, расказваць пра забарону распівання спіртных напояў. Некаторыя забываюць, што першымі суткамі знаходжання лічыцца дзень перасячэння дзяржмяжы, тым самым парушаючы дапушчальныя тэрміны. Гэта самае распаўсюджанае парушэнне сярод такой катэгорыі асоб, — адзначыў Аляксей Бягун.

Дарэчы, новаўвядзенні закрануць і рэгістрацыю замежнікаў. З красавіка паслуга рэгістрацыі замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія часова знаходзяцца ў Беларусі, стане даступнай праз адзіны партал электронных паслуг. Планавалася, што опцыя з'явіцца да канца 2017 года, але пакуль замежнікі, у якіх няма плацежных карт беларускіх банкаў, па тэхнічных прычынах не могуць аплаціць дзяржаўную пошліну ў АРІП без асабістага звароту ў банкі. Зараз жа прапрацоўваецца пытанне аб вызваленні замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія часова знаходзяцца ў Беларусі, ад выплаты дзяржаўнай пошліны пры рэгістрацыі ў электроннай форме.

Дар'я КАСКО

Загаловак у газеце: Працяг «бязвізу» і пагадненне з Расіяй

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.