Вы тут

У Міністэрстве адукацыі агучылі асноўныя задачы на найбліжэйшы год


«У сучасным свеце ўстойлівае сацыяльна-эканамічнае развіццё шмат у чым залежыць ад узроўню і якасці адукацыі. Сістэма адукацыі павінна быць гнуткай, адказваць на глабальныя выклікі, змяняцца і ўдасканальвацца ў інтарэсах чалавека, грамадства і дзяржавы», — такую думку агучыў на выніковай калегіі свайго ведамства міністр адукацыі Ігар КАРПЕНКА.


— Таму кожнае прынятае намі летась кіраўніцкае рашэнне абмяркоўвалася з прафесіяналамі, навукоўцамі, педагогамі-практыкамі, Саветам рэктараў, дырэктарскім корпусам, дэпутатамі, грамадска-кансультацыйным саветам, створаным пры міністэрстве, галіновым прафсаюзам, бацькамі навучэнцаў, неабыякавымі грамадзянамі. А найбольш маштабныя праблемы разглядаліся з удзелам кіраўніка дзяржавы на Рэспубліканскім педагагічным савеце і ІІ З'ездзе вучоных, — падкрэсліў міністр. — Закладваючы перспектыўную заканадаўчую базу, мы не забывалі і пра бягучыя пытанні. Так, быў зменены шэраг важных прававых актаў, якія дзейнічалі ў сістэме адукацыі: Палажэнне аб атэстацыі педагагічных работнікаў, аб папячыцельскім савеце, бацькоўскім камітэце і іншыя. Але галоўнае — нам удалося «разварушыць» сістэму, актуалізаваць яе ролю і месца ў сучасным беларускім грамадстве, намеціць прыярытэтныя кірункі паступальнага развіцця.

Курс — на незалежную атэстацыю

Значныя змены адбыліся ў змесце агульнай сярэдняй адукацыі. Летась былі перапрацаваныя навучальныя праграмы па ўсіх прадметах. Выдадзены 41 новы падручнік: іх рыхтавалі з улікам узроставых асаблівасцяў навучэнцаў, заданні насычаны нацыянальным кантэнтам, дапоўнены электроннымі адукацыйнымі рэсурсамі, цікава аформлены. Да 1 верасня 2019 года ў адпаведнасці з даручэннем кіраўніка дзяржавы будуць абноўлены ўсе падручнікі, але маніторынг зместу навучальных праграм, падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў, унясенне ў іх неабходных карэкціровак будуць працягваецца.

— Для павышэння адказнасці навучэнцаў за вынікі вучобы міністэрствам ужо прынятае рашэнне аб увядзенні з наступнага навучальнага года нездавальняючых адзнак у V—ХІ класах: «1» і «2» балы, — паведаміў Ігар Карпенка. — Пакідаць на другі год вучняў з нездавальняючымі гадавымі адзнакамі мы пакуль не плануем. А вось у перспектыве, пасля ўвядзення інстытута незалежнай атэстацыі, якая павінна праводзіцца пры наяўнасці надзейных метадаў ацэньвання, крытэрыяў адкрытасці, празрыстасці і даступнасці інфармацыі, дакладных механізмаў зваротнай сувязі, кожны выпускнік атрымае аб'ектыўны адказ на пытанне, якую траекторыю далейшага навучання яму трэба абраць. Гэта будзе спрыяць павышэнню матывацыі ў выбары будучай прафесіі.

Між іншым, у гэтым годзе беларускія школьнікі ўпершыню будуць удзельнічаць у міжнародным даследаванні адукацыйных дасягненняў навучэнцаў РІSА (Рrоgrаm fоr Іntеrnаtіоnаl Studеnt Аssеssmеnt). Вясной мінулага года ўжо адбыўся пробны этап, які паказаў, што тэхнічна і арганізацыйна Беларусь да даследавання падрыхтаваная.

Па прафесію — у тэхнапарк

— Для прадастаўлення роўных магчымасцяў у атрыманні якаснай адукацыі прынята прынцыповае рашэнне: экзаменаў у 5-ы клас гімназій больш не будзе, — падкрэсліў Ігар Карпенка. — Прэзідэнтам ужо падпісаны адпаведны ўказ. У сувязі з гэтым нам неабходна распрацаваць комплекс нарматыўных мер па рэалізацыі палажэнняў указа, пачынаючы з падтрымкі таленавітых і адораных навучэнцаў і заканчваючы стварэннем нацыянальнай сістэмы ацэнкі якасці адукацыі. Будуць распрацаваны новыя падыходы ў выніковай атэстацыі выпускнікоў ІХ і ХІ класаў, створана рэспубліканская структура па ацэнцы якасці адукацыі ў цэлым. Разам з тым мы выдатна разумеем, што якасць адукацыі — не толькі высокі бал атэстата. Перш за ўсё — гэта паспяхова ўладкаваны ў жыцці чалавек, яго светапоглядны стрыжань і актыўная грамадзянская пазіцыя. Асаблівая роля ў гэтым належыць прафарыентацыйнай рабоце.

Ігар Карпенка паставіў задачу: з наступнага навучальнага года прафесійнай падрыхтоўкай рабочых і служачых на базе ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі павінна быць ахоплена максімальная колькасць вучняў Х—ХІ класаў. Разам з тым патрабуюцца інавацыйныя падыходы ў арганізацыі прафарыентацыйнай работы.

Сёння Міністэрства адукацыі сумесна з вядучымі ўніверсітэтамі прапрацоўвае пытанне арганізацыі дзейнасці дзіцячага тэхнапарка. Работа з адоранымі і таленавітымі дзецьмі павінна быць сканцэнтраваная не толькі на развіцці творчых музычных, артыстычных здольнасцяў, але і матываваць да тэхнічнай творчасці і навуковага пошуку. У сценах дзіцячага тэхнапарка школьнікі змогуць паспрабаваць сябе ў будучай прафесіі, у навуцы, канструяванні і вынаходніцтвах. З гэтай мэтай вывучаўся вопыт суседзяў: дзейнасць у Расіі кванторыумаў і адукацыйнага цэнтра «Сірыус» у Сочы. У Беларусі таксама хапае напрацовак у гэтым кірунку, таму асноўнай задачай цяпер з'яўляецца стварэнне адпаведнай базы.

Для павышэння прэстыжнасці рабочых прафесій, узмацнення прафарыентацыйнай работы выкарыстоўваецца патэнцыял конкурсу прафесійнага майстэрства WоrldSkіlls. У 2017 годзе беларуская каманда заваявала 2 залатыя, 21 сярэбраны і 6 бронзавых медалёў на Міжнародным чэмпіянаце краін-членаў Еўразійскай прасторы ў Краснадары; 2 медалі — «серабро» і «бронзу» — на нацыянальным чэмпіянаце ў Шанхаі. А на 44-м Міжнародным чэмпіянаце ў Абу-Дабі беларускія канкурсанты занялі 16 месца з 59 краін. Зараз да гэтага руху ў рамках JunіоrSkіlls далучаюцца больш юныя навучэнцы. У бягучым годзе пройдзе ўжо трэці нацыянальны чэмпіянат прафесійнага майстэрства WоrldSkіlls Bеlаrus — 2018.

Удасканаленне адбору

На ўзроўні вышэйшай адукацыі дзейнасць міністэрства была накіравана летась на аптымізацыю структуры, аб'ёмаў і павышэнне якасці падрыхтоўкі спецыялістаў: уводзіліся новыя спецыяльнасці, змест тэстаў прыводзіўся ў адпаведнасць са школьнай праграмай, абітурыентам прадаставілі права здаваць чатыры прадметы на ЦТ, тэрмін дзеяння сертыфікатаў падоўжылі на два гады, а колькасць рэзервовых дзён была павялічана.

— Работа над удасканаленнем правілаў прыёму будзе працягвацца і надалей, — запэўніў міністр. — Я маю на ўвазе павелічэнне парогавага значэння ЦТ, патрабаванні да стажу працы для выпускнікоў школ, якія выбралі завочнае навучанне, гутарку пры прыёме на спецыяльнасці, звязаныя з кіраваннем, замацаванне кампетэнцыі міністэрства на ўвядзенне профільнага іспыту, бо пры залічэнні мы павінны бачыць не толькі балы і лічбы, але найперш чалавека!

Распачата і будзе праводзіцца мэтанакіраваная работа па скарачэнні колькасці незапатрабаваных спецыяльнасцяў і спецыяльнасцяў, якія не адпавядаюць кірунку дзейнасці канкрэтнай ВНУ, узбуйненні і аб'яднанні роднасных спецыяльнасцяў, увядзенні новых.

Так, у 2017 годзе на першай ступені вышэйшай школы ў сувязі з немэтазгоднасцю падрыхтоўкі былі ануляваныя 8 спецыяльнасцяў, 19 кірункаў спецыяльнасцяў і 17 спецыялізацый. На другой — 5. Адначасова было ўведзена 10 і 8 новых спецыяльнасцяў адпаведна.

Каго рыхтаваць і як?

Намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Васіль ЖАРКО, які ўзяў удзел у калегіі, паставіў перад сістэмай адукацыі шэраг задач і звярнуў увагу на пытанні арганізацыйнага плана. У прыватнасці, да канца лютага трэба вызначыцца з тэрмінамі навучання ва ўстановах адукацыі Беларусі, незалежна ад іх ведамаснай прыналежнасці і формы ўласнасці.

— Сёння ў адной ВНУ эканамістаў рыхтуюць чатыры з паловай гады, а ў іншай — чатыры гады. Павінен дзейнічаць адзіны стандарт падрыхтоўкі для ўсіх, а палітыку ў гэтым пытанні павінны вызначаць вядучыя профільныя ВНУ, — зазначыў віцэ-прэм'ер. — У краіне мадэрнізуюцца прадпрыемствы, будуюцца новыя, робяцца сур'ёзныя крокі да развіцця лічбавай эканомікі. Падпісаны адпаведны дэкрэт. Нам патрэбны спецыялісты, здольныя працаваць на сучасным абсталяванні, кіраваць складанымі тэхналагічнымі працэсамі. Разам з тым многія ССНУ і ВНУ сёння выпускаюць спецыялістаў учарашняга дня, і, як адзначаюць работадаўцы, іх прыходзіцца давучваць і перавучваць. Сітуацыю трэба ў корані змяніць. Да 1 жніўня неабходна забяспечыць распрацоўку ці дапрацоўку праграмнай дакументацыі па ўсіх узроўнях прафесійнай адукацыі, выключыць непатрэбныя дысцыпліны, якія не маюць дачынення да падрыхтоўкі па канкрэтнай спецыяльнасці. Трэба ўзмацніць практычны складнік адукацыйнага працэсу, асвойваць новыя перспектыўныя кірункі падрыхтоўкі. Навука і тэхналогіі не стаяць на месцы, і сфера адукацыі павінна ісці ў нагу з іх развіццём, а лепш апярэджваць.

Васіль Жарко зазначыў, што не ВНУ будуць вызначаць, каго і колькі ім набіраць на навучанне. Патрэбу ў кадрах будуць фарміраваць Міністэрства працы сумесна з міністэрствамі эканомікі і адукацыі — з улікам патрэб рынку працы, балансу працоўных рэсурсаў і дэмаграфічных прагнозаў. Кожная лічба павінна быць абгрунтаваная.

Пад персанальную адказнасць

Намеснік прэм'ер-міністра таксама звярнуў увагу на важнасць захавання даступнасці дашкольнай адукацыі на вёсцы.

— У кожным аграгарадку павінен быць дзіцячы сад ці дзіцячы сад — школа. Калі не будзе такіх устаноў, то не будзе ў сяла і будучыні. Вельмі балючае пытанне — закрыццё школ. Такія рашэнні трэба старанна
прадумваць, уважліва ўнікаць у кожную сітуацыю, а не гнацца за ўяўнай эканоміяй, трэба гутарыць з насельніцтвам, тлумачыць, пераконваць. Можа, дзесьці ўжо не патрабуецца захаванне базавай школы, дык пакіньце там пачатковую і не вазіце малечу за 15—20 кіламетраў ад дома. Прашу звярнуць увагу: з гэтага года ўсе рашэнні аб закрыцці і рэарганізацыі школ будуць прымацца толькі са згоды міністра адукацыі, і ён будзе несці перад урадам персанальную адказнасць за абгрунтаванасць такіх рашэнняў, — папярэдзіў Васіль Жарко.

Спыніўся намеснік прэм'ер-міністра і на «праблеме з барадой»: «Шмат гаварылася пра выкананне неўласцівых функцый настаўнікамі, але ў некаторых школах гэта практыка па-ранейшаму захоўваецца, — адзначыў ён. — Здавалася б, прынятая пастанова аб абмежаванні дакументаабароту ў школах, а папяровая валакіта працягваецца. Напрыклад, у адной з мінскіх школ ад настаўнікаў патрабуюць справаздачу аб правядзенні канікул навучэнцамі, у іншай — справаздачу аб самаадукацыі. І такіх прыкладаў шмат, дык пастаўце, нарэшце, кропку ў гэтым пытанні, давядзіце да кожнага дырэктара школы, настаўніка сваю пастанову і забяспечце жорсткі кантроль за яе выкананнем. У такім рэчышчы трэба працаваць і па іншых пытаннях. Вы вызначаеце палітыку ў адукацыі і павінны забяспечыць эфектыўны кантроль за яе рэалізацыяй».

«Паколькі ацэнку работы школы і настаўнікаў даюць бацькі навучэнцаў, то да іх меркавання трэба абавязкова прыслухоўвацца, — упэўнены Васіль Жарко. — З верасня школы працуюць па абноўленых вучэбных планах, але ці ўсе пытанні з перагружанасцю вучэбных праграм вырашаны? Думаю, што трэба правесці сустрэчу з бацькамі школьнікаў, выслухаць іх думкі і прапановы і пры неабходнасці ўнесці карэктывы».

Погляд знутры

— Многія пакаленні вучняў выраслі на зазубрыванні вучэбнага матэрыялу, але тыя, хто крытыкуюць у сувязі з гэтым сучасную школу, не маюць рацыі, — падзялілася сваімі думкамі з удзельнікамі калегіі настаўнік беларускай мовы і літаратуры Баравухскай сярэдняй школы № 15 горада Наваполацка, пераможца Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагогаў «Настаўнік года — 2017» Святлана РУМЯНЦАВА. — Школа імкнецца навучыць дзяцей самастойна здабываць веды, навучыць вучыцца. Новыя праграмы і падручнікі — толькі адна з гэтых умоў, але вельмі важная. Мы, настаўнікі, вельмі рады таму, што Міністэрства адукацыі прыслухоўваецца да нашых канкрэтных прапаноў па іх паляпшэнні, заахвочвае да працы над вучэбнымі дапаможнікамі настаўнікаў-практыкаў. І выдатна, што тыя падручнікі, якія паступілі ў школы для вучняў 7 класа, адлюстроўваюць у адзінстве і логіку навукі, і логіку праграмы, і логіку развіцця асобы. Я хоць і з'яўляюся настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, але магу так казаць не толькі пра падручнік па літаратуры, бо водгукі калег (настаўнікаў іншых прадметаў), пацвярджаюць гэта. Новыя падручнікі — інфарматыўныя, наглядныя, яны звязваюць вучэбны матэрыял з дадатковай і сумежнай літаратурай, пабуджаюць да самаадукацыі і творчасці. Лічу, што спасылкі ў базавых падручніках, якія рыхтуюцца зараз, павінны быць не толькі на электронныя рэсурсы Нацыянальнага інстытута адукацыі, але і на распрацоўкі настаўнікаў-метадыстаў, іншых творчых настаўнікаў-практыкаў. Чым больш шырокі будзе банк даных, тым больш якасна будзе засвойвацца абноўлены змест адукацыі.

Вельмі важнай умовай для таго, каб навучыць дзяцей вучыцца, Святлана Румянцава лічыць і пераход ад інфарматыўных да актыўных метадаў навучання, якія ўключаюць элементы праблемнасці, пошуку, шырокае выкарыстанне рэзерваў самастойнай работы вучняў.

«Практыка сведчыць, што выбар тэхналогій на ўроку вызначаецца і наяўнасцю адпаведных сродкаў навучання, і асаблівасцямі вучняў, і часавым рэсурсам і перавагамі настаўніка. Самым важным крытэрыем выбару, безумоўна, з'яўляецца мэтавая накіраванасць тэхналогіі «Для чаго?» Спашлюся на ўласны досвед: доўгі час вывучала і ўводзіла у практыку работы тэхналогію развіцця крытычнага мыслення праз чытанне і пісьмо, стратэгію актыўнай ацэнкі, і магу з упэўненасцю сказаць, што яны дазваляюць максімальна задзейнічаць магчымасці, веды і інтарэсы вучняў для павышэння выніковасці навучальнага працэсу, развіцця інтэлектуальных і творчых здольнасцяў дзіцяці», — зазначыла Святлана Румянцава.

— Будучых настаўнікаў трэба рыхтаваць у ВНУ ў практычным ключы, — дадала яна. — Падтрымліваць і дапамагаць ім на пачатку кар'еры. Развіваць на разнастайных метадычных мерапрыемствах. Менавіта тады спалучэнне высокай духоўнасці настаўніка, удасканаленага зместу адукацыі і сучасных адукацыйных тэхналогій дазволяць дасягнуць такой якасці адукацыі, якая будзе адпавядаць патрабаванням беларускага грамадства і дзяржавы.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ і БЕЛТА

Загаловак у газеце: Не толькі высокі бал атэстата...

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.