Вы тут

Будучыня ад Ілана Маска


Неверагодныя прагнозы вынаходніка-мільярдэра.

Робаты-забойцы, электрычныя самалёты і каланізацыя Марса — гэта толькі частка неверагодных рэчаў, пра якія кажа вядомы бізнесмен і вынаходнік, прэзідэнт кампаній Tеslа і SрасеХ Ілан Маск. Вось некаторыя з яго найбольш смелых прагнозаў з нагоды падзей, якія чакаюць нашу цывілізацыю ў будучыні. Адзначым, што станоўчых навін для чалавецтва не вельмі шмат.


Усё паедзе на электрычнасці

За выключэннем касмічных караблёў, па словах Маска, усе транспартныя сродкі ў рэшце рэшт будуць працаваць на электраэнергіі. «Самалёты, марскія судны і ўсе іншыя віды транспарту будуць цалкам электрычныя. Не гібрыдныя, як многія цяпер, а цалкам электрычныя. Безумоўна», — заявіў Маск у інтэрв'ю часопісу Mаrkеtрlасе яшчэ ў 2015 годзе. Таксама ён паўтарыў сваё прадказанне на пасяджэнні Нацыянальнай асацыяцыі губернатараў у мінулым годзе. «Для мяне гэта наогул не пытанне. Увесь транспарт, за выключэннем хіба што касмічных ракет, будзе цалкам пераведзены на электраэнергію, — сказаў Маск. — Абсалютна ўвесь. Самалёты, цягнікі, аўтамабілі, марскія караблі. Пытанне заключаецца толькі ў тым, калі менавіта гэта адбудзецца».

У супрацоўніцтве з Bоrіng Соmраnу Маск таксама мае намер пабудаваць у Лос-Анджэлесе сетку падземных тунэляў, у якіх аўтамабілі будуць рухацца на электрычных платформах. Ён заявіў, што гэтыя электрычныя «сані» змогуць перамяшчаць аўтамабілі скрозь тунэль з хуткасцю каля 180 кіламетраў у гадзіну.

І паедзе без чалавека

Акрамя шкоднага для наваколля рухавіка ўнутранага згарання ў аўтамабіляў, а дакладней у кіроўцы, адбяруць яго асноўную функцыю — кіраванне транспартным сродкам. Праз 20 гадоў мець аўтамабіль, не здольны рухацца аўтаномна, без вашага ўдзелу, будзе такой ж рэдкасцю, як сёння мець каня, адзначыў Ілан Маск падчас тэлеканферэнцыі, прысвечанай фінансавай дзейнасці кампаніі Tеslа. «Я думаю, што ўсе аўтамабілі ў доўгатэрміновай перспектыве будуць пераведзены на аўтаномны рэжым кіравання. Па-мойму, хутка людзі будуць здзіўляцца, убачыўшы аўтамабіль, які не мае поўнай аўтаноміі, — сказаў ён. — Любыя аўтамабілі, якія будуць выпускацца без функцыі поўнага аўтаномнага кіравання, будуць неканкурэнтаздольныя. Гэта будзе ўсё роўна, што сёння купіць каня. Вы можаце так зрабіць толькі выключна з сваіх глыбока сентыментальных прычын».

Да 2025 года паляцім на Марс?

Летась у кастрычніку Ілан Маск выступаў на Міжнародным кангрэсе астранаўтыкі і падзяліўся падрабязнасцямі свайго плана: выкарыстоўваць дасягненні кампаніі SрасеХ, каб дазволіць людзям да 2025 года дасягнуць Марса. Ён сказаў, што мае намер адправіць пілатуемы касмічны карабель на Марс у 2024 годзе. Аднак малаверагодна, што астранаўты змогуць здзейсніць пасадку на Чырвонай планеце ўжо да 2025 года. Бізнесмен таксама заявіў, што ў канчатковым выніку ён плануе каланізаваць Марс і «зрабіць яго добрым месцам для жыцця людзей».

Робаты захопяць рынак працы

Выступаючы ў лютым мінулага года на V Сусветным урадавым саміце ў Дубаі, Ілан Маск адзначыў, што развіццё аўтаномнага транспарту нанясе сур'ёзны ўдар па рынку працы. На яго думку, аўтаматызацыя прывядзе да таго, што «ўсё менш застанецца вытворчых відаў работы, якую робат не зможа зрабіць лепш за чалавека».

Штучны інтэлект для людзей больш небяспечны, чым ядзерная зброя

Выпрабаванні ракет у Паўночнай Карэі прымусілі многіх людзей затурбавацца з нагоды магчымай ядзернай вайны. Аднак, Маск неаднаразова заяўляў, што ёсць нешта значна больш небяспечнае, чым ядзерная зброя. «Па-мойму, самая вялікая пагроза, з якой мы сутыкаемся як цывілізацыя — гэта штучны інтэлект», — сказаў Маск у ліпені.

Летась восенню Маск напісаў у сваім «Твітары», што «канкурэнцыя паміж краінамі за перавагу ў сферы ШІ на сусветным узроўні», хутчэй за ўсё, стане прычынай пачатку Трэцяй сусветнай вайны. Ён напісаў гэты каментарый у «Твітары» пасля таго, як на некалькі дзён раней расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін заявіў, што тая краіна, якая стане першай у вобласці ШІ, «будзе кіраваць светам».

«Базавы даход» для многіх

«Існуе немалая верагоднасць таго, што ў выніку ўсеагульнай аўтаматызацыі мы прыйдзем да ўніверсальнага базавага даходу або нейкай яго альтэрнатывы. Я не ведаю, які яшчэ выхад існуе з гэтай сітуацыі. Па-мойму, гэта менавіта тое, што адбудзецца», — сказаў Маск у інтэрв'ю СNBС. У ліпені падчас пасяджэння Нацыянальнай асацыяцыі губернатараў бізнесмен ізноў паўтарыў гэта прадказанне. «Я думаю, што ў канчатковым выніку мы атрымаем універсальны базавы даход. На мой погляд, мы прыйдзем да неабходнасці такога кроку», — сказаў ён. Цікава, ці задумваўся мільярдэр пры гэтых словах пра краіны, у якіх эканамічнае становішча не такое трывалае, як у асноўных гігантаў Захаду, Азіі ці Амерыкі?

Кібаргам лягчэй выжыць

Людзі будуць вымушаныя да некаторай ступені ператварыцца ў робатаў, выключна ў мэтах выжывання, сказаў Маск на тым жа Сусветным урадавым саміце ў Дубаі. «З часам, я мяркую, мы, верагодна, убачым больш цеснае зліццё біялагічнага і лічбавага інтэлекту. У асноўным гэта праблема звязаная з прадукцыйнасцю і хуткасцю сувязяў паміж нашым мозгам і яго лічбавай версіяй, уласна кажучы, знешняй яго часткай, — сказаў Маск. — Нейкі высокапрадукцыйны інтэрфейс стане тым, што дапаможа дасягнуць сімбіёзу паміж чалавечым і машынным інтэлектам. Магчыма, менавіта гэта дазволіць вырашыць праблему кіравання штучным інтэлектам, а заадно і ліквідаваць пагрозу нашай бескарыснасці».

Робаты — смяротная зброя

«Ужо сёння існуюць робаты, якія могуць навучыцца хадзіць «з нуля» на працягу некалькіх гадзін. Гэта ў шмат разоў хутчэй, чым любая біялагічная істота», — сказаў Маск, звяртаючыся да аўдыторыі Нацыянальнай асацыяцыі губернатараў. «Самае небяспечнае, што можа быць — гэта што-небудзь накшталт глыбокага аналізу даных у сеціве. Вы пытаецеся, якая шкода можа быць ад глыбокага аналізу даных у сеціве? Ну, напрыклад, можна пачаць вайну, выпусціўшы фальшывыя навіны і падмяніўшы рэальныя ўліковыя запісы электроннай пошты, зрабіўшы падробленыя прэс-рэлізы або проста маніпулюючы інфармацыяй. Пяро значна больш магутная зброя, чым меч».

Іван КУПАРВАС

Выбар рэдакцыі

Культура

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Беларускаму складніку Тахелеса прысвечаны арт-фестываль «Міфалагема тысячагоддзя», што адкрыўся ў прасторы Ок16 15 жніўня.

У свеце

Як развіваецца глабальнае супрацьстаянне ЗША і Кітая?

Як развіваецца глабальнае супрацьстаянне ЗША і Кітая?

Супярэчнасці ў адносінах паміж Вашынгтонам і Пекінам абвастраюцца, і іх можна смела называць гандлёвай вайной.

Грамадства

Якім павінен быць вучэбны дапаможнік у ХХІ стагоддзі?

Якім павінен быць вучэбны дапаможнік у ХХІ стагоддзі?

З 50 выданняў, якія павінны з'явіцца на школьных партах да 1 верасня, 48 ужо надрукаваныя.

Здароўе

Якія аперацыі беларускія афтальмолагі робяць пры катаракце, глаўкоме і іншых хваробах вачэй

Якія аперацыі беларускія афтальмолагі робяць пры катаракце, глаўкоме і іншых хваробах вачэй

Экзапратэзаванне арбіты не робіцца больш ні ў адной з краін СНД.